Лица
Таша Арлова, 34mag

Крысціна Крысанава: «Калі нехта казаў: «У цябе тоўстыя ляжкі», адказвала: «Так, ужо каторы год»

Гераіня «Голасу цела» – 24-гадовая plus size мадэль, якая, нягледзячы на некласічныя мадэльныя прапорцыі, рэгулярна здымаецца ў модных і рэкламных праектах. З якімі выклікамі яна сутыкаецца – глядзі ніжэй.

– Усё пачалося яшчэ ў школе, гадоў дзевяць назад. Я тады жыла ў Смалявічах, і адно атэлье шукала дзяўчат для паказаў вясельных сукенак. Мяне запрасілі. З усёй групы толькі ў мяне быў 46 памер.

Пасля пераезду ў Менск усё крыху заглухла. Але аднойчы я ўбачыла конкурс на TUT.by, там якраз шукалі мадэляў plus size. Я адправіла фота, і мяне запрасілі на кастынг. Там прыехала каля ста дзяўчат! Мне хацелася хуценька перажыць гэтую ганьбу, таму я пайшла адна з першых. Але ў рэдакцыі сказалі: «Мы менавіта такіх і шукаем», і я зразумела, што «трапіла». Усяго выбралі дзяўчат восем, і мы некалькі месяцаў рыхтаваліся да конкурсу.

Нас вучылі дэфіле, пазіраванню. Я доўгі час лідзіравала па інтэрнэт-галасаванні, але ў выніку заняла 2 месца. Потым мяне запрасіў рэдакцыйны фатограф, і я знялася для рэкламы Volkswagen. Былі класныя праекты з Беларускім цэнтрам моды для рэкламы адзення. Цяпер я езджу на кастынгі, мяне рэгулярна запрашаюць на здымкі, хоць і часта адмаўляюць.

Цела

Маё цела не толькі маё. Я часам адчуваю, што яно цалкам мне не прыналежыць. Калі ты не працуеш мадэллю, яно толькі тваё. А калі здымаешся для брэндаў адзення і майткаў, яго могуць разглядаць іншыя. Ведаеш напэўна, што ўсе нястачы будуць заўважаны. Людзі знойдуць што пакрытыкаваць. Я да гэтага прызвычаілася і не саромеюся. Мне падабаюцца здымкі, і я буду працягваць працаваць, пакуль мяне запрашаюць. Значыць, гэта камусьці трэба.

Часам я чую насмешкі на фотасесiях, людзі лічаць нармальным тыкнуць пальцам на мяне ці дакрануцца да жывата і сказаць: «Добра, хоць пругкі». Ці: «Вось азадак нічога, але рукі… Ну пабачым». Яны лічаць, што мы, мадэлі, павінны гэта цярпець. І мы церпім. Бо рынак вялікi, і заўсёды знойдуцца ахвотнікі на наша месца. Калі штосьці не падабаецца, прабачай, знойдуць іншых.

У звычайным жыцці я ў свой адрас нават жарту не спушчу, проста стаўлю чалавека на месца. Калі на прымерцы, на кастынгу – іншая справа. Гэта праца, даводзіцца мірыцца. Аднойчы была такая сітуацыя. Я прыехала на фотасесію, і візажысты глянулi на мяне i недвухсэнсоўна скрывіліся. Пасля таго як зрабілі ўкладку і макіяж, сказалі: «А ты нічога. Мы думалі, зусім жудасна будзе». І як пасля такога працаваць?

Стан

Мне пашчасціла, што мая фігура як пясочны гадзіннiк. Мяне цалкам задавольваюць мае грудзі пятага памеру. У прынцыпе, што тут можа не задаволiць, я не ведаю. Стан у мяне нават трохі вузейшы, чым трэба. Сцёгны ў мяне вельмі жаночыя, круглявыя. Я хаджу ў спартзалу, каб зрабіць цела больш рэльефным.

Многія думаюць, што мадэллю plus size можа быць кожная буйная дзяўчына, але гэта не так. У нас ёсць таксама пэўныя патрабаванні, але яны не такія жорсткія, як у звычайных мадэляў.

Працяг гiсторыi тут