Купалаўцы пакажуць сваю «Паўлінку»

Гледачы ўбачаць спектакль з арыгінальным фіналам.

76 гадоў таму, знаходзячыся ў эвакуацыі, тэатр даў прэм’еру «Паўлінкі» паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы. Тады рэжысёр Леў Літвінаў палічыў фінал занадта змрочным для ваеннага часу, і зрабіў яго шчаслівым яднаннем закаханай пары.

Цяпер тэатр у выгнанні рэйнкарнаваў спектакль, што стаў легендай. 23 траўня 2021 года на YouTube-канале незалежнай трупы «Купалаўцы» будзе паказаная іншая «Паўлінка» – тыя ж «сцэны са шляхоцкага жыцця», але менавіта з фіналам, які напісаў сам Янка Купала.

– Паводле купалаўскай традыцыі, пасля апошняй фразы апошняга спектакля ў сезоне кожны артыст мусіць гучна і ёмка адвесіць са сцэны «Усё», тым самым сімвалічна завяршаючы сезон, – напісалі акцёры, анансуючы спектакль.

– Мы прайшлі складаны шлях і працягваем несці далей тыя каштоўнасці, якія даверыла нам старэйшае пакаленне легендарных Купалаўцаў. Наша прэм’ера – тое самае гучнае сімвалічнае «Усё». Мы ідзём далей, але цяпер ужо новым свабодным шляхам, пакідаючы там, у гісторыі, усё найлепшае, што адбывалася з намі, усё горкае, што вучыла нас жыццю, усіх тых, хто да канца застанецца роднымі і блізкімі, як бы нас ні раскідвала па акопах.

У пастаноўцы занятыя рэжысер, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Пінігін, народныя артысты Беларусі Зоя Белахврсцік і Віктар Манаеў, заслужаны артыст РБ Ігар Сігоў, Алег Гарбуз, Яўгенія Кульбачная, Кацярына Алейнікава, Павел Астравух, Дзмітрый Тумас, Наталля Качаткова і іншыя. Прэм’ера а 19 гадзіне на канале Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)