Куды сышла «Міс Беларусь» з АНТ?
Нядаўна Вольга Хіжынкова звольнілася з пасады прэс-сакратара дзяржаўнага тэлеканала.
«Я перайшла на такую самую пасаду ў Беларускі рэспубліканскі саюз спажывецкіх таварыстваў (спажыўкааперацыя), — кажа спадарыня Вольга. — Вось сёння першы дзень, як выйшла на працу. Рэч у тым, што ў мяне змяніліся сямейныя абставіны: я выйшла замуж, а праца на тэлеканале займае вельмі шмат часу. Праца на АНТ не мае рамак — можна пайсці на працу ранкам, а вярнуцца позна ноччу. Мой муж быў гэтым не вельмі задаволены».
Аб працы на АНТ Вольга Хіжынкова расказвае з задавальненнем.
«Гэта быў выдатны час, мне было вельмі проста працаваць у гэтым калектыве — я ўсіх ведала яшчэ да таго, як прыйшла туды. Усе калегі мяне вельмі падтрымлівалі. На новым месцы, канечне, складаней — даводзіцца прызвычайвацца да новых умоваў і калектыву. А пра час працы на АНТ я не шкадую, гэта было добра».
Цікава, што Белкаапсаюз мае найменшы сярэдні заробак сярод міністэрстваў і дзяржустановаў. У лістападзе 2012 года супрацоўнікі там зараблялі ўсяго 2,9 мільёна рублёў. Гэта менш за $ 350 у эквіваленце.
Вольга Хіжынкова нарадзілася ў 1986 годзе ў вёсцы Забароўе Віцебскага раёна. Скончыла вучылішча лёгкай прамысловасці ў Віцебску, працавала кіраўніком гуртка тэатра моды. Пасля атрымала адукацыю ў Інстытуце журналістыкі БДУ. У 2008 годзе Вольга Хіжынкова перамагла ў конкурсе Міс Беларусь. З чэрвеня 2012 года працавала ў прэс-службе АНТ. У верасні 2012 года выйшла замуж за Івана Марозава, з якім знаёмая шэсць год.
Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное