Лица

«Крама» адзначыла 25-годьдзе вялікім канцэртам (фота)

12 лістапада вялікім канцэртам у сталічным Prime Hall 25-гадовы юбілей адзначыла легенда беларуская айчыннага року гурт «Крама». Удзел таксама ўзялі гурты Neuro Dubel, Trubetskoy, J-Moрс ды Палац.

Напярэдадні канцэрту Ігар Варашкевіч даў інтэрв’ю журналісту Радыё Свабода Ігару Карнею. Прапануем вашай увазе вытрымкі з іх размовы.

— Ігар, пасьля ўсіх выпрабаваньняў, што выпалі на долю калектыву, разьлічвалі на такое доўгажыхарства? Прыблізна ў адзін час з «Крамай» пачыналіся шмат якія праекты, але сёньня пра іх або не чуваць, або яны зусім кволыя...

— Шчыра кажучы, я пра гэта ня думаў, нічога такога не плянаваў. Я ў прынцыпе ніколі нічога не пляную, проста раблю тое, што мне падабаецца. Атрымалася — добра, але ня ўсё так проста. Шмат разоў мы ў прынцыпе маглі разысьціся, закрыць «Краму». Гэтага не адбылося. Мала за тое, мы прайшлі празь дзьве забароны — праўда, калі нядаўна быў на канале СТВ у Ягора Хрусталёва, той і намагаўся даказаць, што ніякіх забаронаў не было, маўляў, музыкам самім выгадна нічога не рабіць. Ну добра, не было дык не было, толькі чамусьці Лявон Вольскі па сёньняшні дзень забаронены. Дык вось праз усё гэта мы прайшлі, у тым ліку празь зьмены складу, бо ў сытуацыі няпэўнасьці людзі прыходзілі-сыходзілі. Прайшлі праз дастаткова сур’ёзныя творчыя спрэчкі. Але ўрэшце данесьлі свой сьцяг да саліднай лічбы — 25 гадоў.

— Дарэчы, можаце згадаць, калі апошні раз на біг-бордах у сталіцы рэклямаваўся канцэрт «Крамы»? Гэта тая самая «адліга»?

— Ды не было асабліва... Так, цяпер у невялікай колькасьць ёсьць, можа, нехта пасьля гэтага і скажа: ну вось, прадаліся рэжыму. Але ня думаю, што «адліга», у гэтым сэнсе я досыць пэсымістычна настроены чалавек. Хутчэй нагадвае нейкую гульню ў «адлігу». Нават тое, што 7 лістапада адбылося адкрыцьцё помніка Леніну каля МТЗ, як падчас «урачыстай цырымоніі» зьбілі Зьмітра Дашкевіча — гэта ніякая не «адліга», а працяг «глыбокай замарозкі».

— Тым больш, Ягор Хрусталёў паклікаў, хутчэй, па старой памяці, бо ў 1990-я сам рабіў музычныя перадачы. А Першы канал фактычна «кінуў»...

— Так, Першы канал сам прапанаваў трансьляваць канцэрт, нават пачалі рабіць фільм пра «Краму». А потым ад усяго адмовіліся. Мабыць, спачатку паглядзелі, што я буду гаварыць, як сябе паводжу, можа нарэшце стаў добрым, больш лагодным да ўладаў. Але я свае погляды ніколі не зьмяняў. І калі нават не кажу штосьці публічна, думаю і раблю ўсё тое самае, што і 25, 30 ці 35 гадоў таму.

Дарэчы, па-беларуску я пачаў сьпяваць яшчэ да «Крамы». Дзьве песьні існуюць ужо 30 гадоў, сёлета ў іх юбілей — гэта «Слуцкая брама» і «Стэфка», з рэпэртуару яшчэ «Бонды». Мы нават не зьбіраліся іх сьпяваць, але калі пачалі езьдзіць у Польшчу на «Басовішча», людзі прасілі, гэта галоўныя хіты іх жыцьця. Тады ўключылі ў рэпэртуар. Так што ў «Стэфкі» і «Слуцкай брамы» таксама юбілей, 30-гадовы.

— Ува што яшчэ выліўся вымушаны прастой, апроч маральнага дыскамфорту, зьнікненьня з радыё- і тэлеканалаў, адмены канцэртаў?

— Ну ўва што ён выліўся? У тое, што частка моладзі нас проста ня ведае. Для іх галоўны герой, пра што я неаднойчы казаў, — гэта Сяргей Міхалок. Які падчас першай забароны спакойна выступаў у Палацы спорту, сьпяваў свае песьні, кліп «Капітал» з Лукашэнкам круціўся на беларускіх каналах — ніякіх праблемаў. А мы ўсе былі растаптаныя. Праз гэта моладзь яго і ведае, тады як нас загналі ў падпольле. І цяпер, калі Сярожа стаў рэвалюцыянэрам (добра гэта ці ня добра — ня мне вырашаць), ён — герой. А ўсе астатнія — гэта адпрацаваны матэрыял, разумееце? Я, праўда, сябе не лічу «адпрацаваным», нямала людзей нас ведае і паважае, аднак для агульнай папулярнасьці змарнаваны час згуляў не на руку.

— Ці была рызыка развалу калектыву? Няма працы — няма стымулу...

— Рызыка была, але не з-за гэтага. Тут больш спрэчкі творчага характару. Мы ўжо даўно зразумелі, што шмат грошай не заробім, таму кожны для выжываньня займаецца сваёй справай. Прыкладам, гітарыст Сяржук Трухановіч — настаўнік, басіст Аляксандар Ванькевіч таксама выкладае. Я малюю, ёсьць іншыя заняткі. Кожны нечым займаецца, каб утрымліваць сябе і сям’ю.

— У актыве гурту — удзел і перамогі ў вялікіх рок-фэстывалях, як, скажам, «Пакаленьне» ў Маскве. Але чаму, у адрозьненьне ад украінскамоўных выканаўцаў, беларусаў за сваіх у Расеі так і не прынялі? Праўда, з улікам апошніх падзеяў у Крыме і на Данбасе рокеры з Украіны цяпер гэтаксама пэрсоны нон-грата...

— Адказу, каб на 100%, у мяне няма. Але ў такіх выпадках я заўсёды кажу: значыць, мы не такія таленавітыя. Хоць, па вялікаму рахунку, я нікуды адмыслова і ня лез. Тым ня меней, наша прынцыповае адрозьненьне ў тым, што ў нас шмат палітыкі ў тэкстах — і было, і ёсьць дагэтуль. Скажам, у «Акіяна Эльзы», нягледзячы на тое, што яны героі Майдану, у іх палітыкі ў песьнях увогуле няма. Яны проста выконваюць прыгожую музыку на сваёй роднай мове. А мы сьпяваем на мове, толькі не зусім роднай для беларусаў — беларусы не размаўляюць па-беларуску.

— Таму беларускамоўныя выканаўцы дагэтуль у меншасьці нават дома...

— Аднаму знаёмаму гітарысту паставіў запіс польскага блюзмэна Тадэвуша Налепы і запытаў: чаму той пачаў гэта рабіць яшчэ ў 1960-я і не сутыкаўся з такімі праблемамі, як мы? Ён адказаў: дык ён жа сьпявае на той мове, на якой размаўляе ўсё насельніцтва Польшчы! Там няма дзьвюхмоўя — ёсьць польская, і ўсё. А мы сьпяваем па-беларуску, размаўляем то так, то гэтак, асяродзьдзе вакол расейскамоўнае. Вось і думайце.

Зноў жа, галоўны герой Беларусі Міхалок на якой мове гаварыў, калі езьдзіў у ЗША? На расейскай, я чытаў камэнты ў Фэйсбуку. Але ж паляцеў у Штаты. «Крама» там была? Не. Гэта і да вас, Радыё Свабода — хэй, спадары! Ці беларуская суполка не такая, як украінская? Ці мы самі не такія? Арнамэнту на мне няма, без «Пагоні» на майцы? Зараз як? Напяліў бэйсболку зь вершнікам — і ўжо адразу супэрбеларус. Але любоў да Радзімы — не на бэйсболцы, не на цішотцы. Не сумнявайцеся, у мяне таксама ўсё гэта ёсьць. Любоў павінна быць у сэрцы.

— Нават у постсанкцыйных умовах зарабіць канцэртнай дзейнасьцю ў Беларусі складана. Як вынік, нават вядомыя музыкі пераарыентуюцца на кавэр-бэнды. Што з вашым клюбным праектам Los Bulbas?

— Los Bulbas ужо не існуе. Гэта была назва да майго заплянаванага сольнага праекту, які я пакуль што ня змог ажыцьцявіць. Потым назва перакачавала ў гэткі кавэр-бэндавы кабацкі склад. Безумоўна, тое быў вымушаны крок, але ўжо два гады там не працую. Тым ня меней, я не шкадую: гэта добрая практыка, плюс я сьпяваў толькі тое, што люблю, не было ні савецкіх песень, ні шансону, толькі рок-н-рол і блюз.

Тыя рэчы, якія былі яшчэ да зьяўленьня кавэр-бэндаў у гісторыі Беларусі, песьні, зробленыя ў 1990-я для паездак у Польшчу і Расею. Па вялікім рахунку, можна было і надалей працаваць, бо сабраўся добры кавэр-бэнд, мелі нармальныя грошы. Але скончылася, і дзякуй Богу. Цяпер гэтых гуртоў столькі, што ўжо проста ванітуе ад іх. Краіна стабільнасьці кавэр-бэндаў (сьмяецца).

...Стабільнасьць задзяўбла. Самы добры час быў, калі была нестабільнасьць. Я не жадаю, безумоўна, беларускаму народу нестабільнасьці, але цяпер настолькі поснае, пустое жыцьцё — аж да бессэнсоўнасьці. Мне ў горадзе ўвогуле няўтульна, нават дыскамфортна. Толькі калі еду ў лес, на рэчку, на возера — пачынаю адчуваць сябе чалавекам, дакранацца да энэргіі гэтай зямлі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)