У Віцебскай вобласьці памёр 57-гадовы рэжысэр народнага тэатру. У яго быў каранавірус

30 красавіка ў Лёзьне памёр краязнаўца і рэжысэр лёзьненскага народнага тэатру Генадзь Цыганкоў. Пра гэта Свабодзе паведаміў віцебскі рэжысэр Ігар Баярынцаў.

Фота са старонкі Укантакце

Па ягоных словах, у 57-гадовага мастацкага кіраўніка лёзьненскага народнага тэатра быў выяўлены каранавірус.

Баярынцаў дадаў, што ў Цыганкова да таго ж быў цукровы дыябэт і ён быў больш уразьлівым да вірусу.

Пра свайго калегу Ігар Баярынцаў напісаў у сябе ў фэйсбуку.

«Найлепшыя гады свайго жыцьця ён аддаў маленькаму мястэчку на мяжы з Расеяй. Ставіў спэктаклі, арганізоўваў раённыя тэатральныя фэстывалі, аказваў неацэнную дапамогу вясковым тэатральным калектывам. Са сваімі спэктаклямі неаднаразова ўдзельнічаў у абласных фэстывалях тэатральнага мастацтва, шмат гастраляваў».

Па словах Баярынцава, Генадзь Цыганкоў шмат зрабіў, каб вярнуць імя Марка Шагала ў Лёзна. Бо па некаторых зьвестках, Шагал нарадзіўся ня ў Віцебску, а ў суседнім Лёзьне. З гэтай нагоды Генадзь Цыганкоў стварыў у Лёзьне раённае шагалаўскае сьвята.

Генадзь Цыганкоў быў вядомы і як краязнаўца.

— Я жыву ў самым паўночна-усходнім кутку краіны, Лёзьненшчыне — пісаў Цыганкоў, — радзіме Шагала, Нікіфароускага, Міхася Лынькова, кінакрытыка Эўфрасіньні Бондаравай і іншых цікавых асобаў, ад якой дзяржаўная мяжа са Смаленшчынай крышку болей за 10 км. Часта ў тых, што завітваюць да нас, узьнікае зьдзіўленьне: што ў нас гавораць слова «мальцы», а ня «хлопцы», што мы размаўляем, як, дарэчы і кожны памежны рэгіен, на сваёй асобнай мове — над якой усе грамацеі сьмяюцца і лічаць яе трасянкай... Ёсьць у нас свае асобныя традыцыі, звычаі і міты (падобныя на творы Гогаля ці Баршчэўскага).

Па інфармацыі Віцебскага абласнога штабу супрацьдзеяньня пашырэньню каранавірусу, па стане на 17 красавіка ў Лёзьненскім раёне былі зафіксаваныя 22 выпадкі захворваньня на COVID-19.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(9)