КПСС як узор. Як Лукашэнка бачыць партыйную сыстэму

Валер Карбалевіч – пра ролю партыяў у сучаснай Беларусі.

– У пэрыяд палітычнага зацішша ўсіх ахапіў бум партыйнага будаўніцтва, – піша Карбалевіч. – Пра намер стварыць партыю заявілі штаб Віктара Бабарыкі, а таксама Павал Латушка і Андрэй Дзьмітрыеў. Партыйным жыцьцём зацікавіўся і Лукашэнка. 9 красавіка ён правёў нараду на тэму дзейнасьці партый.

Лукашэнка заявіў, што попыту на палітычныя партыі ў Беларусі нібыта не было і няма цяпер: «Як паказваюць розныя сацыялягічныя дасьледаваньні, узровень даверу да існых партый блізкі да статыстычнай хібнасьці... Партыйнае пытаньне бударажыць розумы толькі невялікай часткі палітызаванай публікі ў буйных гарадах».

На самай справе фундамэнтальныя прычыны слабасьці палітычных партый Беларусі палягаюць у тым, што ў краіне адсутнічаюць умовы, неабходныя для іх функцыянаваньня.

Партыі — гэта інстытут дэмакратыі. У Беларусі няма легальнай публічнай палітыкі, г. зн. барацьбы розных грамадзкіх сілаў за ўплыў на прыняцьце палітычных рашэньняў. У краіне адсутнічае мэханізм рэальнай палітычнай канкурэнцыі.

Калі зьвярнуцца да гісторыі, то ўзьнікненьне палітычных партый было абумоўленае зьяўленьнем двух грамадзкіх інстытутаў: парлямэнту і выбараў. Толькі ў рамках існаваньня прадстаўнічых органаў улады і дэмакратычных выбараў партыі могуць нармальна функцыянаваць і выконваць адведзеную ім ролю ў грамадзтве.

У Беларусі няма ні рэальных прадстаўнічых інстытутаў, ні выбараў. Ёсьць толькі іх сурагаты. У такой палітычнай сыстэме партыям проста няма месца. Ня дзіва, што ў такіх умовах яны апынаюцца на пэрыфэрыі грамадзкага жыцьця, ператвараюцца ў маргінальныя структуры.

Прычым, на што важна зьвярнуць увагу, у такім становішчы апынуліся як апазыцыйныя партыі, так і праўладныя. (Адметна, што цяпер у Палаце прадстаўнікоў наагул няма фракцый ні партыйных, ні пазапартыйных). Таму хутчэй трэба зьдзіўляцца, што партыі ўсё яшчэ існуюць. Бо ў створанай у краіне палітычнай сыстэме яны даўно сталі лішнім зьвяном.

Дзяржава актыўна супрацьдзейнічае разьвіцьцю партыйнай сыстэмы. Беларускія ўлады ўпарта супраціўляюцца ўвядзеньню прапарцыйнай выбарчай сыстэмы, у рамках якой галасаваньне адбываецца за партыйныя сьпісы. Такая сыстэма дзейнічае ва ўсіх суседніх краінах. У выніку там роля палітычных партый рэзка ўзрасла. Менавіта гэтага і не жадае існы рэжым.

Як можна зразумець з выступу Лукашэнкі на нарадзе, ідэальнай палітычнай сыстэмай для яго зьяўляецца савецкі лад, дзе дзейнічала адна партыя — КПСС, «якая тады была стрыжнем нашага грамадзтва». Па вялікім рахунку, гэта мадэль была ўзноўлена ў Беларусі. Толькі ролю КПСС выконвае выканаўчая «вэртыкаль».

Лукашэнка адзначыў, што ягоная «пазыцыя ў пытаньнях партыйнага будаўніцтва засталася нязьменнай». На «ўсебеларускім народным сходзе» ён выступіў супраць пераходу да прапарцыйнай ці нават зьмяшанай сыстэмы выбараў. Цяпер ён адзначыў, што партыі не павінны спрыяць «штучнаму падзелу беларускага грамадзтва».

Асабліва цікавая формула, прапанаваная Лукашэнкам: «Партыя мусіць быць падсправаздачная сваім сябрам, грамадзтву і дзяржаве». То бок, калі партыя падсправаздачная дзяржаве, то гэта праўладная партыя. Апазыцыйныя партыі пад гэтую формулу не падыходзяць.

Таму ўвесь сэнс нарады зводзіцца да таго, каб нічога не мяняць дзеля ўзмацненьня ролі партый у грамадзтве. Здаецца, робіцца ўсё наадварот. Лукашэнка ўзгадаў, што «на ўсебеларускім сходзе мы з вамі вызначылі дакладны альгарытм: прымаем закон аб партыях, затым максымум да канца году праводзім перарэгістрацыю ўсіх палітычных партый на падставе гэтага закону».

Штосьці мне падказвае, што апазыцыйныя партыі гэтую перарэгістрацыю ня пройдуць.

Карбалевич: «Притянуто за уши, чтобы обосновать конфронтацию с Западом»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(26)