Общество
Вольга Слуцкая

«Кожная выпаленая цыгарэта = сплочаныя табою акцызы Лукашэнку»

Блогераў натхніў прыклад аглядальніка благасферы Радыё Свабода Будзіміра, які на мінулым тыдні распачаў бестэрміновую галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнем Мікітам Ліхавідам. Адны прапануюць ШОС-дыету здароўя, паступова выводзячы з арганізму бульбу і адмаўляючыся ад чаркі і шкваркі.

Іншыя абіраюць дыету салідарнасці ў імя канкрэтнай асобы: не есці пасля 19-ці ў знак памяці пра 19 снежня і не ўжываць марозіва “Гоша”, бо ўладальнікам брэнду з’яўляецца Генадзь Давыдзька.

ШОС-дыета здароўя стартавала 4 красавіка, як кажуць яе аўтары adelka і lippa «у гонар здароўя і жыцця Будзіміра, а таксама ў імя будучага найхутчэйшага ШОСу» і працягнецца да 1 чэрвеня.

Патрабаванні ініцыятараў акцыі да рэжыму вельмі простыя: ШОС, 58 кг і джынсы 27 памеру ў якасці эталона.

Тым, хто хоча далучыцца, трэба выканаць чатыры простыя правілы:

1. Кожная выпаленая цыгарэта — сплочаныя табою акцызы Лукашэнку. Палім рэдка і толькі кантрабандныя.

2. Кожная лішняя калорыя працуе супраць цябе і супраць суайчыннікаў — аддаляе ШОС. Рэкамендуецца чырвона-зяленая дыета: па чарзе дзень — чырвоныя прадукты, дзень — зялёныя, у шабат — ежа арнаментальнага колеру.

3. ШОС-фітнэс: 3 км пешкі штодзень, штонядзелю басейн і саўна. Рэкамендуецца сауна з аднадумцамі пад ШОС-лозунгамі і размовамі.

4. Поўнае ўстрыманне ад сельскагасападарчых працаў. Як бы ні хацелася дроваў накалоць або бульбу пасадзіць, лепш скарыстацца імпартным польскім вуглём і галандскай бульбай. Хаця бульбу лепш паступова выводзіць з арганізму. Чарка і шкварка таксама жорстка не рэкамендуюцца.

Паэтка Валярына Кустава ў сваім блогу прапануе дыету салідарнасці — не такую радыкальную, як ШОС-дыету. Яна падзяляе меркаванне, што найзручней прытрымлівацца пэўных абмежаванняў дзеля нейкага канкрэтнага чалавека і абрала сабе Паэта, дзень народзінаў якога 9 ліпеня. Да гэтай даты і будзе доўжыцца яе дыета салідарнасці. Каб далучыцца, трэба найперш абраць таго, дзеля каго (у падтрымку каго) сядзеце на дыету. Далей выконваеце некалькі правілаў. Не ўжываеце беларускага і расійскага алкаголю (за выняткам — калі прыцісне – «Крамбамбулі», бо яе выпускае беларускі празаік Леанід Дайнэка з сынамі, ці самагону, зробленага сябрамі, ці самаробнага віна). Не ўжываеце салодкага (перадусім марозіва «Гоша», уладальнікам брэнду якога ёсць Генадзь Давыдзька, і адпаведна не абагачаеце іншыя дзяржаўныя брэнды).

Не ўжываем беларускую касметыку перад і пасля саунаў ды душаў (перадусім «Беліта»/ «Вітэкс»). Не ямо пасля 19-й (у знак памяці пра 19 снежня). Замяняем цыгарэты электроннымі альбо егіпецкімі з зёлкамі, якія мпенш шкодныя і натхняюць. Практыкуемся на трэнажорах салідарнасці: ровары, бегавыя дарожкі, баксёрскія грушы. І, натуральна, стараемся ўжываць здаровыя прадукты, думкі і настроі. П'ем шмат вады. Пажадана крынічнай ці святой — ад дэманаў.

Далучыцца да “народных” дыет можна ў сацыяльных сетках – праз Жывы часопіс і Фэйсбук.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)