История

Андрэй Кныш

Краіна талераў. Якімі грашыма разлічваліся нашыя продкі

Ад першых манетаў — да папяровых асігнацый.

На раскопках пад Мінскам знайшлі срэбраны дырхем — арабскую манету VIII ст. Яе адшукалі пасярод старжытнага вала непадалёк ад ракі Менка, што ў ваколіцах вёскі Гарадзішча.

Пра знаходку, узрост якой можа налічваць 1250 гадоў, паведамляе сядзіба-музей «Стары Менск». Гэтая археалагічная сенсацыя — добрая нагода прыгадаць, якімі грашыма карысталіся нашыя продкі.

Ці ўсё ж не сенсацыя?

Арабскія дырхэмы, знойдзеныя ў ваколіцах Полацка. Фота: museum.by

У IX стагоддзі плямёны, што насялялі сучасную тэрыторыі Беларусі, пачалі наладжваць гандлёвыя сувязі з Усходам. Дзякуючы гэтаму на нашых землях пачалі масава з’яўляцца арабскія дырхэмы. Такім чынам, нядаўняя знаходка наўрадці стала вялікай сенсацыяй для адмыслоўцаў.

У наступныя стагоддзі, калі нашыя продкі пачалі гандляваць з еўрапейскімі княствамі, тут з’явіліся і пенязі — манеты, якімі карысталіся па ўсёй тагачаснай Еўропе.  

Тым часам нашыя суседзі займелі ўласныя грошы — срэбныя пруткі. У Кіеве яны называліся грыўнямі, жыхары Ноўгарада разлічваліся рублямі.

Першыя нашыя грошы

Віцебскі ізрой — так называліся першыя грошы, якія вырабляліся на нашых землях ад сярэдзіны ХІІ стагоддзя. Гэта былі срэбраныя пруткі, якія мелі заўважныя адрозненні ад аналагічных грошай суседзяў. Лічыцца, што менавіта яны сталі першымі ўласнымі грашыма Вялікага Княства Літоўскага.

Манета Ягайлы (прыблізна 1388-1390 гг.), знойдзеная на тэрыторыі Віленскага Ніжняга замка. Фота: skarbonka.ru

Гэта, аднак, не азначае, што на нашых землях не мелі абарачэння іншыя тагачасныя «валюты». Свае манеты білі вялікія князі Альгерд і Ягайла, Вітаўт і Аляксандр Казіміравіч. Дзякуючы апошнім на манетах з’явілася выява «Пагоні». Адначасова ў гандлі шырока ўжываўся пражскі грош. 

Эпоха талераў

Напрыканцы XV стагоддзя шырокую папулярнасць у Еўропе набывае талер, што звязваюць з адкрыццём на землях тагачаснай Чэхіі багатых радовішчаў срэбра.

Першапачаткова на тагачасных беларускіх землях хадзілі заходнееўрапейскія манеты, а ў XVII ст. талеры пачалі біць на каралеўскім манетным двары Сігізмунда ІІІ Вазы ў польскім Быдгашчы.

Талер, біты ў Быдгашчы. Фота: numisbids.com

На хвілінку вернемся ў нашу эпоху. Памяць пра талеры, як адну з самых папулярных у свой час валютаў на нашых землях, адлюстраваная ў літаратуры і музыцы. Гэтыя манеты ўзгадваюцца на першых старонках «Сівой легенды» нашага класіка Уладзіміра Караткевіча:

Іхнія старыя крэпасці, як Смаляны, Ворша, Магілеў, страшныя. Я не згадзіўся б абараняць іх нават пад пагрозай пазбаўлення раю (я ўсё адно, бадай што, туды не траплю), нават калі б мне плацілі не пяцьдзесят талераў, а сто.

А адным з галоўных хітоў папулярнага ў 90-я гурта «Камелот» была песня «Краіна талераў»:

Дарэчы, талеры маглі стаць беларускай валютай у пачатку 90-х. Меркавалася, што на купюрах будуць змешчаныя выявы нашых выбітных асобаў, што спрычыніліся да станаўлення беларускай дзяржаўнасці — ад Усяслава Чарадзея да братоў Луцкевічаў.

Эскізы талераў аўтарства мастака Лявона Бартлава

Але ў 1994-м у якасці нацыянальнай валюты быў абраны рубель — як нейтральная грашовая адзінка. Лічылася, што беларусы на той момант былі яшчэ не гатовыя вызначыцца, каго лічыць тымі самымі айцамі-заснавальнікамі нашай дзяржаўнасці.

Канец эпохі манет

Вернемся ў часы пасля Паўночнай вайны. У Рэчы Паспалітай пачалі біць медныя грошы — гаспадарка дзяржавы моцна пацярпела ад ваеннага ліхалецця. Медныя шелягі або «барацінкі» сталі сімвалам закату эпохі ўласных манет.

Апошнія манеты на землях ВКЛ былі выпушчаныя ў 1667 годзе.

Першыя папяровыя грошы, але не свае

Фота: prlib.ru

У 1769-м у Расіі пры Кацярыне II былі ўведзеныя першыя папяровыя грошы — асігнацыі. Гэта не былі класічныя папяровыя купюры, а хутчэй даўгавыя абавязацельствы, якія можна было памяняць на медныя манеты.

Яны і сталі першымі папяровымі грашыма для жыхароў тагачаснай Беларусі пасля таго, як Расія захапіла тэрыторыі ВКЛ ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай. Першыя ўласна беларускія грошы з’явяцца толькі праз два стагоддзі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(16)