«Кожная гісторыя павінна быць пачутая». У Вільнюсе прайшла акцыя ў падтрымку Васіля Верамейчыка

«Салідарнасць і ўзаемная падтрымка застаюцца нашымі галоўнымі інструментамі».

27 лістапада ў Вільнюсе прайшла акцыя падтрымкі, прысвечаная Васілю Верамейчыку — удзельніку пратэстаў у Беларусі і абаронцу Украіны, якога ўлады В’етнама выдалі рэжыму Лукашэнкі.

Акцыя беларусаў у Вільнюсе. Фота: https://t.me/tsikhanouskaya

На мерапрыемстве выступіў прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай Данііл Гаркавы. У прамове ён акцэнтаваў увагу на дзеяннях беларусаў, якія сутыкаюцца з праблемамі легалізацыі, а таксама на дапамозе Офіса ў падобных сітуацыях:

— Кожная гісторыя павінна быць пачутая, каб ніхто не застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. А калі вы сутыкаецеся са складанасцямі ў легалізацыі і не ведаеце, куды і да каго звярнуцца — напішыце нам, у Офіс. Мы падкажам вам, як вырашыць вашую праблему, і ў якую арганізацыю варта звярнуцца, — сказаў ён.

У цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, адзначыў Гаркавы, любое рашэнне аб адмове павінна прымацца індывідуальна і з улікам рэальных пагрозаў жыццю і здароўю чалавека.

— У сувязі з гэтым, нягледзячы на вялікі аб'ём дапамогі, які Літва аказвала і працягвае аказваць беларусам і беларускам, мы звяртаемся да мясцовых уладаў з наступнымі прапановамі:

  • старанна падыходзіць да праверкі справаў беларусаў. Для гэтага трэба стварыць механізм праваабарончай экспертызы, каб рашэнні аб адмове адпавядалі міжнародным стандартам, у тым ліку Жэнеўскай канвенцыі, і праходзілі дадатковую ацэнку рызыкаў;
  • прызнаць унікальны кантэкст беларускіх рэпрэсіяў, уключыць у сістэму гуманітарнай абароны асаблівую катэгорыю рызыкі: удзельнікаў ваенных дзеянняў на баку Украіны, добраахвотнікаў і ветэранаў;
  • супрацоўнічаць з праваабарончымі арганізацыямі: прыцягваць міжнародныя і нацыянальныя праваабарончыя інстытуты да маніторынгу рашэнняў аб прытулку і ацэнцы сітуацыі ў Беларусі.

Нагадаем, 13 лістапада былы добраахвотнік Палка Каліноўскага Васіль Верамейчык быў затрыманы ў Хашыміне (В’етнам). Паводле інфармацыі мясцовай паліцыі, якую паплечнікі Васіля атрымалі толькі 19 лістапада, ён быў экстрадаваны ў Беларусь ужо на наступны дзень — 14 лістапада.

Пазней стала вядома, што аперацыю арганізаваў КДБ Беларусі, выкарыстоўваючы ў якасці фармальнай прычыны затрымання бойку. Гэта пацвярджаецца і незвычайна хуткай экстрадыцыяй з В’етнама.

У Беларусі Васілю Верамейчыку пагражае больш за 20 гадоў турмы ці нават смяротнае пакаранне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(7)