Общество
Сяргей Астраўцоў, ”Радыё Свабода”

“Колькі зможам, да смерці будзем цярпець”

На чацьверты дзень галадоўкі вернікаў гарадзенскай парафіі Маці Божай Вастрабрамскай у дзьвюх удзельніц здарыўся гіпэртанічны крыз. У капліцу прыяжджала хуткая дапамога. Адна жанчына спыніла галадоўку й знаходзіцца цяпер дома. Ксёндз Аляксандар Шэмет зьвярнуўся з заявай у абласную ўправу аховы здароўя, просячы забясьпечыць галадоўніц мэдычным наглядам. Сёньня капліцу Маці Божай Вастрабрамскай наведаў карэспандэнт «Радыё Свабода».

Калі я ўвайшоў у прыбудову капліцы, маладзейшая галадоўніца Ірына Вялічка вымярала ціск Станіславе Фрыдрых, а ксёндз Аляксандар Шэмет размаўляў па тэлефоне. На сталах стаялі кубкі для гарбаты, бутэлькі з вадой і сокам, што ўжываюць галадоўніцы. Айцец Аляксандар паведаміў, што яны напісалі заяву ў пракуратуру на ўправу аховы здароўя, паколькі мэдыкі павінны дбаць пра галадоўніц, а ва ўправе якраз цягнулі з адказам. Парафіяне таксама рыхтуюць іншую паперу, сказаў сьвятар.

(Шэмет: ) “І яшчэ мы рыхтуем ліст у пракуратуру Беларусі і ў Савет міністраў пра тое, што мы заклапочаныя паводзінамі старшыні аблвыканкаму Саўчанкі, які выказаў свае меркаваньні пра тое, што сьвятары — злодзеі й што яны раскрадаюць грошы, якія прызначаныя на будаўніцтва касьцёлаў, таму яно зацягваецца. Мы просім прыцягнуць яго да адказнасьці за ягоныя словы”.

Сьвятар тлумачыць, што на сустрэчы з кіраўніком аблвыканкаму Ўладзімерам Саўчанкам дзесяць дзён таму ім далі зразумець, што спачатку трэба закончыць недабудаваныя касьцёлы ў раёнах Дзевятоўка і Вішнявец, а таксама побач з горадам — у пасёлку Паўднёвы, а потым пачынаць новую будоўлю. На сустрэчы з Саўчанкам разам з ксяндзом былі 25 вернікаў.

У самой капліцы, калі я ўвайшоў, на лавах сядзелі каля пятнаццаці вернікаў, а галадоўніцы ляжалі ў спальніках перад алтаром Маці Божай Вастрабрамскай. Я пацікавіўся, як пачуваецца адна зь іх — Тэрэса Чушэль.

(Чушэль: ) “Ну, так паціхеньку, галава кружыцца, але падтрымліваем сябе — вітамінку возьмем, вадзічкі п’ем болей. Сэрца рытм падвышаецца, але церпім, будзем цярпець колькі зможам, да сьмерці будзем цярпець”.

Сёньня ў капліцы разам са сьвятаром 17 галадоўнікаў. Ці мяркуюць улады нейкім чынам паскорыць разгляд заявы пра будаўніцтва касьцёлу, чаго дамагаюцца ўдзельнікі акцыі пратэсту? Кіраўнік абласнога савету ў справах рэлігіяў Ігар Папоў на званкі не адказваў. Мне ўдалося толькі дазваніцца да аднаго зь ягоных падначаленых.

(Чыноўнік: ) “Ніякіх камэнтароў вы не атрымаеце, давайце нам сюды ў савет пісьмовую просьбу, тады будзем весьці размову. Па тэлефоне мы нікому ніякіх камэнтароў не даем”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж там людзі сёньня галадаюць, што з гэтым?”

(Чыноўнік: ) “А нічога: усё, што вам вядома, тое і ёсьць”.

Адзін са сьвятароў, які папрасіў мяне яго не называць, зазначыў, што акцыя пратэсту ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай выклікала рэакцыю салідарнасьці ў іншых каталіцкіх парафіях Гарадзеншчыны. Па-першае, каб выказаць падтрымку, галадоўнікаў наведаў сам гарадзенскі біскуп Аляксандар Кашкевіч — чалавек асьцярожны й дыпляматычны. Па-другое, у выходныя ў іншых храмах ксяндзы гаварылі людзям, што галадоўнікі змагаюцца за ўвесь касьцёл, каб яго не ўціскалі, каб улады дазвалялі будаваць новыя храмы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)