Общество
Сяргей Балай

«Кожная адсідка – гэта духоўнае кшталтаванне»

У суботу на волю са спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну выходзіць сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

19 кастрычніка сканчваецца тэрмін абмежавання волі палітвязню, які апынуўся на «хіміі» пасля «Плошчы-2010», паведамляе прэс-служба БХД.

Напярэдадні вызвалення Павел Севярынец распавёў «Салідарнасці» пра свае планы на бліжэйшы час.

– Настрой, дзякуй Богу, бадзёры. Я ўдзячны Госпаду за больш чым два гады, праведзеныя ў Купліне, – кажа палітвязень. – Кожная адсідка – гэта духоўнае кшталтаванне. Для мяне асабіста – 2,5 тысячы лістоў, некалькі соцень наведванняў. Я адказаў усім і вось якраз зараз дапісваю апошнія радкі. Напісаў кнігу «Беларуская глыбіня», так што плён ёсць.

Вызваляць сустаршыню Беларускай Хрысіянскай дэмакратыі будуць а 10 раніцы ў суботу, 19 кастрычніка.

– Начальнік папярэдзіў, што сустракаць можна толькі ля КПП. Чакаю, канешне гэтых хвілін, але думаю, што і развітанне будзе шматлюднае і сяброўскае, – адзначае Павел Севярынец. – З прыходам у Купліне мы ўжо вельмі цёпла па-сяброўску развіталіся. Мне падарылі абраз святых Пятра і Паўла, плецены велікодны кошык і шкатулку ў выглядзе кнігі.

З сябрамi з Пружан – вернікамі Евангелькай царквы – развітанне адбудзецца ў пятніцу.

– Мы кожныя два тыдні ладзілі хрысціянскія віктарыны для «хімікаў», буду развітвацца з тымі сябрамі, з якімі мы ладзілі гэту справу.

На волі палiтвязень плануе адразу заняцца грамаскімі і партыйнымі справамі.

– Як я распытаў начальніка спеччасткі, прэвентыўнага нагляду не будзе, бо за час адбывання мной «хіміі» парушэнняў не было. У Віцебску будзе толькі пастаноўка на прафілактычны улік на 2 гады, – падсумаваў Павел Севярынец.