Женщины

Кацярына Батлейка

Ксіша Анёлава: «Калі заўтра ўсё скончыцца і палітзняволеныя выйдуць, я ўсё роўна намалюю ўсіх, хто там быў»

Як беларуская мастачка малюе партрэты палітзняволеных і выстаўляе іх па свеце.

Ксіша Анёлава — беларуская мастачка, іканапісец і ўнучка рэпрэсаванага першага рэктара БНТУ Ніканора Ярашэвіча. У 2020 годзе жанчына пачала маляваць партрэты палітычных зняволеных — спачатку пад псеўданімам свайго рэпрэсаванага дзеда, а пасля і ад уласнага імя. Зараз у арсенале мастачкі каля 600 партрэтаў. Нядаўна яны выстаўляліся ў Еўрапарламенце, пасля чаго зноўку адправіліся ў падарожжа па гарадах.

— Зараз я жыву ў Польшчы і пішу не толькі ікону, а яшчэ партрэты палітычных зняволеных, — кажа «Салідарнасці» мастачка.— Ведаеце, баюся казаць пра храм, дзе ёсць мае працы, бо пасля аднаго майго інтэрв’ю прыйшлі і знялі іконы. Такі пераслед, бо яны распазнаюць жыццё ва ўсім, нават калі гэта ікона ў храме. Тое, што я малюю палітзняволеных — гэта абет Богу: буду маляваць іх, пакуль яны ўсе не выйдуць. І гэта не прадыктавана доўгам — гэта працяг маёй думкі, што з гвалтам інакш немагчыма. Таму я не спыняюся.

Выстава КсішыАнёлавай «Беларускі мартыралог» у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу. Фота з тэлеграм-каналу «Парламентский канал»

Мастачка распавяла «Салідарнасці», чаму з’ехала з Беларусі пасля смерці Рамана Бандарэнкі, ці складана эмацыянальна маляваць палітзняволеных ва ўмовах, калі іх колькасць увесь час павялічваецца, і які адбітак на яе наклала сямейная гісторыя, звязаная з рэпрэсіямі.

— Забойства Рамана Бандарэнкі — гэта быў такі гэст пашырэння рэпрэсій з боку ўлады, які сведчыў аб тым, што яны не спыняцца, а будзе яшчэ горш.  Так, забойствы былі і ў жніўні 2020 года, але мне спатрэбіўся яшчэ час на рэфлексію, і забойства Рамана было апошняй кропляй. Для мяне гэта быў пераломны момант.

Я зразумела, што больш не змагу захоўвацца моўчкі на гэтую падзею і маё хрысціянства просіць выказвання. У маёй царкве вучылі не маўчаць, калі кагосьці забіваюць, і адказваць на зло. Не злом, а сваім унутраным пратэстам, які ў мяне ёсць.

На жаль, гэта ўсё працягваецца, у тым ліку забойствы. Вось нядаўна памёр Алесь Пушкін…У маім спісе 24 чалавекі, якія былі забітыя рэжымам пасіўна ці актыўна.

З 2020 года мастачка намалявала каля 600 партрэтаў палітычных зняволеных. Яна прызнаецца, што намагаецца маляваць кожны дзень, а калі не выходзіць — непакоіцца.

—У мяне вельмі хуткая рука. Але я малюю непрадказальна. На некаторыя партрэты патрэбна больш часу, напрыклад, калі гэта маладая, прыгожая дзяўчына — яна старалася, рабіла макіяж, і мне хочацца гэта захаваць.

Партрэт палітзняволенай Яны Жураўлёвай, намаляваны Ксішай Анёлавай. Фота з асабістай старонкі гераіні

Адзін дзень я магу прапусціць і нікога не намаляваць, але тады я хаджу і вельмі непакоюся. А можа быць так, што за адзін дзень намалюю адразу два-тры партрэты. І гэта не натхненне, не высілак. Проста мой розум ужо так працуе, што я не магу гэтага не рабіць.

Я не шукаю натхнення, да сваёй працы падыходжу з пустаты, са свайго асабістага чалавечага болю. Я шмат камунікую са сваякамі палітзняволеных, асабліва з бацькамі. Яны шмат чаго распавядаюць, у тым ліку нейкія рысы характару зняволенага, і гэта мне дапамагае ў працы.

Я не паслядоўны чалавек у тым матэрыяле, з якім працую, таму некаторыя партрэты паплылі, і іх трэба перарабляць. Калі вакол нічога няма, пойдзе і зямля, і кавалачак цэглы альбо вугалю. Таму я не спынюся, калі ў мяне няма таго самага маркеру той самай фірмы.

Вось на днях мне падзякаваў эстонец за вельмі нестандартны падыход, каб казаць аб балючым. Справа ў тым, што ўсе партрэты, якія я малюю — на яскравых шпалерах, яны нясуць свет, усміхаюцца. І гэта здзіўляе, калі людзі даведваюцца, што ўсе намаляваныя зараз знаходзяцца ў зняволенні. Так, гэта пакутнікі, але на партрэтах няма рысаў пакуты, і гэта наўмысна.

Я ведаю, што яны там пакутуюць. Гэта вельмі жорсткі закон, які гаворыць: пайдзі ў турму за сваю свабоду, аддай лепшыя гады свайго жыцця альбо жыццё.

— Вы малюеце палітычных зняволеных ужо больш за тры гады. І колькасць палітвязняў увесь гэты час павялічваецца. Цяжка гэта ўсведамляць?

— Канешне, ёсць расчараванне: усе гэта не працуе. Мне падавалася, што будзе як у казцы Андэрсена. Як тая Ліза, што шыла кашулі братам, каб яны ператвараліся з лебедзяў у людзей. Вось і ў мяне было такое пачуццё, кшталту Лізінага апекавання сваімі братамі. Што я намалюю іх, і ўсе гэтыя чары развеюцца.

Але ж калі заўтра ўсё скончыцца і ўсе палітзняволеныя выйдуць, я ўсё роўна намалюю ўсіх, хто там быў. Я лічу, што гэта праект майго жыцця. Трэба аб гэтым сведчыць, і я сведчу такой мовай, бо я мастак.

Спадзяюся, што кранаю сэрцы з іншага ракурсу, каб ніхто не быў пасіўным, не адварочваўся ад гэтага, не рабіў выгляд, што яму ўсё роўна. Таму ўсе палітвязні будуць намаляваныя.

Выстава Ксішы Анёлавай «Беларускі мартыралог» у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу. Фота з тэлеграм-каналу «Парламентский канал»

Ведаеце, у мяне ўжо ёсць і па два-тры партрэты аднаго зняволенага. Першы — з фотаздымка ў вольным жыцці. Другі — з залі суда, калі была магчымасць і чалавека там сфатаграфавалі. І трэці — пасля вызвалення. Я не магу гэтага не перадаць, бо пасля зняволення гэта ўжо зусім іншыя людзі.

— Хто са зняволеных ужо бачыў свой партрэт?

— З апошніх —праваабаронца Леанід Судаленка. Ён таксама знайшоў усіх палітзняволеных са сваёй камеры. Анатоль Лябедзька бачыў партрэт свайго сына, які зараз за кратамі. Гэта было вельмі кранальна, але ж і трошкі яго падмацавала. Я не магу не заўважаць надзею бацькоў вязняў, таму мы ўсе намагаемся іх вызвалення — хто чым, хто як умее. Але галоўнае для нас — не спыняцца.

— Партрэты, намаляваныя вамі, цяпер выстаўляліся ў Еўрапарламенце. Як там адрэагавалі на выставу?

Выстава Ксішы Анёлавай «Беларускі мартыралог» у Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу. Фота з тэлеграм-каналу «Парламентский канал»

— Я пабачыла, што ў Еўрапарламенце былі ўражаныя. Выстава адбылася, ёй было прысвечана шмат увагі, якой палітвязні, безумоўна, заслугоўваюць. У мяне проста няма іншага выйсця, акрамя таго, каб і далей маляваць.

Я пераканана, што ўсё ў нас, беларусаў, адбудзецца. Наступная кропка, дзе будуць выстаўляцца партрэты — мэрыя ў Вільнюсе, а потым і іншыя гарады. Людзі прыходзяць, глядзяць, даведваюцца, мы распавядаем, што зараз адбываецца ў Беларусі. І такім чынам намагаемся, каб усё, аб чым мы молімся, здзейснілася.

— Ваш дзядуля — першы рэктар БНТУ, быў рэпрэсаваны і забіты ў мінулым стагоддзі. Гэты факт з гісторыі вашай сям’і неяк паўплываў на вас?

— Канешне, гэта было ў сям’і трыгерам. Мы пра гэта размаўлялі, але з каментарамі «ціха» і «нідзе больш гэтага не кажам, бо для ўсіх небяспечна». Гэта мяне палохала. Я была яшчэ дзіцём, не ўсё разумела, але здагадвалася.

Калі ў сям’і ёсць нейкая таямніца, ты намагаешся яе раскрыць. Потым, калі я даведалася, што быў расстраляны не толькі мой дзед, а яшчэ і яго брат, бацька, я спытала: «І што, мы нічога з гэтым не зробім?». У мяне, як у падлетка, быў бунт: што, так і будзем моўчкі, а чаму? Вось адтуль і пайшло маё бунтарства, але ж я па-рознаму яго адчувала, былі ў гэтага і менш сацыяльныя ўплывы.

Таму, напэўна, калі ў 2020 годзе стала зразумела, што мы неяк абудзіліся і больш не заснем, я падумала: зноў моўчкі быць? Не, гэта не сумяшчальна ніяк. Таму я там, дзе я ёсць.

Я лічу, што зараз нам трэба дзейнічаць, а не пакутваць ад таго, што раней не рабілі. Мы робім зараз. Нашы нашчадкі бачаць гэта, гадуюцца ў гэтым, і гэта не будзе бясследна. Гады маўчання сышлі – зараз інакш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)