«Краіну распрадаюць»
Віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас не выключае продажу беларускіх нафтатранспартных прадпрыемстваў.
Пра гэта ён заявіў журналістам 2 лютага. Прадпрыемствы могуць увайсьці ў сьпіс прадпрыемстваў, якія плянуецца прыватызаваць у гэтым годзе. Такі сьпіс будзе перададзены ўрадам кіраўніку Беларусі ўжо на наступным тыдні. Ад продажу гэтых прадпрыемстваў афіцыйны Менск хоча атрымаць 2,5 мільярда даляраў. Як ставяцца беларускія эканамісты да магчымасьці продажу ўсьлед за «Белтрансгазам» беларускіх нафтатранспартных прадпрыемстваў?
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка: «Краіну распрадаюць. Гэта спроба распрадаць і зрабіць прыгожа для беларусаў на адзін год. Эканамічна гэта наагул недапушчальна. Сядзелі, сядзелі, давялі ўсё да ручкі і потым пачынаюць распрадаваць. Прычым самі ж нічога не стварылі, толькі пабудавалі для сябе кватэры і дамы. На кожнага беларуса ўжо агульны доўг складае 2,5 тысячы даляраў — гуляюць хлопцы ў эканоміку ўжо 17 гадоў. А цяпер прадаюць. Ганьба! У любой краіне інфраструктура — ключавы элемэнт. Гэта самае дарагое, што ёсьць».
Эканаміст Міхась Залескі: «Яны ж залезьлі ў кішэню да Масквы і сядзяць там у кішэні як мышка. Проста рускія хацелі купіць нафтаправоды. Ну, гэныя ўзбрыкнулі крыху ў аглоблі. Зараз ім кажуць: ціха сядзіце і прадавайце тое, на што мы пальцам пакажам. Вось яны і будуць прадаваць. Грошай жа многа трэба, трэба ж з усімі разьлічвацца. Краіна падобная да арганізму, і мы прадаём часткі гэнага арганізму. Зь цягам часу любы продаж можа зрабіцца фатальным».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное