Скандалы

Кондрусь распачаў спробу самагубства ў зале суда

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 16 лістапада пачаўся разгляд справы Уладзіміра Кондруся — удзельніка Плошчы-2010, якога затрымалі праз 5 гадоў і судзяць за ўдзел у масавых беспарадках. Яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

13.20. Суд аднавіўся на хвіліну. Суддзя сказала, што Кондрусь выдалены ў сувязі зь ягонымі паводзінамі. У адказ на гэта раздаліся пратэсты. Статкевіч і Севярынец уголас заявілі, што гэта судзілішча: «Як вы можаце судзіць чалавека безь яго самога?».

Пасля гэтага суд пайшоў вырашаць, ці трэба прызначыць стацыянарную судова-псыхіятрычную экспэртызу Кондрусю. Пракурор ня супраць, адзначае Радыё Свабода.

Суд вырашыў прызначыць падсуднаму стацыянарную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу. Ягоныя паводзіны ў судзе суд назваў няўдалай спробай суіцыду.

Экспэртызу даручана правесьці камітэту па экспэртызах. Суд на час экспэртызы адкладзены.

12.30. Маёр міліцыі абвясціў, што Кондрусю аказвецца кваліфікаваная мэдычная дапамога, ягонаму жыццю нічога не пагражае, паведамляе Радыё Свабода. Частка публікі адмовілася пакідаць залю.

12.15. Эдуард Пальчыс пiша: «Кондрусь распачаў спробу самагубства ў зале. Неяк пранёс лязо. Гэта пекла нейкае. Накшталт нічога не паспеў зрабіць, канвойных спынілі».

Радыё Свабода, у сваю чаргу, паведамiла, што суд тэрмінова перапынілі, бо крычаць, што Кондрусь рэжа вены. Журналістаў выдаляюць з залі.

фота Сяргея Гудзіліна

10.45.Кондрусь, трапіўшы ў клетку ў зале суда, амаль адразу лёг у ім на падлогу. Пасяджэнне вядзе суддзя Святлана Бандарэнка, паведамляе Наша Ніва.

Увогуле, на працэсе прадугледжаныя надзвычайныя меры бяспекі. Уваход адбываецца праз рамку металашукальніка, усіх пільна абшукваюць і здымаюць на відэа. Партатыўная відэакамера прышпілена нават да курткі аднаго з міліцыянтаў у цывільным, які праглядае асабістыя рэчы тых, хто прыйшоў на працэс.

На працэс прыйшлі палітыкі Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, Павел Севярынец і блогер Эдуард Пальчыс.

«Слава герою!» — выклікнуў Статкевіч, калі Кондруся ўвялі ў залу.

Так сёння выглядае Уладзімір Кондрусь

У сваю чаргу, Кондрусь, трапіўшы ў клетку ў залі суда, адразу зрабіў сабе на падлозе імправізаваны ложак з уласнага верхняга адзення і лёг на яго, заклаўшы рукі за галаву.

Суддзя Бандарэнка адразу ж абвясціла 10-хвілінны перапынак, каб адвакат Мушынскі пагаварыў з Кондрусем пра яго паводзіны. Аднак пасля кароткай размовы Кондрусь вярнуўся на свой «ложак».

Кондрусю пагражае зняволенне за «ўдзел у масавых беспарадках»

Такім чынам прайшло каля 20 хвілін. Нічога не змянілася: Кондрусь ляжаў на падлозе, адвакат Мушынскі сядзеў за сталом. Суддзя адсутнічала. Тым часам Павел Севярынец пайшоў «у народ».

«Палова беларускага народу так ляжыць, - абвясціў ён міліцыянтам. — А вы гэта ахоўваеце!».

Праўда, на міліцыянтаў, здаецца, яго прамова аніяк не паўплывала.

* * *

Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА №1 Мінска.

Бацькі, сястра і адвакат Уладзіміра не могуць распавесці СМІ падрабязнасці справы — яны далі падпіску аб неразгалошванні.

Сам Уладзімір амаль два месяцы адмаўляўся ад ежы, пасля чаго стан яго здароўя моцна пагоршаў: ён не мог нават самастойна хадзіць.

Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітвязнем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)