Общество
Eolonir

Колькі людзей пойдзе на “Эўрапэйскі марш”?

Дзень таму самая папулярная суполка беларускага ЖЖ minsk_by правяла апытаньне, колькі людзей пойдзе на Эўрапэйскі марш. Натуральна, на асаблівую рэпрэзэнтацыйнасьць галасаваньня разьлічваць ня варта: усё-ткі Інтэрнэт-насельніцтва – гэта далёка ня ўся Беларусь. У дадатак да таго на ім атабарылася занадта шмат людзей, у якіх папросту процьма вольнага часу і якія адпускаюць бессэнсоўныя камэнтары амаль да кожнага допісу. І тым ня меней.

У галасаваньні ўзялі ўдзел ля 200 людзей, што з’яўляецца своеасаблівым рэкордам для такога роду ЖЖ-апытаньняў. І апынулася, што пойдзе прыблізна адна траціна. Палова ня пойдзе, бо (цытую) “не дае веры апазыцыі”. Вынікі можна праглядзець тут.

Burbalka піша пра пытаньні, якія задаюцца прэтэндэнтам на паступленьне на дзяржаўную службу. Для параўнаньня, з уласнага досьведу скажу, што ў аніводнае краіне сьвету з больш-менш дэмакратычнай формай кіраваньня такіх іспытаў не праводзіцца. Для ХХІ стагодзьдзя больш дарэчна гучыць пытаньне да будучых Чэрчыляў наконт прыярытэтаў зьнешняе палітыкі краны. Ня тое каб у той жа Польшчы не было ідэалёгіі – папросту яна фармуецца іншым чынам. Як асноўны пастулат выступае дабрабыт нацыі і кожнага асобнага грамадзяніна. Ужо потым прыходзяць аспэкты дапамогі Ўсходу, дэмакратызацыі Беларусі ды пасяродніцтва ў Аўганістане як місыі паньства. Ды й тое яны фармуюцца вельмі хаатычна, кіруючыся ў першую чаргу эканамічнымі інтарэсамі. Піраміду Маслоў яшчэ ніякамі Піначэту аспрэчыць не задалося.

Наадварот, той самы спадар Аўгуста быў вымушаны падчас пабудаваньня свайго рэпрэсыўнага апарату адкруціць шрубы эканамічнага разьвіцьця. Лёгіка простая: сфармаваць сярэднюю клясу, у асяродак якое не маглі б пралезьці камуністычныя ідэі (праз непатрэбнасьць апошніх). Ну й, натуральна, атрымоўваць дастаткова падаткаў, каб утрымліваць рэпрэсыўны апарат сваёй улады.

А ці можна сфармаваць сярэднюю клясу з камуністычнай ідэалёгіяй, ды й яшчэ каб яе не апанавалі капіталістычныя ідэі? Супярэчнасьць у самой фармулёўцы пытаньня.

Падобна, што беларускі ЖЖ папросту ня можа існаваць без скандалаў накшталт deroper‘аўскіх. Lenin122 пачаў раскрутку ідэі, што адлічаны з Акадэміі кіраваньня студэнт Юры Алейнік насамрэч з’яўляўся агентам КДБ. А чым скончылася гісторыя з тым самым deroper‘ам? Такое адчуваньне, што такім жа ж чынам згарнецца й гэтае сьледзтва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)