Крык душы: «Вось тут бы члену Савета Рэспублікі добра падумаць. Але ж не»

Праваабаронца Сяргей Гоўша звярнуўся ў рэдакцыю «Салідарнасці» з лістом, у якім на прыкладзе адной рэальнай гісторыі задаецца пытаннем: на каго працуе судовая сістэма Беларусі?

– Пачну расповяд пра свайго сябра Вячаслава Сырыцу са Снова, Нясвіжскага раёна, ветэрана працы, кіроўцу-экспедытара, «Ганаровага Работніка» СПК «Агракамбінат «Сноў», сябра «Праўлення», чалавека неардынарнага, які аддаў усяго сябе працы і не меў ніколі нават заўвагі, толькі падзякі, які заўсёды на працу прыходзіў задоўга да пачатку і вяртаўся позна, як распавядала яго жонка. Ён 48 гадоў аддаў служэнню свайму агракамбінату ад самага пачатку яго стварэння.

Вячаслаў Сырыца

«Сырыца маральна быў знішчаны, ён не мог у гэтае нахабства паверыць»

У 1966 годзе з 15-ці гадоў ён пачаў падчас  канікулаў працаваць паляводам у сваім калгасе імя Калініна (які пазней стаў агракамбінатам), закончыў Уздзенскае ПТУ, затым пасля войска працаваў на розных працах: 24 гады трактарыстам, 3 гады кавалём і 22 гады шафёрам.

У яго працоўнай кніжцы за 1979 год значацца 352 працадні, за 81 год- 353, за 99 год-345 і г.д. (пры норме-250). Яго любіў і паважаў першы кіраўнік калгаса, герой сацыялістычнай працы Якаў Васільевіч Аляксанкін.

За бездакорную працу ў  1980 годзе Вячаславу Сырыцу быў прысвоены ордэн Працоўнай Славы 3-й ступені. Таксама яго любіў і паважаў герой Беларусі Міхаіл Аляксандравіч Карчміт, пры якім Сырыцы было  прысвоена званне «Заслужаны работнік».

Ды і новы кіраўнік Мікалай Радаман добра да яго ставіўся, казаў: ты мне быў як брат, як друг, ты быў лепшы з лепшых.  

Але раптам усё змянілася, калі прыборы машыны ў адной з паездак па Беларусі зафіксавалі перарасход паліва. Машына старая, падчас паездкі адбылося працяканне паліва, якое ён сваімі сіламі спрабаваў ліквідаваць. Ды тут бы кіраўніку разабрацца ў чым прычына, вызваць да сябе Сырыцу, распытаць, але зроблена нахабна: на раніцу наступнага пасля гэтай паездкі дня, без разгляду справы, без разбору выносіцца на пасяджэнні Праўлення нечаканы «прысуд» кіраўніка Мікалая Радамана: скраў каля пяці літраў паліва. І за гэта з Сырыцы здымаецца званне «Ганаровы работнік», ён выключаецца з сябраў «Праўлення» і караецца накладаннем дысцыплінарнага пакарання і лішэннем прэміі за тры месяцы працы!

На пасяджэнні Праўлення адзін з яе сябраў прасіў не караць Сырыцу не разабраўшыся, ён заслужыў ордэн Працоўнай Славы! На што Радаман адказаў: «Не таму далі».

Мікалай Радаман

Ці можна так паступаць з чалавекам не выслухаўшы яго? Лічу – не!  Сырыца маральна быў знішчаны, ён не мог у гэтае нахабства паверыць. 

«Вось тут бы кіраўніку агракамбіната «Сноў» Мікалаю Радаману добра падумаць. Але ж не»

Пасля быў суд Нясвіжскага раёна па скарзе Вячаслава Сырыцы. Вось Рашэнне суддзі Нясвіжскага суда Вольгі Крупец: прызнаць несапраўдным рашэнне праўлення СПК «АК Сноў» ад 14 красавіка 2018 года, спагнаць на карысць Сырыцы прэміяльныя выплаты…

Рашэнне суда не было абскарджана і не апратэставана і ўступіла ў законную сілу 24 жніўня 2018 года.

Вось тут бы кіраўніку агракамбіната «Сноў» Мікалаю Радаману добра падумаць, вызваць Сырыцу, паразмаўляць з ім, распытаць, разабрацца, магчыма папрасіць прабачэння за тое, што з гарачнасцю прыняў рашэнне аб яго пакаранні і справа была б вырашана. Але ж не.

Не знайшоў спадар Радаман у сябе сілы на гэты ўчынак. І хаця прайшоў немалы тэрмін, але з дапамогай Нясвіжскай міліцыі, а пасля з «дапамогай» Мінскага пракурора дабіўся свайго: спачатку быў пратэст Мінскага пракурора, затым новы суд у Нясвіжы з новым суддзёй і як можна здагадацца – і адпаведна процілеглае рашэнне.

І тут патрэбна ж дабавіць, што Мікалай Радаман не просты кіраўнік, але ж ён сябра Савета Рэспублікі…

«Патрэбна асобна сказаць аб сумленнасці Пракурора Нясвіжскага раёна»

Змаганне Радамана з рабочым Сырыцам з-за двух даляраў і на гэтым не было скончана. Яго нахабна звольнілі (нягледзячы на недахоп кіроўцаў-экспедытараў), прымусіўшы падпісаць кантракт, як бы са змененымі ўмовамі працы, а Сырыца яго не падпісаў, бо ніякіх зменаў, як ён палічыў, на самай справе не ўносілася.  

І па гэтай справе Нясвіжскі суд прыняў бок агракамбіната, а не Вячаслава Сырыцы. Патрэбна асобна сказаць аб сумленнасці Пракурора Нясвіжскага раёна, малодшага саветніка юстыцыі сп. А. Алісевіча: ён падаў апеляцыйны пратэст у судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда па гэтай справе Сырыцы і прасіў рашэнне суда Нясвіжскага раёна ад 24 жніўня 2019 года па грамадзянскай справе па іску Вячаслава Сырыцы да «Агракамбіната Сноў» аб узнаўленні на працы на ранейшым месцы з ранейшымі ўмовамі працы і спагнанні сярэдняга заробку за час вымушанага прагула адмяніць і вынесці новае  рашэнне…   

Але ні пракурора Нясвіжскага раёна, ні Вячаслава Сырыцу Мінскі абласны суд не паслухаўся, і звальненне Сырыцы палічылі законным.

Вячаслаў Сырыца і праваабаронца Сяргей Гоўша

«А самае цікавае пайшло далей»

А самае цікавае пайшло далей. Пры звальненні Сырыца пачаў разбірацца з аплатай працы і як аказалася, яму за цэлы 2018 год ня выплацілі грошы за пераработку. А гэта сума не двух даляраў (столькі каштавала каля пяці літраў пралітага паліва, з-за якога яго пакаралі), а вялікая сума: 2 717,47 рублёў (прыкладна 1 358 $). І гэта толькі за адзін год! 

Сырыца падаў скаргу ў Нясвіжскі суд, суддзя якога Д.А.Гвозд  16.05.2019 года прымае наступнае рашэнне: у задавальненні іскавых патрабаванняў адмовіць!

Пазней, у матывіровачнай часцы рашэння будзе удакладнена, што адмоўлена з-за таго, што прайшоў тэрмін для звяртання ў суд за разрашэннем працоўных спрэчак. Але ж тэрмін ня быў прапушчаны!

У гэты ж дзень той жа суддзя Гвозд прыняў «прыватнае вызначэнне» і накіраваў яго старшыні праўлення «Агракамбіната Сноў»:

– Штомесячная даплата за работу ў звышурочны час за указаны перыяд (студзень-лістапад 2018 года) нанімацелем выканана не была, што супярэчыць палажэнням ч.1 арт.69 Працоўнага Кодэкса.

Вось у гэтым «прыватным вызначэнні» суддзя Гвозд прызнае, што «СПК Сноў» парушыў Працоўны кодэкс!

12 чэрвеня 2019 года Вячаслаў Сырыца падаў апеляцыйную скаргу ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда. Патрэбна яшчэ раз асобна сказаць аб сумленнасці Пракурора Нясвіжскага раёна, малодшага саветніка юстыцыі сп. Алісевіча: ён ізноў не пагадзіўся з Нясвіжскім судом і падаў апеляцыйны пратэст.

Вынік: Мінскі абласны суд не задаволіў іскі ні Сырыцы, ні пракурора Алісевіча!

Зараз рыхтуецца апеляцыйная скарга Вячаслава Сырыцы Генеральнаму Пракурору і ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда на рашэнне суда Нясвіжскага раёна ад 23 жніўня 2019 года.

«Капеечнае пытанне яскрава высвеціла судовую сістэму Беларусі»

Ужо па справе Вячаслава Сырыцы адбылося больш чым 25 судовых пасяджэнняў, задзейнічана міліцыя, раённая і абласная пракуратура і г.д. Мікалай Радаман не даверыў весці справы ў судах сваім юрыстам (а іх там некалькі) і наняў адваката з калегіі Мінскай абласной калегіі адвакатаў, якой, верагодна, ужо выплачана з кішэні агракамбіната (не са сваёй жа кішэні?) немалыя грошы… А справа працягваецца ўжо з 13 красавіка 2018 года (амаль паўтара гады) і канца ёй не відаць. І за гэты час судовая сістэма «паказала сваю працу». 

Можна зрабіць выснову, што першапачаткова (без ціску на судовую сістэму) было прынята рашэнне ў адпаведнасці з Законам, а далей… Законнасці прытрымліваецца і пракурор Нясвіжскага раёна, малодшы саветнік юстыцыі сп. Алісевіч. А чым вышэй суды – тым большы уціск на іх.

Гэтае простае капеечнае пытанне яскрава высвеціла судовую сістэму Беларусі, якую даўно патрэбна мяняць, як і многае іншае.                                 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(69)