Политика
Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё

Куды знікаюць вядомыя апазіцыйныя палітыкі пасля выбараў?

Еўрарадыё адшукала Ўладзіміра Ганчарыка, Сямёна Домаша, Міхаіла Чыгіра ды іншых некалі вядомых палітыкаў і даведалася, чым яны сёння займаюцца.

Як паведамляла Еўрарадыё, чуткі пра тое, што экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін збіраецца ў пошуках працы пакінуць Беларусь, не спраўдзіліся. Больш за тое, паводле слоў палітыка, ён гатовы супрацоўнічаць з тымі палітычнымі сіламі і падтрымліваць тыя іх ініцыятывы, якія абяцаюць даць станоўчы вынік.

Аляксандр Казулін: “Я шукаю тую працу, дзе я магу знайсці сабе прафесійнае прымяненне. Але гэта ні ў якой ступені не азначае, што я збіраюся з’ехаць з краіны. Што ж тычыцца супрацоўніцтва, то я гатовы падтрымліваць усё тое добрае, што дае вынік”.

Пакуль жа Аляксандр Казулін амаль увесь свой час аддае сям’і.

Яшчэ адзін "патэнцыйны" кандыдат у прэзідэнты, былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір сёння не толькі цалкам адышоў ад палітыкі, але і ўвогуле вырашыў стаць “прафесійным” пенсіянерам.

Міхаіл Чыгір: “Мне споўнілася 60 гадоў, я атрымліваю пенсію. Праўда, не прэм’ерскую. Жыву за горадам, і працы мне тут хапае. А палітыка…. Якая тут можа быць палітыка? Я ўжо займаўся палітыкай. Пацярпела мая сям’я, сам адседзеў, сына ні за што пратрымалі ў турме…. Навошта мне на сённяшні дзень такая палітыка? Каб ізноў усё гэта адбылося?”

Іншае стаўленне да жыцця ў калегі Міхаіла Чыгіра па імкненні стаць прэзідэнтам, былога міністра замежных спраў Міхаіла Марыніча. Ён хоць і адсядзеў таксама ў турме і здароўе там страціў, але працы не кідае.

Міхаіл Марыніч: “Даводзіцца зарабляць на жыццё і лекцыямі, і нейкімі публікацыямі. У мяне шырокая аўдыторыя: і ў ЗША, і ў Нямеччыне, і ў нашых суседзяў. Але ўлічваючы, што пасля турмы ў мяне не шмат здароўя і часта даводзіцца лячыцца, то я раблю гэта па магчымасці. Сістэмна не атрымліваецца”.

Былы прафсаюзны лідэр Уладзімір Ганчарык, таксама экс-кандыдат у прэзідэнты, знаходзіцца ўжо на пенсіі, але па-ранейшаму вядзе актыўны лад жыцця. Кажа, пенсія ў яго не вялікая, і, каб нармальна жыць, даводзіцца працаваць. Апошнія некалькі гадоў ён супрацоўнічаў з прафсаюзнымі арганізацыямі ў Маскве, але цяпер вярнуўся на радзіму. Чытае лекцыі і дае кансультацыі.

Уладзімір Ганчарык: “Працаваў некаторы час з арганізацыямі ў Маскве. За гэты час напісаў 2 кніжкі. Адна звязаная з прафсаюзамі, а другая з палітычнай дзейнасцю — прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года і апошнімі выбарамі. А так займаюся чытаннем лекцый і некаторай палітычнай дзейнасцю — кантакты, кансультацыі і гэтак далей”.

Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 2001 года і былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Домаш. Не дайшоўшы да канца перадвыбарнага марафона, ён зняў сваю кандыдатуру на карысць Уладзіміра Ганчарыка. Але калі апошні знайсці сабе працу не змог, то Сямён Домаш зараз займае адказную пасаду генеральнага дырэктара прадпрыемства “Гродзенскае вытворчае скураное аб’яднанне”. Праўда, расказаць, як яму працуецца на гэтай пасадзе, былы кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі не захацеў.

Сямён Домаш: “Я не магу на гэтую тэму размаўляць”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, праціўнік Аляксандра Лукашэнкі па першых прэзідэнцкіх выбарах Станіслаў Шушкевіч прызнаўся Еўрарадыё, што проста вымушаны зарабляць сабе грошы на жыццё.

Станіслаў Шушкевіч: “У мяне крадзе мае грошы Лукашэнка асабіста, бо мая пенсія складае сёння крыху больш за 1 еўра ў месяц — 3200 рублёў. І гэта згодна з яго асабістым ўказам”.

Каб выжыць, прафесар Шушкевіч чытае лекцыі па ўсім свеце — ад Польшчы і Украіны да ЗША і Японіі.

Не менш цяжка сёння сябе пачуваюць і іншыя палітыкі, якія ў свой час увайшлі ў апазіцыю сённяшняй уладзе. Пасля вызвалення з турмы былы дэпутат Андрэй Клімаў вымушаны шмат часу праводзіць у лякарнях, каб выправіць сваё здароўе. Астатні час ён прысвячае сям’і, хатнім клопатам і піша біяграфічную кнігу. Недзе працаваць, кажа, няма ні магчымасці, ні здароўя. Яго калега Уладзімір Парфяновіч прызнаўся, што жыве на пенсію ў 340 тысяч рублёў. Думаў заняцца нейкім бізнесам у адной з краін з блізкага замежжа, але крызіс парушыў планы. Стаць жа прадпрымальнікам на радзіме для яго, кажа, раўназначна самагубству. Не можа ўладкавацца на працу і былы дэпутат, палітвязень Сяргей Скрабец. Спіс можна працягваць

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)