Крыніцы: у новым пакеце санкцый могуць быць пяць банкаў, уключна з Банкам развіцця, а таксама дрэваапрацоўка і Белтэлекам

Як стала вядома Нашай Ніве, на многіх міжнародных кансультацыях па беларускім пытанні цяпер гучыць ідэя ўвядзення драконаўскіх санкцый супраць пяці банкаў (Беларусбанка, Дабрабыта, Белінвестбанка, Белаграпрамбанка і Банка развіцця) як адказ на адмову Лукашэнкі ісці на перамовы з грамадствам, працяг катаванняў і рэпрэсій, а таксама арганізацыі міграцыйнага крызіса ў краінах-суседзях. Таксама гучаць словы «дрэваапрацоўка» і «Белтэлекам».

Пакеты наўрадці будуць прынятыя раней за канец кастрычніка. Крыніцы адзначаюць, што цяпер амерыканскія і еўрапейскія санкцыі ў дачыненні Беларусі імкнуцца да сінхранізацыі, і могуць быць прыняты адначасова і ў аднолькавай меры.

Што тычыццаа банкаў, дакладны спіс забароненых аперацый пакуль невядомы. Але адзначаецца, што па сваім эфекце рэстрыкцыі пераўзыходзяць эфект ад адключэння свіфта, што можа азначаць поўную забарону супрацоўніцтва.

На дадзены момант супраць Беларусбанка, Белаграпрамбанка і Белінвестбанка дзейнічаюць еўрапейскія санкцыі, якія не забараняюць супрацоўніцтва цалкам, а абмяжоўваюць доступ на еўрапейскі рынак капітала, а таксама фінансаванне дзяржаўных праектаў.

Яны ўжо даволі балюча адбіліся на рабоце прынамсі Беларусбанка, які, напрыклад, не можа дафінансаваць вялікі і абміцыйны праект распрацоўкі Нежыскага калійнага радовішча, бо кітайскі бок адмаўляецца пераводзіць рэшту сродкаў.

Таксама заходнія карэспандэнты згортваюць супрацоўніцтва, прымушаючы тры вялікіх банкі шукаць іншыя варыянты праводу валютных плацяжоў. Але гэта адбылося пасля таго, як амерыканцы ўнеслі фінансавы сектар Беларусі як магчымую мэту санкцый у свой дакумент, які вызначае магчымыя накірункі забарон.

Як дзейнічаюць амерыканскія санкцыі можна ўбачыць на прыкладзе Абсалютбанка — ён не можа працаваць з доларам і асноўнымі плацёжнымі сістэмамі, у тым ліку картамі.

Калі ўявіць, што тое ж самае адбудзецца з трыма асноўнымі банкамі, дзе абслугоўваюцца і крэдытуюцца дзяржаўныя экспарцёры, а таксама стратныя прадпрыемствы, можна зразумець масштабы катастрофы.

Рэпутацыйны эфект і наступны вынас сродкаў юрыдычных і фізічных асоб нельга ацаніць, але можна прадбачыць. Рэсурсы Нацбанка ў плане пакрыцця такога ўдару выглядаюць сумнеўнымі.

Таксама абмяркоўваюцца санкцыі супраць «Белтэлекама», які звязваюць з новай сістэмай татальнага відэа-кантролю і сачэння за трафікам карыстальнікаў інтэрнэта.

Апроч гэтага, абмяркоўваюцца санкцыі супраць сферы дрэваапрацоўкі, якая стала крыніцай валютных паступленняў у сувязі з ростам цэнаў на будаўнічыя матэрыялы, а таксама пастражэнне адказнасці за аперацыі з нафтай, якія ўжо забаронены, але працягваюць адбывацца з дапамогай схем.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:32)