Крах ІТ-краіны Лукашэнкі і палітэканомія беларускай рэвалюцыі

Піша Юры Дракахруст на Радыё Свабода.

Павал Лібер, адзін з кіраўнікоў ІТ-кампаніі EPAM, паведаміў, што менавіта ён быў кіраўніком групы стваральнікаў плятформы «Голас». Дзякуючы ёй упершыню атрымалася даказаць, што выбары ў Беларусі былі сфальшаваныя.

Дадзеныя «Голасу» не даказваюць перамогі Ціханоўскай, але прынамсі дакумэнтальна даказваюць, што 80% у Лукашэнкі дакладна не было.

Колькі гаварылася пра росквіт беларускай ІТ-індустрыі пад мудрым кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, пра ПВТ як прыклад здольнасьці беларускай сыстэмы да мадэрнізацыі!

Першым званочкам было вылучэньне ў прэзыдэнты Валера Цапкалы, калі не стваральніка, дык ініцыятара стварэньня ПВТ, шматгадовага кіраўніка Парку.

Другім — рэакцыя лідэраў беларускага ІТ на пасьлявыбарчыя зьверствы. Прычым самых аблашчаных, самых, здавалася б, надзейных і ляяльных: Аркадзя Добкіна, уладальніка таго самага EPAM, і Віктара Пракапені.

Трэцяе — адсутнасьць выразнай падтрымкі Лукашэнкі з боку нават афіцыйнага кіраўніцтва Парку, ня кажучы ўжо пра рэзыдэнтаў. На мітынгі «забацьку» зьбіраюцца мо і ня толькі пад прымусам, розныя ёсьць людзі. Але каго там не відно і не чутно, дык гэта прадстаўнікоў «ІТ-краіны».

Ну і чацьвёртае — «Голас» — магутную зброю супраць фальсыфікацыяў — «выкаваў», як высьвятляецца, топ-мэнэджар сэрца ПВТ, самай буйной і багатай кампаніі Парку.

Напэўна, усе гэтыя чыньнікі выклікаюць у Лукашэнкі ня толькі ярасьць, але і зьдзіўленьне: што ім яшчэ трэба, я ж ім усё даў, на руках вынасіў.

Той жа матыў гучаў і ў ягоныя выступе на МЗКЦ — што вам яшчэ трэба, я ж даў вам усё.

Сёе-тое, прызнаем, і сапраўды даў — і ПВТ, і МЗКЦ. А што ж ім і сапраўды яшчэ трэба?

Паводле клясыка — «людзьмі звацца», той самай свабоды трэба, пра якую ўдзельнікі праўладнага мітынгу хорам выгукнулі «Не!». Свабоды самай рознай: каму свабоды творчасьці, самарэалізацыі, Каму — ад кантрактнай сыстэмы, каму — свабоды ад гвалту, ад зьверстваў, ад хлусьні і фальсыфікацыяў.

Чым скончыцца беларуская рэвалюцыя — пакуль невядома. Але з улікам апісанай вышэй ролі і пазыцыі ў ёй ІТ-галіне можна прадказаць, што будзе зь Беларусьсю нават не ў палітычнай, а ў эканамічнай сфэры.

ІТ-галіну, адну зь нешматлікіх, якія вялі Беларусь у будучыню, яна страціць, з аазісу спрыяньня ператворыцца ў «чорную дзірку», у замінаванае поле з надпісам на мяжы «Danger».

Мо для Лукашэнкі тады сьвет стане больш адэкватным яго ўяўленьням — сядзь на трактар, вазьмі ў рукі рыдлёўку. Усё ж ня ўпісвалася неяк ІТ у гэты сялянскі парадыз ідэалягічна і эстэтычна.

У выпадку перамогі дзейнай улады ідэалёгія, эстэтыка і эканоміка прыйдуць у гармонію. Прадстаўнікоў якіх сфэраў эканомікі на мітынгі за Лукашэнку выводзяць, тыя сфэры і застануцца ў выпадку яго перамогі. Зьбіраюцца там ладнай, калі не пераважнай часткай, бюджэтнікі і прадстаўнікі самых адсталых, неэфэктыўных, стратных прадпрыемстваў.

Выступаючы на МЗКЦ, Лукашэнка рытарычна, як яму здавалася, спытаў: што вы есьці будзеце? Сустрэчнае пытаньне — а вы? Не, на пракорм асабіста яго хопіць у кожным разе, можа і на гвалтаўнікоў у амапаўскай форме хопіць. А вось удзельнікам «забацькавых» мітынгаў можа ўжо і не дастацца.

Что будет с белорусской экономикой, если Лукашенко сохранит/не сохранит власть

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(64)