Скандалы

Зміцер Панкавец, Наша Ніва

«Крадзеж у тым, што я не даляцеў да Мінска». Былы пасол Беларусі ў Аргенціне пра «крадзеж» 2393 даляраў

Уладзімір Астапенка — былы пасол Беларусі ў Аргенціне, які асудзіў насілле і падтрымаў патрабаванні свабодных выбараў, стаў фігурантам крымінальнай справы.

Генпракуратура заявіла, што на дыпламата заведзеная крымінальная справа па артыкуле 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі». У віну паслу пастаўлены «крадзеж» у памеры 2393 даляраў. Астапенку можа пагражаць да 4 гадоў зняволення.

Цяпер Уладзімір Астапенка жыве ў Варшаве, працуе ў Народным антыкрызісным упраўленні (НАУ) з Паўлам Латушкам. Спадар Уладзімір расказаў «Нашай Ніве» падрабязнасці справы.

— Гісторыя дробная і гнілая. З майго гледзішча, яна не заслугоўвае ні часу, ні рэсурсаў, ні нерваў. Але з другога боку яны раздулі яе да такой вышыні, што аж мову займае.

Матэрыялаў справы пакуль не бачыў, але не сумняюся, што гаворка вядзецца пра авіябілеты. МЗС мне прапанаваў вярнуць грошы за білеты, якія мне набывалі для вяртання дадому. На гэта я адказаў ведамству, што пралёт дадому мне павінны аплаціць па ўсіх інструкцыях. Кажу, калі ж вы будзеце далей займацца вымагальніцтвам, то я гатовы прадставіць у судзе свае контраргументы. Такі ў нас адбыўся абмен думкамі.

Як разумею, з падачы МЗС гаворка перайшла з грамадзянска-прававой плоскасці ў крымінальную. Мяне абвінавацілі ў крадзяжы і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Ні з тым, ні з іншым я катэгарычна не згодны.

Гаворка ідзе пра цану білетаў па маршруце Буэнас-Айрэс — Мінск. Прычым гэта мінімальная цана, я знайшоў настолькі танныя білеты, што нікому і не снілася! Гаворка ж ідзе пра тры білеты. Паспрабуйце за менш як 700 даляраў злётаць да Аргенціны ці назад. Прэтэнзіі МЗС заключаюцца ў тым, што да Мінска я так і не даляцеў. Справа ў тым, што я змяніў маршрут і паляцеў да Варшавы.

Па інструкцыях, для эканоміі бюджэтных сродкаў рэкамендуецца пры палётах абіраць самы аптымальны маршрут. Я ляцеў праз Парыж. Мне здаецца, што кавалак дарогі Буэнас-Айрэс — Парыж увогуле ні ў кога не павінен выклікаць пытанняў. Сталіца Францыі была адзіным адкрытым акном ва ўмовах пандэміі. Але з Парыжа я паляцеў не ў Мінск, а ў Польшчу.

Тры білеты за кошт змены маршрута сталі яшчэ таннейшымі на 180 даляраў, і гэтыя грошы былі вернутыя ў дзяржаўную казну турыстычным агенцтвам. З Варшавы я напісаў у МЗС, што да Мінска я дабяруся без дадатковых бюджэтных расходаў, не задаючы нікому лішніх пытанняў. То бок я выканаў інструкцыю: я даляцеў дадому самым аптымальным маршрутам з эканоміяй бюджэтных сродкаў.

Уся мая сям’я са мной у Варшаве. І сын застаўся ў адрыве ад Радзімы, сяброў, школы. І жонка — з мамай і сяброўкамі не абнялася, не ўбачылася. Мы стаічна ўсе разам трымаемся.

Яны лічаць, калі я не даляцеў да Мінска, то я выкарыстаў гэтыя білеты ў асабістых мэтах. Гэта іх такая інтэрпрэтацыя. Я ж хацеў ехаць у Мінск машынай, але якраз у гэты час, у пачатку лістапада, Аляксандр Лукашэнка закрыў мяжу для грамадзян Беларусі, калі дамоў нікога не пускалі. Я лічу, што ляцеў строга ў бок дома і не адхіліўся ад маршруту нікуды: ні на поўнач, ні на поўдзень. Вось такая спрэчка і завязалася.

Раіўся з юрыстамі па дадзенай справе, яны мне казалі, што крымінальнай справай тут, вядома, не пахне. Максімум — грамадзянска-прававая спрэчка. Я чакаў сустрэчнай позвы МЗС па дадзеных білетах, рыхтаваў свае аргументы. Але ў выніку мне выставілі артыкул 210 КК «Крадзеж».

Калі ўжо цалкам дадаць, то раскажу, што МЗС палічыў усё. Білеты каштавалі 2020 даляраў. Тут дадалі 55 даляраў сутачных, калі ляціш больш за суткі. Дадалі кошт багажу — 300 даляраў.

Па багажы таксама ёсць каментар: паводле інструкцыі я маю права на 240 кілаграмаў багажу пры прылёце і апошнім вылеце, усе гэтыя рондалі, падушкі і г.д.

Калі б я адпраўляў багаж не суправаджальным грузам, то гэта б каштавала 10 даляраў за кілаграм, то-бок каля 2400 даляраў. Але я большасць рэчаў пакідаў там, з’ехаў з трыма скрынямі па 20 кілаграмаў (шкада, што зімніх рэчаў там не было). Такі багаж каштаваў мне 300 даляраў. Тут я сэканоміў радзіме больш за 2000 даляраў.

Апошні радок у гэтай калькуляцыі таксама ўражвае: мяне папрасілі вярнуць 18 даляраў як цану праезду двух аўтамабіляў у аэрапорт Буэнас-Айрэса і назад. Машыны пасольства чамусьці сталі таксі, хаця на той момант я быў дзейным паслом, не звольненым. Такая ў мяне з МЗС бухгалтэрыя.

Паслы маюць права карыстацца бізнес-класам, хаця я ніколі ім не карыстаўся, у адрозненне ад міністра і яго намеснікаў. Большасць паслоў таксама не карыстаюцца. Калі б я браў бізнес-клас, то білеты б каштавалі 3000 даляраў кожны. Але я свядома іх не браў, а набываў самыя танныя ў эканом-класе, сэканоміў на багажы, на пралёце да Варшавы. Суцэльная эканомія.

На вялікі жаль, Генеральная пракуратура не бачыць больш актуальных і важных тэмаў, якімі б яна займалася, чым займацца крымінальным пераследам пасла, які не даехаў да радзімы, а не займаецца больш рэзананснымі справамі, як забойствы людзей, гвалт, катаванні ў дачыненні да народа, які змагаецца за сваю лепшую долю».

Разговорчики в сети: «Экстремистское сообщество финансировалось за $15 тысяч, взятых с госпредприятия»

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(31)