Общество

«Крэсла, на якім вы седзіце, і тое праўдзівейшае за вас»

Працэс у судзе Маскоўскага раёну Берасця пачаўся 7 чэрвеня, а ўжо заўтра а 9:30 будзе абвешчаны прысуд, абвінавачанне запатрабавала 2 гады калоніі. Суддзя Яўген Брэган вельмі спяшаецца – магчыма, каб пачаць судзіць мужа Паліны, Андрэя Шарэнду: ягоная крымінальная справа ўжо ёсць у судзе. Пiша Белсат.

Сям’я Шарэндаў. Фота з сямейнага архіву

Жанчыну вінавацяць адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 368 («Абраза прэзідэнта»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 364 («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»).

З 3 студзеня Паліну трымаюць у СІЗА № 7, яна не толькі не прызнае сваёй віны, але не прызнае самога суда.

– Паглядзіце на тэрміны, якія даюць палітзняволеным, нават маладым дзяўчатам, па 4–5 год. Што азначаюць гэтыя тэрміны? Гэта азначае, што гэтыя людзі, сфальсіфікаваўшы выбары, не першы ўжо раз, думаюць, што дубінкамі загналі народ назад у стойла, яны разлічваюць, што гэтыя тэрміны яны яшчэ будуць сядзець на нашай шыі, звесіўшы ногі. Ці мы гэта дапусцім? Не, гэтага нельга дапускаць!

Звяртаючыся да суддзі, Паліна дадала:

– Я ведаю, вы проста гаваркая галава. Крэсла, на якім вы седзіце, яно і тое праўдзівейшае за вас. Таму я хачу сказаць: усе прысуды, якія тут нібыта агалошваліся, яны грунтуюцца не на моцы закону, а на моцы беззаконня. Усе прысуды загадзя падпісаныя, размеркаваныя паміж зняволенымі.

Таму юрыдычна, у сувязі з фальсіфікацыяй выбараў, поўнай нелегітымнасцю вашых так званых судоў і ўсіх вашых структураў, усе гэтыя прысуды, у тым ліку і мой, які, я ведаю, вы загадзя ўжо вынеслі, і гэтыя спрэчкі – гэта толькі дэкарацыя. Усе гэтыя прысуды не маюць юрыдычная моцы і не з’яўляюцца законнымі. Я іх не прызнаю! І таксама прашу сусветную супольнасць не прызнаваць усіх гэтых прыгаворы законнымі.

7 чэрвеня падчас суда Паліна зрабіла яшчэ некалькі гучных заяваў. Калі суддзя спытаў, ці згодная Шарэнда-Панасюк з заключэннем эксперта аб тым, што яна не пакутуе ад псіхіятрычных хваробаў і не патрабуе лекавання, Паліна заявіла:

– У Беларусі з некаторага часу актыўна ўжываецца карная псіхіятрыя. У прыватнасці, асобаў, якія зазнаюць палітычны пераслед, ставяць у адзін шэраг з наркаманамі, алкаголікамі. Такім чынам, палітычная дзейнасць прыраўноўваецца гэтым рэжымам да грамадскіх і сацыяльных паталогій.

Я заяўляю, што ў Беларусі, як некалі ў СССР, квітнее карная псіхіятрыя. У сувязі з гэтым прашу міжнародную супольнасць разгледзець ужыванне санкцый да медыцыны Беларусі, што займаецца карнай псіхіятрыяй, – прагучалі словы жанчыны.

Таксама Паліна заявіла аб унутрытурэмных рэпрэсіях супраць палітычных зняволеных, што адбываюцца СІЗА № 7.

– Дзяржаўныя турмы Беларусі пераўтвораныя ў прыватныя турмы рэжыму Лукашэнкі, дзе палітычным закладнікам выносяцца так званыя квазіпрыгаворы, замаркіраваныя пад катэгорыю прафілактычнага ўліку. Як у гітлераўскай Германіі на габрэяў навешвалі жоўтыя зоркі, так і ў лукашысцкай Беларусі палітычным закладнікам навешваюцца так званыя жоўтыя таблічкі.

Яны навешваюцца на дзверы камер, на ложкі, дзе спяць людзі. Вынясенне гэтых квазіпрыгавораў пачалося ў пачатку красавіка, а 5–6 траўня ўжо практычна ўсё СІЗА было завешана жоўтымі таблічкамі. На цяперашні момант з 41 камеры СІЗА, 25–35 завешаныя жоўтымі таблічкамі, на якіх пазначана, што чалавек схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці.

Людзей прымушаюць прагаворваць гэтыя словы ранкам і вечарам пад відэазапіс. Калі вы пабачыце такі запіс, дзе палітзняволены кажа гэтыя словы, ведайце: гэта ўсё адбываецца пад ціскам. Напрыклад, калі я адмаўлялася прызнаваць законнасць гэтай таблічкі, гэтага прафуліку, я была змешчаная ў карцар. Усяго ў карцары я правяла трыццаць содняў, – заявіла Шарэнда-Панасюк.

Таксама яна распавяла пра здзекі з людзей, якія не прызнаюць законнасці прафілактычнага ўліку.

– 65-гадовая Ірына праходзіць у справе Аўтуховіча. Начальнік СІЗА асабіста пагражаў ёй згнаіць у карцары, а ў яе праблемы з ціскам і іншыя захворванні, звязанымі з узростам. Яе прымусілі залазіць на ложак на другі ярус. Яна сама гэтага зрабіць не магла, яе падсаджвалі ўсёй камерай, каб чалавек мог спаць.

Суддзя спрабаваў перабіць, але Паліна працягвала:

– Урэшце жанчыну змясцілі на 10 содняў у карцар. Супрацоўнікі СІЗА заяўляюць аб сваёй лаяльнасці да дзейснай улады, некаторыя з іх былі апазнаныя палітзняволенымі як людзі, датычныя да збіцця ў гаражах 9–10 жніўня, на тэрыторыі Ленінскага РАУС. Гэта не лаяльнасць да ўлады, гэта лаяльнасць да тэрарыстычнага рэжыму, ніякага апраўдання такой лаяльнасці быць не можа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(79)