Скандалы

Крыніцы: гомельскі міліцэйскі начальнік «знаходзіцца пад сьледзтвам за перавышэньне абавязкаў»

Звольнены начальнік Цэнтральнага РАУС Гомля Аляксандр Штрапаў, паведамляе Свабода. Па інфармацыі, якой дзяліліся раней затрыманыя, у актыўны пэрыяд пратэстаў ён асабіста зьбіваў жыхароў Гомля.

Па серадах Штрапаў мусіў праводзіць прыём грамадзянаў — як асабіста, так і на «гарачай лініі». Але на прыём да яго ў сераду людзі ня трапілі, і на тэлефанаваньні начальнік РАУС не адказваў.

Ягонае прозьвішча зьнікла з графіку асабістых прыёмаў. Дзяжурны Цэнтральнага РАУС адказвае, што цяпер замест Штрапава прыём грамадзян праводзіць ягоны намесьнік — Аляксандр Малішэўскі.

Ад дзьвюх крыніцаў Свабода даведалася, што Штрапаў сапраўды больш не начальнік аддзелу ўнутраных спраў.

«Ён звольнены па асабістым жаданьні, знаходзіцца пад сьледзтвам за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. А былыя калегі — міліцыянты, цяпер актыўна пішуць даносы адзін на аднаго, бо шмат хто ў аддзеле быў замешаны ў перавышэньні паўнамоцтваў», — распавяла Свабодзе крыніца, зьвязаная з праваахоўнымі органамі.

«У пэрыяд пратэстаў начальнік і супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС зьдзекаваліся з людзей, зьбівалі затрыманых. Пасьля гэтага яны адчулі сябе „звышчалавекамі“ і пачалі сваволю — ставілі людзей на „праслухоўку“, за грошы зьлівалі дадзеныя. Гэта называецца „парушалі рэжым сакрэтнасьці“. Цяпер палова аддзелу — у гістэрыцы, палова піша даносы. Але Штрапаў ня ў СІЗА, ён на свабодзе», — распавяла іншая крыніца.

Афіцыйна МУС пакуль не пацьвердзіла і не абвергла гэтую інфармацыю.

Што распавядалі затрыманыя ў жніўні 2020 году?

Фрагмэнты кнігі «Мы сьведкі»

Жыхара Гомля Дзьмітрыя Лукомскага затрымлівалі 11 жніўня 2020 году. Ён трапіў у Цэнтральны РАУС. Там яго моцна пабілі. «Білі дручкамі па галаве, калолі іголкай, прымушалі крычаць „Я люблю міліцыю“, падыходзілі, і проста білі берцамі ў пах. Па ўсяму калідоры была кроў, ляжалі выбітыя зубы», — распавядаў Свабодзе Лукомскі.

«Адразу, як прывезьлі ў аддзел, пагражалі фізычнай расправай. Выйшаў нейкі начальнік і сказаў: „Гэта Лукомскі? У лес яго і кончыць!“. Пагражалі згвалціць дубінкай.... Ня ведаю, што было б, але якраз гэтых садыстаў недзе тэрмінова выклікалі і яны зьехалі.

Патэлефанавала ў аддзел мая сяброўка, прасіла, каб ёй аддалі ключы ад хаты. Яны прапанавалі прыехаць, а самі абрадаваліся: „О! Гэта яго сяброўка! Давай-ка яе сюды!“ Добра, што яна забаялася і не паехала. На мяне крычалі, каб я казаў, што я люблю міліцыю. Я кажу: „Вельмі“. „Ня чуем, давай мацней крычы“, — крычалі яны і білі мяне», — сьведчыў Дзьмітры.

«У Цэнтральным РАУС Гомля мяне білі, быў зь зьвязанымі ззаду рукамі. Білі па твары, па галаве, па нагах, ступаках, па ягадзіцах — дручкамі. Падымалі ў позе „ластаўкі“. Я ня ведаю, хто біў. Твараў нельга разглядзець, усе ў чорным, у масках. Яны спрабавалі зрабіць зь мяне „каардынатара“, прыносілі нажы, нейкія іншыя рэчы, патрабавалі, каб я прызнаўся, што гэта ўсё маё.

Потым прывялі хлопца гадоў 17 і патрабавалі ад яго, каб ён прызнаўся, што я падбухторыў яго ўзяць удзел у мітынгу. Той адмовіўся — яны пачалі яго біць пры мне. Я нічога не падпісваў, за гэта мяне білі яшчэ больш. У мяне пералом двух адросткаў у хрыбце», — распавядаў Свабодзе жыхар Гомля Максім Новікаў.

Са сьведчаньняў гамельчука Максіма Ахценкі:

«Нас паднялі на чацьвёрты паверх, і я пабачыў жахлівы калідор, празь які дзясяткі затрыманых мусілі паўзьці са скутымі за сьпінаю рукамі. АМАП і людзі ў цывільным бязьлітасна білі людзей. Мяне закінулі ў кабінэт, дзе сядзелі некалькі сілавікоў. Там пачалося сапраўднае катаваньне.

Пад няспынную лаянку і ўдары па ўсім целе мне падсоўвалі пратаколы, клоўнскія маскі ды іншыя рэчы, якія мелі пацьвердзіць, што я каардынаваў пратэсты. Усё працягвалася гадзінамі.

Гэтыя „сьледчыя дзеяньні“ спыніў Аляксандар Штрапаў, кіраўнік АУС Цэнтральнага раёну Гомля. Ён запрапанаваў „паразмаўляць па-нармальнаму“. Свае словы падмацаваў, паставіўшы нагу мне на твар. У гэты момант я ляжаў і глядзеў у плінтус у гэтым кабінэце. І я не скажу, што я надта перажываў — я быў спакойны. Хутчэй за ўсё, я проста зьмірыўся.

„Ты разумееш, што ты можаш проста прапасьці і табой ніхто наагул не зацікавіцца? — прагучала пытаньне ў перапынку паміж сэрыямі жорсткіх удараў. — Ты разумееш, што я дзесяць магілаў за горадам у лесе выкапаў!“ Я паверыў і працягваў глядзець у плінтус. Я выдатна разумеў: у той дзень сілавікам дазволілі абсалютна ўсё. Допыт спыніла толькі непрытомнасьць».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(36)