Филин

Юлія Кот

Коршунаў: «Паказаны дадзеныя, якія лепей бы не паказваць, каб не сесці ў лужыну»

Незалежны сацыёлаг — пра цікавыя лічбы афіцыйнага апытання. Як уладам не ўдаецца замясціць патрыятызм лаяльнасцю.

Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі апублікаваў вынікі тэлефоннага сацапытання, якое праводзілася з 27 сакавіка па 11 красавіка і было прысвечана Вялікай Айчыннай вайне і гістарычнай памяці. Акрамя стаўлення да Перамогі і подзвігу савецкага народа, даследчыкі высвятлялі таксама, як беларусы разумеюць патрыятызм.

Самы распаўсюджаны адказ на пытанне «Што для вас значыць быць патрыётам Беларусі?» — «Быць адданым беларускай зямлі і народу» (62,1%). Сярод іншых папулярных варыянтаў — «Паважаць дзяржаўную сімволіку і гісторыю Беларусі», «Любіць беларускую культуру і мову», «Жыць і працаваць у Беларусі».

Нягледзячы на бясконцыя вайсковыя вучэнні і мілітарысцкую рыторыку ўладаў, варыянт «Быць гатовым абараняць сваю краіну» абрала крыху больш як палова апытаных (54,5%). І яшчэ менш прыхільнікаў у адказу «Быць верным беларускай дзяржаве» — 45%.

Выглядае на тое, што апытанне не выканала задачу, дзеля якой замаўлялася ўладамі, і не пацвердзіла найвышэйшы ўзровень лаяльнасці грамадзян дзяржаве. Пракаментаваць лічбы афіцыйнай статыстыкі, а таксама «патрыятычныя» настроі беларусаў, якія чытаюцца паміж радкоў, Филин папрасіў старшага даследчыка Цэнтра новых ідэй, незалежнага сацыёлага Генадзя Коршунава.

— Тут зразумела, што хацелася некаторым адпрацаваць ідэалагічную павестку. Але, калі адкінуць у бок пэўныя метадалагічныя пытанні, то Інстытут сацыялогіі паказаў дадзеныя, якія лепей бы ім не паказваць, каб не сесці ў лужыну, — зазначае эксперт. — Калі паглядзець на даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, якое ладзіў Філіп Біканаў, — мы бачым, што насамрэч абсалютная большасць беларусаў з’яўляецца патрыётамі — тымі, хто любіць сваю краіну. Але справа ў тым, што карціна Беларусі ў галовах людзей вельмі розная.

Скажам, ёсць «савецкая» мадэль — гэта той наратыў, які прасоўваюць улады, а ёсць «нацыянальная» — тое, што ў прапагандзе называюць «свядомыя». І гэта палярныя рэчы. Аднак значная частка людзей малюе ў свядомасці сваю, асабістую карціну Беларусі, якая не вельмі ўкладаецца ў гэтыя палюсы.

Калі разумець агульны стан ідэнтычнасцяў менавіта так, то лічбы Інстытута сацыялогіі становяцца больш зразумелымі.

Мы бачым, што на першым месцы стаіць асноўнае для большасці апытаных — любоў да зямлі сваёй. І гэтая пазіцыя вельмі блізкая ўсім, незалежна ад таго, на якім полюсе, прасавецкім ці нацыянальным, знаходзіцца чалавек.

— Дзіўна, што ў апытанні гэта сфармулявана не простымі словамі «любіць Беларусь» ці «любіць родную зямлю», а так пафасна, «быць адданым». Як быццам нельга радзіму проста любіць…

— Калі не выносіць за дужкі пытанне прафесіяналізму таго, хто складаў такія адказы, тут шмат што можна казаць. Я таму і абазначыў напачатку, што відавочна хацелі адпрацаваць нейкі ідэалагічны момант, таму напхалі крыху пафасу. Хаця з навуковага пункту гледжання фармулёўкі мусяць быць больш нейтральнымі.

Але калі вярнуцца да адказаў, звярніце ўвагу, як яны размеркаваліся па папулярнасці. Вось на першым месцы — «любіць зямлю беларускую», гэта блізка ўсім. Незалежнасць Беларусі, як мы бачым фактычна па ўсіх апытаннях — абсалютная каштоўнасць для беларусаў, за ўваход у Расію выказваюцца 5-6%. Два моманты — незалежнасць краіны і нежаданне ўступаць у вайну напоўніцу — тое, што аб’ядноўвае ўсіх беларусаў.

Ідзем далей: на другім месцы стаіць павага да дзяржаўнай сімволікі і гісторыі Беларусі. Тут можна інтэрпрэтаваць вынікі і ў той бок, і ў гэты: і ў савецкі, і ў нацыянальны. Але тое  датычна больш сімвалаў; калі мы кажам пра шанаванне гісторыі — таксама можна ацэньваць па-рознаму, але на мой погляд, гэта ўсё ж не пра савецкі падыход.

Трэці па папулярнасці адказ —«Любіць беларускую культуру і мову». Тут таксама ёсць нюансы, аднак, паколькі закранаецца пытанне мовы — я казаў бы, што гэта больш на карысць нацыянальна- свядомаму руху.

Наступны адказ — «Жыць і працаваць у Беларусі». Тут наўрад ці нейкія падтасоўкі, гэта сапраўды вельмі важна. І па гэтаму моманту трэба будзе шмат працаваць, на яго, я лічу, трэба звяртаць асаблівую ўвагу СМІ. Хаця беларускія медыя ў выгнанні збольшага разумеюць, што адбываецца пэўны адрыў ад беларускай павесткі на месцах, усё ж трэба ўлічваць гэты фактар, і працаваць на тое, каб гэтага разрыву было меней.

Генадзь Коршунаў адзначае, што варыянт разумення патрыятызму «Быць верным беларускай дзяржаве» знаходзіцца ў ліку апошніх, толькі на шостым месцы:

— На мой погляд, гэта самае цікавае ў дадзеных, разрыў, на якім варта сфакусавацца: «Любіць беларускую культуру і мову» — на трэцім месцы, а «Быць верным дзяржаве» — на шостым. Бо гэта менавіта тое, на што намагаецца рабіць упор беларускі рэжым, калі не грамадства, не краіна, а менавіта дзяржава высоўваецца на першае месца. Але, як мы бачым, не вельмі ў іх гэта атрымліваецца.

У іхняй логіцы, логіцы рэжыму, гэтая пазіцыя мусіла б быць на першым месцы. І тое, што Інстытут сацыялогіі паказвае, што гэта далёка не так — мяркую, іхні ідэалагічны пракол. Савецкая ўстаноўка на перавагу дзяржавы, нягледзячы на ўсе высілкі, не ў топе прыярытэтаў.

На думку даследчыка, рэч не ў тым, што беларуская сістэма недапрацоўвае ў ідэалагічным плане — устаноўкі выкручаныя на максімум, але ўдзейнічаюць яны на людзей неэфектыўна. Беларусы, якія пабачылі ў 2020 годзе, чым можа быць дзяржава — інструментам рэжыму, а не праявай грамадства — не спяшаюцца прысягаць ёй на вернасць.

Тым не менш, гэтыя лічбы апублічаныя — спроба зрабіць добрую міну пры дрэнная гульні ці чыйсьці недагляд?

— Калі беларускія прадзяржаўныя эксперты намагаюцца казаць нешта неўзгодненае, яны вельмі часта пракалваюцца, — гаворыць Генадзь Коршунаў. — Так, напрыклад, у выступе аднаго з экспертаў БІСД (Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў) прагучала, што грамадзяне — гэта рэсурс для дзяржавы. Нішто сабе.

Ва ўсім дэмакратычным свеце людзі, народ — гэта крыніца ўлады, а ў нас шчыра кажуць: ды ніякая не крыніца, проста рэсурс. Тое ж самае і тут: па гэтым даследаванні мы бачым, што дзяржава далёка не на першым месцы ў вызначэнні патрыятызму для беларусаў.

І гэта таксама было чакана, бо па шмат якіх даследваннях, якія праводзіліся і да 2020 года, і зараз, бачна, што запыт на раздзяржаўліванне, змяншэнне ролі ўладаў, размеркаванне ўладных паўнамоцтваў на больш нізкія ўзроўні — ён у грамадстве вялікі. Інстытут сацыялогіі фактычна спраўджвае гэту інфармацыю, сам не разумеючы, што гуляе тут супраць рэжыму Лукашэнкі — не тое каб моцна, але бачна.

— Ці можна зрабіць выснову, што і беларусы ўнутры краіны, якія ставяць родную зямлю і народ вышэй за дзяржаву, падсвядома адмяжоўваюць сябе такім чынам ад рэжыму?

— Так, цалкам слушная выснова. Прытым варта мець на ўвазе, што гэта было тэлефоннае апытанне. І сказаць, што патрыятызм не звязаны з любоўю да дзяржавы, думаю, шмат каму было цяжка. Таму, мяркую, лічбы тых, хто выбраў гэты варыянт, у рэчаіснасці яшчэ ніжэйшыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(15)