Крыніца: Нехта зліваў расіянам сакрэтныя запіскі на імя Лукашэнкі
Затрыманне намесніка старшыні Рады бяспекі Андрэя Уцюрына нарадзіла шмат версій, якія спрабуюць патлумачаць такую звышпадзею, і беларускае КДБ спрыяе гэтаму сваім маўчаннем, пакідаючы прастору для інтэрпрэтацый.
Беларусы зноў шукаюць інфармацыі пра падзеі ва ўласнай краіне з расійскіх каналаў. Што ж расказваюць расіяне?
Некаторыя сайты і тэлеграм-каналы малююць з Уцюрына рэвалюцыянера-змоўшчыка, прыпісваючы яму ў кампанію яшчэ «некалькі генералаў» і Віктара Лукашэнку, менш радыкальныя чуткі акцэнтуюць увагу толькі на тым, што Уцюрын пагарэў на нейкіх злівах інфармацыі расійскім спецслужбам.
Мы папрасілі абазнаных людзей пракаментаваць такія версіі.
Высокапастаўлены службовец МУС абвяргае канспіралогію ў справе Уцюрына, мяркуючы, што гісторыя празаічная: «Ён браў грошы і вырашаў пытанні».
Іншы чалавек, блізкі да спецслужбаў, бачыць у заявах расійскіх СМІ нешта «блізкае да праўды», але не ведае ролі ў гэтым Уцюрына. Пры гэтым ён пацвярджае, што дзіўныя злівы інфармацыі з самага верху насамрэч былі:
«Піша нейкі высокапастаўлены чыноўнік, не будзем называць імёнаў, сакрэтную запіску на імя Лукашэнкі. Ён выказваецца на тэму актуальных выклікаў і рашэнняў, прапануе свае аргументы і бачанне сітуацыі. Часта ў такіх запісках фігуруе слова «Расія», бо з ёй у нас найбольшы кантакт.
Што адбываецца далей?
Лукашэнка перадае гэтую інфармацыю да іншых ведамстваў, напрыклад, у КДБ, Раду Бяспекі, ААЦ, Мінэканомікі: «Выкажыце сваю пазіцыю».
А потым ледзь не ў дзень рассылкі аўтара дакумента і Лукашэнку пачынаюць пясочыць у «Нязыгары», тэма запіскі дасылаецца расійскім і некаторым мясцовым публіцыстам для напісання заказных матэрыялаў, яе змест амаль даслоўна цытуецца ў публічных расійскіх каналах.
Далей сітуацыя развіваецца згодна з прынцыпам, які апісваў Джуліян Асанж: garbage in, garbage out [калі ў сістэму паступае смецце, з яе смецце і выходзіць — рэд.]. З хаты выносяць дакладную інфармацыю, а заносяць смецце: змовы, канспіралогію і гэтак далей.
Людзі страчваюць давер да ўнутранай камунікацыі: яны ведаюць, што за такія запіскі могуць быць прапясочаныя публічна, гэта можа мець нейкія наступствы для іх асабіста. У такую гісторыю трапляў не адзін чалавек», — сказала нам крыніца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное