В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Кот у мяшку

Якраз перад навагоднімі святамі нашы дысцыплінаваныя і абачлівыя парламентарыі зрабілі любімаму кіраўніку дзяржавы невялікі, але прыемны падарунак — прызначылі прэзідэнцкія выбары на 19 сакавіка 2006 года. Усё ў адпаведнасці з заканадаўствам, адзінадушна, раней за прывычныя тэрміны і, так бы мовіць, з відавочнай “казой” для апазіцыі.

Нечаканае і надзвычай хуткае рашэнне Палаты прадстаўнікоў для галоўнага кандыдата на вышэйшую пасаду ў краіне, бясспрэчна, не было ніякім сюрпрызам, бо без ягонага жадання не магло нарадзіцца нават у гарачлівай сівой галаве Сяргея Касцяна, а вось для “адзінага дэмакратычнага” і розных іншых прэтэндэнтаў на народнае прызнанне яно прагрымела, калі і прагназуемым, дык зусім не радасным раннім громам. Час падрыхтоўкі да лёсавызначальных выбараў скараціўся, магчымасці для “раскруткі” звузіліся, а стратэгію і тактыку цяпер трэба сур’ёзна ўдакладняць. Прасторы ж для манеўраў трагічна не хапае...

Усім зразумела, што невыпадкова ў апошнія месяцы дзяржаўныя органы жорстка перакрылі шлях да чытачоў “Народнай волі”, “Салідарнасці”, “Нашай нівы”, “Згоды”, многіх рэгіянальных незалежных выданняў. Невыпадкова з найвышэйшай паметкай “Тэрмінова!” у  Крымінальны кодэкс унесены даволі расплыўчата сфармуляваны артыкул аб адказнасці за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Невыпадкова на тэлеэкраны запу-шчаны новыя “забойныя” прапагандысцкія серыялы...

Нічога дзіўнага. Наш вельмі шчыры кіраўнік яшчэ ў жніўні сёлета прынародна прызнаўся, што выбарчая кампанія для яго “доўжыцца апошнія чатыры гады і пачалася пасля завяршэння прэзідэнцкіх выбараў 2001 года” (заўважце, тады Канстытуцыя не дазваляла трэцяга тэрміну прэзідэнцтва). Усё, аказваецца, загадзя было прадумана і пралічана, спланавана і прафінансавана. Смешна было прэтэндаваць на поспех са сваімі самаробнымі ўлёткамі і несанкцыянаванымі сходамі агэпэўцам, бэнээфаўцам, сацыялістам і лібералам, для якіх праблемай сталі нават рэгістрацыя і пошук офісаў...

Як модна цяпер казаць, “зачыстка” электаральнага поля ў Беларусі пачалася даўно і планамерна і з кожным годам, з кожным новым указам і дэкрэтам набывала небывалы размах і незваротны характар. Пакуль высакалобыя тэарэтыкі і задыханыя арганізатары апазіцыі шукалі спосабы аб’яднання і вызначэння агульнага лідэра, выпрабаваная ў непрымі-рымых ідэалагічных баях шматлюдная вертыкаль улады кантрактнай сістэмай і бязлітаснымі судовымі працэсамі заганяла грамадзян у “зону” маўчання і паслухмянасці. Грымелі “Дажынкі” і “Славянскі базар”, засыпала градам шайб заакіянскіх “зорак” непераможная хакейная каманда прэзідэнта, расплываліся ў ліслівых усмешках Пал Палыч Барадзін і запрошаныя на сяброўскае застолле правінцыйныя ра-сійскія газетчыкі. Дружна і настойліва, спярша сцішана, а потым усё больш гучна, над Дняпром і Прыпяццю грымеў чыноўны хор: “Мы — лепшыя, калі не ў свеце, дык у СНД! У нас самая справядлівая ўлада! У нас самы народны правадыр!” І, як лагічную выснову, як магічнае закліканне, як клятву адданасці, “прадстаўнікі мас” да месца і не да месца, але абавязкова ў прысутнасці “гаспадара” і тэлевізійных камер паўтаралі катэгарычны лозунг: “Няма і не можа быць замены сённяшняму кіраўні-ку!... Відаць, таму і сказаў у час паездкі да сваіх землякоў у пачатку лістапада Аляксандр Рыгоравіч з нязменнай сваёй адкрытасцю: “...Дзе вы падзенецеся, выбераце...”.

Яшчэ ён сказаў па-сялянску проста: “Навошта ката ў мяшку нейкага? Навошта шыла на мыла мяняць?..” Адно, праўда, карціць удакладніць: а хто ж быў загадкавым “катом у мяшку” ў 1994 годзе, які перамог на выбарах усемагутнага і раскручанага “брата Чарнамырдзіна” Вячаслава Кебіча? Няўжо за апошняе дзесяцігоддзе перадушылі ў нас усіх вольналюбівых і амбіцыйных “катоў”? Ці іх так глыбока загналі ў скураны мех рэпрэсій, што яны ўжо і мяўкнуць не маюць права?..

Цікава, як адрэагавалі на з’яўленне адзінага дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча нашы так званыя палітыкі. Спікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Канаплёў, як найбліжэйшы паплечнік сённяшняга кіраўніка краіны, быў рэзкі і безапеляцыйны: “Вылучэнне Аляксандра Мілінкевіча — гэта не выбар апазіцыі, а выкананне ўказання заакіянскіх сіл... Народ яго проста не ведае...” Шаноўны Уладзімір Мікалаевіч чамусьці не патлумачыў пры гэтым, як, на ягоную думку, можна ўведаць чалавека, калі яго не дапускаюць на тэлебачанне і радыё, калі шматтыражныя газеты робяць выгляд, што яго наогул не існуе, а сустрэчы з ім не дазваляюць не толькі ў клубах і школах, а нават каля заводскіх прахадных...

Калега Канаплёва дэпутат ПП Анатоль Красуцкі таксама прызнаўся, што не ведае Мілінкевіча: “Я як палітык добра калі адзін раз фатаграфію бачыў у газеце... Ну дык я ў палітыцы ўжо 30 год. А які просты рабочы чалавек ведае яго?” Ах, мудры вы наш Анатоль Васільевіч! Ну які вы, даруйце, палітык, калі не даяце сабе нават клопату проста ведаць апазіцыйных дзеячоў, якія прэтэндуюць на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. І не саромеецеся ў гэтым прызнавацца журналістам. І, здаецца, ганарыцеся гэтым. А просты рабочы, на якога вы спасылаецеся, калі і сапраўды не ведае і не чуў пра Мілінкевіча, хутчэй за ўсё нічагусенькі не ведае і пра вас. Так што не спяшайцеся запісваць сябе ў сур’ёзныя палітыкі...

А выбары наступнага года на самай справе — найважнейшая падзея ў жыцці народа. Пры адной умове: калі яны свабодныя, дэмакратычныя, справядлівыя. Калі кожнаму грамадзяніну забяспечана магчымасць выслухаць усіх кандыдатаў, задаць ім любое пытанне і атрымаць праўдзівы і канкрэтны адказ. Калі ў выбарчых камісіях будуць працаваць прадстаўнікі ўсіх палітычных сіл грамадства. Калі воля выбаршчыкаў будзе непахісным законам для ўлады...

Ну а калі прыняць лексіку некаторых нашых палітыкаў, дык хто ведае, каго нам лепш выбраць — “ката ў мяшку” ці “бульдога без намордніка”. Каго прынясе нам стамлёны Дзед Мароз у год Сабакі? Чаго чакаюць ад яго мілыя нашы дзеці і ўнукі, якім яшчэ жыць і жыць на гэтай зямлі?..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)