Колькі беларускія ўлады могуць зарабляць на мігрантах
Студэнтам беларускіх ВНУ і супрацоўнікам прадпрыемстваў прапаноўваюць зьбіраць грошы і рэчы для дапамогі мігрантам. Сама дзяржава ў гэты ж час можа на іх прысутнасьці зарабіць, піша Радыё Свабода.
Фото Радыё Свабода
Колькі мігрантаў скарысталася «беларускім» маршрутам
Міграцыйны крызіс на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу распачаўся ў канцы траўня 2021 году. Дробныя групы мігрантаў з Іраку і Сырыі заўважалі на мяжы Беларусі і Літвы і раней, аднак масавы характар праблема набыла пасьля інцыдэнту з лайнэрам авіякампаніі «Ryanair» 23 траўня.
Дакладную колькасьць мігрантаў, якія прыехалі за гэты час у Беларусь, ацаніць складана. Да пачатку жніўня на тэрыторыю Літвы зь Беларусі трапіла каля 4 тысяч мігрантаў.
Памежная служба Польшчы паведамляе, што на канец кастрычніка (плынь мігрантаў пераарыентавалася зь Літвы на Польшчу на пачатку жніўня. — РС) зафіксавала каля 16 тысяч спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы. Прыкладна 1500 чалавек разьмясьцілі на тэрыторыі адмысловых прытулкаў у Польшчы, іншых вярнулі на тэрыторыю Беларусі.
Улады Нямеччыны паведамляюць, што толькі з пачатку лістапада афіцыйна вядома пра 572 мігрантаў, якія трапілі на тэрыторыю краіны празь Беларусь і Польшчу. Агулам з пачатку 2021 году ў Нямеччыну нелегальна трапілі больш за 8 тысяч мігрантаў, асноўная маса якіх скарысталася «беларускім» маршрутам.
На тэрыторыі Беларусі па стане на пачатак лістапада можа знаходзіцца як мінімум некалькі тысяч мігрантаў з краінаў Блізкага Ўсходу і Іраку. Толькі ў стыхійным лягеры ля памежнага пераходу Кузьніца — Брузгі іх каля 2 тысяч чалавек. Відавочцы паведамляюць пра вялікія групы мігрантаў, заўважаныя ў Менску і Горадні.
Такім чынам, можна меркаваць, што ад пачатку міграцыйнага крызісу ў чэрвені 2021 году па сёньняшні момант праз тэрыторыю Беларусі прайшлі (альбо знаходзяцца там цяпер) некалькі дзясяткаў тысяч мігрантаў.
Са словаў саміх мігрантаў, кожнаму зь іх пераезд з Іраку ці Сырыі ў Нямеччыну празь Беларусь нелегальным спосабам каштуе каля 10 тысяч даляраў. Пра гэта ў размове са Свабодай паведаміў мігрант з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід. Па яго словах, 3,5 тысячы людзі плацяць пасярэднікам адразу, яшчэ 6,5 тысячы даляраў трэба заплаціць ужо на тэрыторыі Нямеччыны.
Прыкладна такія ж сумы ў размове з Deutsche Welle агучыў і дырэктар прытулку для мігрантаў у нямецкім Айзэнхютэнштадце Олаф Янсэн. Па яго словах, пасярэднікі на атрыманыя ў мігрантаў грошы набываюць ім квіткі на самалёт да Менску, аплачваюць беларускую візу і страхоўку, пражываньне ў гатэлях на тэрыторыі Беларусі, перавозку аўтобусамі да мяжы.
Сабекошт перавозкі кожнага мігранта з Іраку ці Сырыі да мяжы Беларусі з Польшчай можа залежаць ад пачатковага месцазнаходжаньня і ад працягласьці знаходжаньня ў Беларусі. Відавочна, што пэўную суму з атрыманых ад мігрантаў грошай забіраюць сабе пасярэднікі. Рэшта асядае ў Беларусі.
Колькі каштуе для мігранта беларуская віза, квіток да Менску і пражываньне ў гатэлях
З 1 студзеня 2017 году любая беларуская віза для грамадзянаў краін, якім яна неабходная, каштуе 60 эўра. Выключэньне для дзяцей да 14 гадоў — ім візы робяць бясплатна. Атрымаць візу можна ў беларускім консульстве і на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту Менск. Аднак там віза будзе каштаваць ужо даражэй — 90 эўра, калі ў краіне чалавека, які зьвярнуўся па візу, няма беларускага пасольства. І 180, калі такое пасольства існуе.
Паводле паведамленьняў саміх мігрантаў, візы для ўезду ў Беларусь частка зь іх атрымлівае менавіта пасьля прыбыцьця ў Беларусь. І ў Іраку, і ў Сырыі ёсьць беларускія амбасады. Такім чынам, для большасьці мігрантаў толькі беларуская віза можа каштаваць нават 180 эўра.
Да таго ж, каб атрымаць візу ў Беларусь (і нават у тым выпадку, калі віза яму не патрэбная. — РС), замежны грамадзянін абавязаны аформіць мэдычную страхоўку ў дзяржаўнай кампаніі «Белдзяржстрах». Гэта таксама можна зрабіць на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту. Кошт страхоўкі залежыць ад тэрміну, на якія яна афармляецца, і пачынаецца ад некалькіх дзясяткаў даляраў.
Акрамя беларускай візы, мігранту таксама неабходны квіток да Менску. Адзіная беларуская авіякампанія, якую падазраюць у перавозцы мігрантаў, — гэта «Белавія». Па стане на 12 лістапада яна выконвае рэйсы ў два найбольш папулярныя сярод мігрантаў транзытныя пункты — Дубай і Стамбул. Цэны на квіткі ў самалёты «Белавія» ў гэтыя гарады могуць адрозьнівацца, яны залежаць ад дня тыдня і тэрміну папярэдняй рэзэрвацыі, а таксама ад часу вылету.
У сярэднім за квіток з Дубая ў Менск на беларускім самалёце трэба заплаціць каля 340 даляраў. Са Стамбула палёт да Менску зь «Белавія» будзе каштаваць каля 250 даляраў. Зьніжак для дзяцей не прадугледжана, бясплатна могуць ляцець толькі немаўляты.
Які адсотак у кошце квітка застаецца чыстым прыбыткам беларускай дзяржаўнай авіякампаніі, сказаць складана. «Белавія» не публікуе сваіх поўных фінансавых справаздач.
Таксама варта адзначыць, што пры падачы дакумэнтаў на беларускую турыстычную візу неабходна прадставіць і зваротны квіток. Таму можна меркаваць, што большасьць мігрантаў набывае квіткі ня толькі да Менску, але і назад.
Пасьля прыбыцьця ў Менск грамадзяне Сырыі і Іраку, як правіла, разьмяшчаюцца ў гатэлях. Зь дзяржаўных гатэляў, дзе рэгулярна заўважаюць мігрантаў, часта згадваюцца «Юбілейны» і «Беларусь».
Адпачынак там прапаноўвае найбуйнейшы дзяржаўны турапэратар «Цэнтркурорт», празь які туры ў Беларусь прапануе арганізоўваць, сярод іншага, амбасада Беларусі ў Сырыі. Цэны на пражываньне ў названых дзяржаўных гатэлях Менску адрозьніваюцца ў залежнасьці ад статусу і памеру нумара.
У сярэднім за тыдзень кожны госьць павінен заплаціць каля 250–300 даляраў. У іншых дзяржаўных гатэлях Менску цэны аналягічныя. Дзяржаўныя гатэлі ў Горадні каштуюць недзе на траціну таньней. Пры гэтым вядома, што некаторыя мігранты затрымліваюцца на тэрыторыі Беларусі на значна даўжэйшы тэрмін, можа нават да некалькіх месяцаў.
Такім чынам, з кожнага прыежджага мігранта беларускія дзяржаўныя ведамствы і кампаніі атрымліваюць мінімум каля 1000 даляраў прыбытку. Гэтая сума можа шматкроць павялічвацца, калі мігрант застаецца ў Беларусі на месяц і больш. Агулам з пачатку мігранцкага крызісу — калі прыняць, што ў Беларусь такім парадкам прыехалі каля 20 тысяч мігрантаў, — толькі афіцыйныя прыбыткі беларускіх дзяржаўных структур маглі скласьці каля 20 мільёнаў даляраў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное