Общество
Аліна Таранік

Краіна «б.у.»

У Беларусі адчыняюцца новыя камісійныя крамы, з'яўляюцца цэлыя вуліцы «сэканд хэндаў». «Салідарнасць» пацікавілася, ці мінчукі таксама пераходзяць на жыццё ў стылі Second Hand, колькі каштуе апрануцца там з ног да галавы ды ці прыносіць такі бізнэс сур'ёзныя грошы.

Увогуле камісійныя крамы падзяляюцца на тры групы паводле тавараў, якімі яны гандлююць. Гэта – вопратка, бытавая тэхніка ды мэбля. Акрамя таго, ёсць прадпрымальнікі, якія прадаюць адзенне, што было ва ўжыванні ў Заходняй Еўропе, і тады «буцікі» называюцца Second Hand. А вось ужываную мэблю і бытавую тэхніку часта можна пабачыць побач з новымі таварамі, якія праз нязначныя дэфекты не трапілі на прылаўкі звычайных крамаў.

Вось што высвятліла «Салідарнасць», вывучаючы камісійныя крамы ды cэканд хэнды:

Б\у бытавую тэхніку цяпер не здаюць. Так, па словах прадаўца адной з мінскіх крамаў, раней стаяла 10 пральных машын, а цяпер застаецца толькі 2. – Выбару няма і набываць няма чаго, – прызнаецца жанчына.

У краме з усёй б\у тэхнікі былі заўважаныя толькі адзінокі тэлевізар і вышэй узгаданыя машынкі.

Крамы з мэбляй адчулі, як крызіс матывуе пакупнікоў. У цяперашняй фазе крызіса, напрыклад, мэблю ўсё болей здаюць.

– Я бы не сказала, што апошнім часам набываюць болей. Звычайны для гэтага сезону попыт. А вось калі крызіс пачынаўся, то змяталі проста ўсё! Бралі мэблю, не звяртаючы ўвагі на яе кошт, а крама стаяла амаль пустая. Цяпер жа набываюць толькі ў выпадку неабходнасці: хтосьці – на лецішча, хтосьці – у здымную кватэру. Дарэчы, прыходзяць людзі з розным фінансавым становішчам, бо асартымент у нас – ад італьянскіх шафаў за 6 мільёнаў да тумбачкі за 30 тысяч, – паведаміла прадавец.

У крамах з адзеннем попыт за час крызісу не змяніўся. Рэчы ў самым буйным “сэкандзе” Беларусі, што на Куйбышава-46, прадаюць на вагу, а адзін кілаграм цяпер ацэньваецца ў 170 тысяч. Апрануцца ў такой краме з ног да галавы – майка, байка, джынсы, боты і куртка – у карэспандэнта «Салідарнасці» заважыла на 530 тысяч рублёў. Таксама ў краме пахваліліся, што нядаўна нехта зрабіў самую вялікую пакупку – на тры мільёны.

Купляйце беларускае

Адныя наведнікі зрэдку зазіраюць у cэканды…

– Мы заходзім сюды, толькі калі праходзім побач. Вось і сёньня пасля працы завіталі. Канешне, ёсць элемент грэблівасці, але на пажылую маму штаны можна набыць, што-небудзь для дома таксама. Хаця і тут ужо цэннік такі, што можна застрэліцца, – абурылася наведніца.

– Для мяне, у першую чаргу, гэта адзінае месца, дзе можна майкі класныя набыць, ну і розныя іншыя якасныя рэчы. Ды і тое, што танна, таксама важна, – кажа студэнтка, якая прыйшла ў пошуках фірмовых рэчаў.

Пра тое, што моладзь часта – асабліва ў час прывоза – зазірае ў “сэканды” кажуць і самі прадаўцы. Маладыя людзі тлумачаць гэта тым, што ў фірмовых крамах Jennyfer, Terranova, House выбар невялікі, а кошты завышаныя.

... іншыя перыядычна закупаюцца былым ва ўжыванні адзеннем:

– Я час ад часу заходжу ў такія крамы. У першую чаргу мяне вабіць цана, але і якасць таксама тут лепшая, чым у нашых тавараў. Дзіця ў беларускае апранаць не будзеш, а калі параўнаць з імпартнымі новымі рэчамі, то на іх усталёўваюць проста завоблачныя цэны. За мяжу выехаць атрымліваецца не болей двух разоў на год, таму купляю якасныя рэчы ў такіх крамах, – распавяла жанчына, якая прыйшла ў краму з дзіцячым вазком.

– Мне падабаецца якасць. Беларускае пасля другой-трэцяй сціркі губляе выгляд, расцягваецца, а тут добрыя рэчы. А яшчэ падабаюцца ветлівыя прадаўцы, – заўважыла іншая жанчына.

Ёсць і тыя, каго ў краму неновага адзення усё ж прывёў эканамічны крызіс у краіне:

– Раней радзей хадзілі, зараз перыядычна наведваем гэтыя крамы, – з сумам заўважылі адразу некалькі пакупніц.

Дарэчы, у адміністрацыі аднаго з сэкандаў паведамілі, што летам попыт быў значна большы, чым у тую ж пару 2010 года.

Цэлыя вуліцы Second Hand

У некаторых раёнах Мінску заўважна вялікае скапленне крамаў з былым ва ўжытку адзеннем. Напрыклад, у раёне Камароўскага рынку раскіданыя каля шасці сэкандаў, адзін з іх – на Кульман-14 – адчыніўся зусім нядаўна. Па праспекце Ракасоўскага (прыпынкі «Шэпічы» – «Пляханава») папросту не знайсці, дзе купіць новую вопратку.

– Я купляю сабе рэчы тут, бо дома застаецца вельмі хворая маці, а таму не магу праехаць далей, – распавяла адна жанчына ў сэкандзе на Ракасоўскага.

Заўважым, што тут у адным доме побач месцяцца салон пракату, сэканд хэнд ды дыскаўнтэр з канфіскаванымі рэчамі. Праз некалькі дамоў – зноў сэканд. Адчыніўся два месяцы назад.

– Мы хочам, каб людзі апраналіся прыгожа, – сказалі ў краме. – Да нас прыходзяць розныя пакупнікі. Тыя, у каго ёсць грошы, прыходзяць, каб атрымаць лепшы выбар, у каго грошай паменей – каб купіць патанней.

Па словах адной з гаспадыняў такіх крамаў, сэканды пастаянна зачыняюцца і адчыняюцца, і больш іх не становіцца.

– Нельга сказаць, што прадпрымальнікі маюць з гэтага бізнэсу вялікія грошы, – падсумавала суразмоўца.

Заўважым толькі, што існуюць цэлыя сеткі Second Hand. Напрыклад, «ЭкономСити» налічвае ўжо 14 крамаў, «Модны базар» – 3.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)