Филин

Ірына Марозава

Котаў: «Трэба ж нечым пацешыць просты люд. То чаму не сказаць, што за гэтыя 5 гадоў мы будзем жыць лепш і больш вясёла»

Анатоль Котаў — пра абяцанні ўладаў збудаваць спартыўна-аздараўленчы комплекс у кожным раёне. І што гэтым планам замінае.

Наведваючы Дзяржынскі раён, Аляксандр Лукашэнка адкрыў новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс і заявіў, што падобны — цягам наступнай пяцігодкі — мусяць пабудаваць к кожным раёне.

— Калі кожны чалавек, пачынаючы з дзіця, будзе клапаціцца пра сваё здароўе хоць бы па мінімуму, не трэба будзе ў аптэку хадзіць і ў бальніцу, — завіў правіцель. — І для таго каб вы не хадзілі па аптэках і шпіталях, мы будуем цэнтры здароў.

Акрамя відавочнай маніпуляцыі — натуральна, што ні пажылыя людзі, ні беларусы з інваліднасцю, ні тыя, хто мае хранічныя захворванні, не стануць здаравейшымі адно ад наведвання ФАК — гэтыя абяцанкі падазрона нагадваюць ранейшую праграму развіцця хакею.

Тады Лукашэнка таксама абвяшчаў, што лядовыя палацы і арэны мусяць быць хіба не ў кожным горадзе — а пасля 2014 года праграму згарнулі, замест 52 планаваных арэн збудавалі каля 30, дый тыя на самаакупляльнасць, а тым больш прыбытковасць за кошт спартовых заняткаў, шчыра скажам, не выйшлі.

А што наконт цяперашняй ідэі? Гучыць як быццам няблага, але ці трэба і, галоўнае, ці магчыма ў Беларусі пабудаваць столькі раённых спарткомплексаў?

— У адрозненне ад лядовых палацаў, якіх меліся ўзвесці ў некалькі разоў больш, чым пабудавалі, пабудова такіх аздараўленча-спартыўных комплексаў мае рацыянальнае зерне, — зазначае ў каментары Филину экс-генсакратар НАК Беларусі, кіраўнік міжнароднага дэпартамента Фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў.

На яго думку, калі б дзесяць-пятнаццаць год таму замест лядовых арэн улады будавалі нешта больш прыдатнае для паўсядзённага жыцця, то выдаткі на спартовую інфраструктуру далі б значна большы плён.

— Калі б гэта былі аб’екты для масавых заняткаў тымі відамі спорту, якія больш папулярныя ў беларусаўш, напэўна, больш карысныя і менш элітныя, чым той самы хакей, напэўна, можна было Лукашэнку ў пэўным сэнсе нават падзякаваць, — працягвае суразмоўца. — Аднак гэтага не адбылося.

Па-першае, таму што змяшаліся амбіцыі і татальнае неразуменне эканомікі лядовых комплексаў — іх у некаторых месцах пачалі будаваць, а потым кінулі. Адначасова не было грошай на больш танную, але больш запатрабаваную інфраструктуру.

Анатоль Котаў прыводзіць красамоўны прыклад з суседняй краіны, у параўнанне, як маглі б развівацца справы:

— У Польшчы была дзяржаўная праграма пабудовы так званых «орлікаў» — гэта простыя пляцоўкі, збольшага нават без даху. Там можна займацца футболам, баскетболам, пераважна гульнявымі відамі спорту, і яны карыстаюцца папулярнасцю і ў дзяцей, і ў старэйшага пакалення.

Бо ўсё ж такі самая галоўная падстава, каб менш хадзіць у тую самую аптэку — каб больш людзей мела нейкую актыўнасць. Таму ў нармальных краінах перавагу аддаюць таннай, дасяжнай, інфраструктуры, якая разлічаная на масавага карыстальніка і пры тым не патрабуе значных інвестыцый на ўтрыманне, рамонт і г.д.

Вельмі добрым момантам у новым комплексе ў Дзяржынску эксперт называе басейн: «Басейнаў  для заняткаў плаваннем у Беларусі, напэўна, менш, чым трэба, таму адзін з базавых навыкаў і найбольш карысных для людзей актыўнасцяў шмат дзе, на жаль, недасяжны.

І калі практыка будаўніцтва такіх комплексаў будзе распаўсюджаная з большым розумам — гэта, можна сказаць, адзін з тых выпадкаў, калі пасля 20 год памылак у рэшце рэшт прыйшлі да больш слушнага рашэння».

(Праўда, і ў Дзяржынску, паводле інфармацыі БЕЛТА, пытанне адкрыцця аддзялення па плаванні толькі «прапрацоўваецца» — то для каго ж тады басейн? — Ф.).

— Зрэшты, — разважае Анатоль Котаў, — ёсць сур’ёзныя сумневы, што грошы на нешта блізкае да таго, што пабудавалі ў Дзяржынску, будуць у кожным раёне. Аб’ект нібыта каштаваў амаль $10 мільёнаў — наўрад ці ўсе 118 раёнаў знойдуць такія сумы. А танней гэта зрабіць будзе цяжка, таму што басейн — даволі нятанная інфраструктура, якая будзе вымагаць і сур’ёзных выдаткаў на эксплуатацыю.

Розныя спецыялісты ў галіне масавага спорту неаднаразова казалі, што лепш бы ўлады ўклалі грошы ў добраўпарадкаванне і аднаўленне футбольных, баскетбольных палёў, — адкрытай інфраструктуры для масавага спорту.

Басейны ж у кожным раёне — тут без сур’ёзных разлікаў і адмысловай праграмы (у акупляльнасць такіх праектаў у беларускіх умовах наогул цяжка верыць) даволі складана прадказаць лёс новых шапказакідальнікіх планаў. Яны менш амбітныя, чым хакей, але ўсё ж амбітныя — таму дзесьці на палове шляху а мо і раней, усё гэта можа скончыцца.

Тым больш, ёсць досвед з лядовымі арэнамі — тыя, хто быў, так бы мовіць, у ліку «перадавікоў», першым збудаваў такія аб’екты, больш за ўсё і пацярпеў: ані Бабруйск-Арэна, ані іншыя падобныя аб’екты па-за межамі Мінска не могуць пахваліцца значнымі прыбыткамі.

І гэты досвед, мяркую, можа саслужыць дрэнную службу пры будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых комплексаў: ахвочых да пабудовы не надта танных аб’ектаў, якія трэба яшчэ ўтрымліваць і абслугоўваць, будзе не так шмат — а за зрыў планаў па пабудове 30 з нечым лядовых палацаў, як мы помнім, нікога не пакаралі.

Ці рэалістычныя заявы Лукашэнкі пра тое, што раённыя комплексы з’явяцца «цягам наступнай пяцігодкі»? Усё ж «Алімп» у Дзяржынску будаваўся амаль 2 гады, з красавіка 2022-га.

— Трэба ж нечым пацешыць просты люд, — іранізуе Анатоль Котаў, — то чаму не сказаць, што за гэтыя 5 гадоў мы будзем жыць лепш і больш вясёла. Трэба разумець: нават калі праект у Дзяржынску узяць за тыпавы, то з улікам узгадненняў, праектнай працы і г.д., такога класу комплекс патрабуе ў цяперашняй беларускай рэчаіснасці прыблізна 3 гады ад пачатку да здачы будынка.

Фактычна, калі выконваць планы на пяцігодку, то трэба ўжо заўтра пачынаць праектаваць спартыўна-аздараўленчыя комплексы. Але, хутчэй за ўсё, ніхто не будзе гэтага рабіць. Бо шмат кіраўнікоў раёнаў, як я ўжо казаў, улічваючы ранейшы досвед, не будуць лезці ў перадавікі, каб потым больш за ўсіх і пацярпець. Ім бы малочна-таварныя комплексы пабудаваць.

Таму, на маю думку, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў раёнах — гэта лепшая ідэя, чым палацы. Але ўсё адно трэба будаваць больш танную, адкрытую інфраструктуру. А што да басейнаў — неабходна складаць нейкую праграму, каб прынамсі зрабіць іх не надта стратнымі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(9)