Ксенія Лагавая: «Філасофія капаэйры нагадвае жыццё беларусаў у эміграцыі»

Пра філасофію бразільскага адзінаборства, што выцягнула з дзікай зімы, жыццё ў Гданьску і чаму адвярнула ад любімых падарожжаў, «Салідарнасці» распавяла мастачка Ксенія Лагавая.

Гэта ды іншыя фота прадастаўлены суразмоўніцай «Салідарнасці»

Пасля смерці ў турме мастака і палітвязня Алеся Пушкіна, Ксенія намалявала яго партрэт. Насамрэч вялікі трафарэт з чатырох вялізных кавалкаў ва ўсю сцену, які мо ў бліжэйшы час з’явіцца на будынку Гданьска. А пакуль што глядзіць на наведвальнікаў майстэрні Ксеніі, якія кожны раз прыемна ўзрушаныя: «Ого, можна прыйсці ў майстэрню і адразу зразумець, што гэта беларускае месца!»

Фота Анастасіі Кодыс

Ксенія з’ехала з Беларусі амаль тры гады таму. Перыяды былі розныя, зараз яе інстаграм даволі бадзёры, а на пенсіі дзяўчына плануе напісаць трохтомнік па геданізму.

Ксенія, разумею, што ў вас такі настрой, бо і дэвіз нават напісаны ў інстаграме: «Трэба варушыцца». Як атрымліваецца варушыцца ў эміграцыі?

— Гэта ў нас сямейнае, яшчэ ад бабулі. Была ў мяне такая бабулечка Марыя з роднай вёскі, суперспакойная, вельмі добрая, якая, здаецца, ведала адказ на ўсе пытанні. «Ну і што? Ну трэба варушыцца! (усміхаецца)»

Мы з’ехалі з Беларусі ў 2021-м, а перасяклі мяжу з Польшчай акурат у дзень пачатку вайны. На той момант мы з мужам знаходзіліся ў Калінінградзе, я мела там рабочы праект.

У нас быў план, што калі раптам пачнецца вайна — пакуем усё што ўлезе ў машыну і едзем у адзін канец. Так і атрымалася.

Калі мы только прыехалі ў Польшчу, ў нас была сабака, робат-пыласос і 500 баксаў. Падчас пераездаў дачка спала ў машыне і не разумела, чаму так: «Мамачка, я хачу спаць дома!»

Што вы ёй адказвалі?

— Балбатала нешта. Што я магла адказаць, калі сама сядзіш і равеш. Усе ж жывыя людзі.

Добра, што ў Польшчы прытулілі сябры, якія сказалі: «Вось канапа, уладкоўвайцеся колькі трэба». І ўжо амаль два з паловай гады я ў Гданьску.

«Былі падарожжы, што я выбірала, і тыя, на якіх зарабляла»

— Але эміграцыя для мяне не такая і цяжкая. Мне здаецца, я супержывучая гадзіна (усьміхаецца). Таму і не разглядаю эміграцыю як трагедыю.

Дакладна адчуваю, што ў мяне дачка, і ёй зараз жыць у еўрапейскім асяроддзі значна лепш, чым у беларускім. Ды і ў мяне тут больш магчымасцяў, бо межы дасяжнасці візы скончваюцца не пад Брэстам, а ў Партугаліі.

Я па-ранейшаму адчуваю сябе беларускай, не гледзячы на тое, што знаходжуся цалкам у польскім асяроддзі. Учора размаўляла са знаёмымі палякамі і зразумела, што побач з імі яшчэ больш адчуваю сябе беларускай. Палякі гэта шануюць, ім цікава, у іх шмат пытанняў пра Беларусь.

Побач сядзеў хлопец з Бразіліі, у Беларусі ў мяне не было магчымасці такіх стасункаў.

Можна пажыць у Інданэзіі ці Манголіі, у Малайзіі. І гэта прыкольна.

Ведаю, што вы заўзятая падарожніца...

— Калі мы пераехалі ў Польшчу падарожнічаць зусім не хацелася. Таму што для мяне ў падарожжах быў вельмі такі важны момант, як акумуляцыя ведаў, досьведу, прыгажосці — для таго каб гэта ўсё вярнуць у скарбонку дадому. А які сэнс глядзець на другія краіны, калі не маеш сваю? Не мець нару, куды ўсё гэта цягнеш? Гэта стала праблемай.

Да таго ў мяне былі два прынцыпова розных віда падарожжаў. Былі тыя, што я выбірала сама і тыя, на якіх зарабляла.

У Беларусі мы рабілі  мастацкія падарожныя праекты, якія я вельмі любіла. Такія пленэры, прычым у розных краінах. З маёй папярэдняй майстэрняй, якая была у мяне ў Беларусі. Ездзілі ў Марока, Італію, Таіланд і Гданьск, падарожнічалі па Беларусі.

Гэта было для мяне класным сінтэзам працы, мастацтва і падарожніцтва. Я наогул не разумела, чаму ўсе людзі на зямлі не займаюцца такой працай.

Ты можаш сабраць файную групу людзей і мець легальную магчымасць з імі ў падарожжах маляваць. Бо калі едзеш з сябрамі, то звычайна людзям, якія не малююць, супернудна сядзець на адным месцы і цябе чакаць. А калі побач такія ж малявацелі, то нікому гэта не замінае.

Фота Анастасіі Кодыс

У мяне па жыцці ёсць крэда: тое што ты намаляваў — ужо ніколі не забудзеш. І зараз, нават праз 10 год, пераглядаю свае падарожныя скетчбукі і дакладна памятаю абстаноўку, месца і што адбывалася вакол гэтых малюнкаў.

Можа чулі пра ініцыатыву One coffee one sketch, якая зараз ёсць у Менску, Варшаве, Гданьску, Вільне і вельмі папулярная сярод беларускіх эмігрантаў. Яна нарадзілася ў Лены Гіль і Марго пасля нашай паездкі ў Марока. І для мяне гэта самае вялікае шчасце, калі ты нешта арганізуеш, а потым гэта надае імпульс іншым людзям развівацца і прыдумляць сваё.

А што робіце, калі «хочацца ляжаць на мяккім, каб зверху гладзілі цёплым», як вы пісалі ў інстаграме?

— Канешне, бывае і так. Бо зараз мы засталіся утрох, з дачкой і сабакай. Была нават мара выйсці з пад’езда адной, не разрульваючы як завесці дзіцёнка ў сад, падчас гэтага выгуляўшы сабаку, якую потым трэба завесці дадому. Проста выйсці і падыхаць паветрам, а не несціся.

Часам хочацца, каб нехта сказаў: «Споку, я ўсё разрулю. Ідзі купи марозіва і спакойна малюй!»

Пашчасціла, што ў мяне досыць трывалая і стабільная нервовая сістэма. Я такая чыгунная ванна, якая едзе па рэйках. Але ж дастаткова вясёлая чыгунная ванна (смяецца)!

Мяне вельмі трымае мастацтва, праца і хобі. Мы зараз з каляжанкамі зрабілі мастацкую майстэрню. У мяне было такое ў Менску і вельмі не хапала тут, у Гданьску.

Але першыя два гады на яе не было сіл. Толькі на штодзённую працу, я малявала ілюстрацыі для кніг. Тое, што ў мяне добра атрымліваецца, прыносіць даход і аплочвае кватэру.

Я была ў гэтым шчаслівая, і мне абсалютна не хацелася выходзіць у соцыум. Памятаю як збіралася на тусоўку з сябрамі, разумеючы важнасць сацыялізацыі. Апранула спадніцу, намазала нос танальнікам і... уцякла ў лес з сабакамі, адключыўшы тэлефон.

«Марыла, каб можна было прыехаць, як у дзіцячы летнік: трэніравацца, спаць, есці»

— Наша творчая майстэрня многім дапамагае, я ўжо бачу людзей, у якіх дзякуючы нашым заняткам палепшылася жыццё. Мяне таксама ратуюць мае малюнкі, нават калі я не магу адважыцца сказаць: «Я прафесійная мастачка».

Яшчэ мяне супер трымае хобі. Ужо год займаюся капаэйрай (баявое мастацтва Бразіліі, спалучае барацьбу і танец. — С.) Гэта такія сваеасаблівыя адзінаборствы, якія мяне абалдзенна трымаюць на плаву.

Насамрэч мінулую зіму я перажыла толькі з дапамогай трэніровак і сяброў. Зараз мы з групай паехалі ў кемпінг, і гэта тое, аб чым марыла ўсю зіму. Спадзяючыся, што ў свеце існуе нешта такое, каб можна было прыехаць, як у дзіцячы летнік: трэніравацца, спаць, есці. І каб усё арганізавана, нічога не трэба выдумляць, а проста займацца сваім развіццём.

Абсалютна іншае асяроддзе, людзі, якія па жыцці займаюцца не тым, чым я. Іншы спосаб мыслення, ён абсалютна не візуальны, як у мяне. И шмат цікавых размоваў.

Дарэчы, хлопцы палякі спыталі мяне, што, апроч Менска, я б раіла паглядзець у Беларусі. Такі топ-1. І я прыгадала пра нашы паездкі на разлівы Прыпяці. Апісваючы яе, як цудоўную балотную змяю.

Потым яны спыталі пра мову і дыялекты, я распавяла пра трасянку і зноў жа пра балота. Цяпер мяне радасна велічаюць «балотнай змяёй» (смяецца).

Капаэйра для мяне — такі кантакт са светам праз цела. І мне супер падабаецца, што  можна займацца ў любым узросце. Я пачала ў 36 і не збіраюся спыняцца ў 70.

Капаэйра пачалася з забароненых боек нявольнікаў у фавелах (бразільскіх трушчобах). Калі ім нельга было біцца, яны прыдумалі такі спосаб кантакта на мяжы танца і адзінаборстваў. Насамрэч капаэйра вельмі не кантактная, тут няма такіх удараў, як у каратэ ці боксе. Пры гэтым вельмі дынамічная, музычная і для мяне вельмі радасная. Гэта куча фізухі, шмат акрабатыкі,  скачкоў, пераваротаў праз галаву, маханне рукамі-нагамі. 

Ці ёсць там нейкая філасофія?

— Спачатку я пабачыла фізуху, а цяпер бачу філасофію. Я ўспрымаю яе як занятак, арганізаваны нявольнымі людзьмі, што былі пазбаўлены свайго краю і жылі ў няпростых умовах. Па сутнасці  прыдумлялі сабе такі спосаб выжываць. Павернешся ў правільны бок — будзеш малайчына, калі не — будзе яшчэ 10 паўтораў, каб атрымалася. І гэта супер трымала.

Здаецца, філасофія бразільскай капаэйры нагадвае жыццё, а мо насамрэч і такі «танец» беларусаў у эміграцыі...

Яшчэ толкам не ведаючы бэграўнду капаэйры, я пабачыла, як яна спрацавала са мной.

У мяне здарылася ўльтрастрашная апошняя зіма. І я кожны раз чакала трэніроўку і марыла, што буду бегаць, падскокваць і уварочвацца ў залі з прыгожымі людзьмі ў белых штанах.

Суперважна мець хобі: ад мастацтва і збору грыбоў да спорту. Тое, чаму ты самастойна аддаеш час і што патрабуе грошаў.

Але ж і кватэра, і дзіцёнак такасама патрабуюць грошай. Ці прасцей ў Польшчы зарабляць?

— Цяжэй, бо тут зусім іншая структура выдаткаў. Напрыклад арэнда жылля. У Беларусі я жыла ў лепшай на свеце трохпакаёвай аграменнай кватэры ў самым цэнтры. Для мяне гэта быў дом-дом, я заўсёды, калі прыходзіла, з ім віталася, а потым развітвалася.

Ніколі не мяняла кватэру: як мяне прынеслі туды з радзільнага дома, так у 32 я адтуль і з’ехала. Гэта быў мой цудоўны дом: цудоўная дзедаўская кватэра з вокнамі ва ўсе сцены. Зараз там жыве знаёмая і часам скідвае мне сторысы, якія рвуць сэрца, але ж і грэюць душу. Бо кватэра жывая, праветраная і чыстая. Нашы дамы павінны жыць.

Фота Анастасіі Кодыс

Яны ж таксама чакаюць, калісьці мы ж, напэўна, вернемся.

— Я не веру і жыву, як быццам не вярнуся. Па першае, маёй дачцы 4,5 гады, і яна патрабуе адукацыі. Я упэўненая, што большасць нармалёвых выкладчыкаў з’ехала з Беларусі ці сышла з прафесіі. Зараз там руліць умоўны завуч Галіна Міхайлаўна, але нават калі яе звольняць — хто прыйдзе працаваць у беларускую школу за тыя капейкі? А выкладчык, які не хоча, але пайсці яму больш няма куды, і таму ён працуе ў школе — гэта гнілая рыба.

Нават калі пачаць адбудоўваць беларускаю адукацыю, уваліць дурныя грошы, спатрэбіцца шмат год. У маёй дачкі іх няма. І нават калі прыйдзе суперкруты мэнеджмент — прывітанне, Балонская сістэма! — спатрэбіцца гадоў 10, каб беларуская сістэма адукацыі стала нават не крутой, а проста нармальнай. Праз 10 год маёй дачцы споўніцца 14, яна ужо бойфрэнда завядзе. Ну куды?

Мы не вернемся. На магілы з’ездзіць паглядзець — так. Але ствараць там будучыню... Калі б я была сама, можа быць. Але дачцы я такога лёсу не раю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(21)