«Як жывы шкілет». Крык Ігара Банцэра ў судзе: «Да панядзелка я дацягну, а далей ня ведаю»
Чарговае паседжаньне па справе рок-музыканта, які дзясяты дзень трымае «сухую» галадоўку, пачалося ў судзе Ленінскага раёну Горадні 12 сакавіка.
— Я адчуваю сябе цудоўна на дзясятыя суткі сухой галадоўкі, — заўважыў Банцэр, паведамляе Радыё Свабода.
Яго не дазволілі здымаць у судзе, папрасілі схаваць тэлефоны. Ігар Банцэр у клетцы ў кайданках. Выглядае моцна схуднелым і бледным, аднак увесь час рухаецца, стаіць перад паднятымі рукамі ў кайданках. Перад тым, як людзей пусьцілі ў залю, адтуль былі чуваць неразборлівыя крыкі Банцэра.
У калідоры суду: людзі, якія прыйшлі падтрымаць Ігара Банцэра
Справу разглядае судзьдзя Натальля Козел, дзяржаўны абвінаваўца — Віктар Нічыпарук, пацярпелы міліцыянт Сяргей Багдзевіч. Банцэр заявіў хадайніцтва, каб яго выпусьцілі з-пад варты.
— Я сядзеў на Валадары з хворымі, забойцамі. Мяне часта блытаюць зь імі. Я не такі, як яны. Я зорка рок-н-ролу. Я выправіўся і гатовы гэта даказаць, — адзначыў Банцэр у заяве.
Судзьдзя не задаволіла яго хадайніцтва: Банцэра ня выпусьцілі з-пад варты, «каб не схаваўся ад перасьледу».
— Да панядзелка я дацягну, а далей ня ведаю, — пракрычаў Банцэр.
На паседжаньне не прыйшоў сьведка, якога прасіў дапытаць Банцэр. У судзе абвясьцілі перапынак да 18 сакавіка, каб паўторна выклікаць гэтага сьведку.
Карэспандэнтка Белсат зазначае, што Ігар Банцэр вельмі кепска выглядае – літаральна як жывы шкілет. Аднак на судзе ён стаяў сам. Хоць і ў кайданках. Матуля вельмі прасіла яго пачаць піць ваду.
Читайте еще
Избранное