Колькасць беларусаў на Facebook перавысіла 300 тысяч

І цяпер Беларусь займае 102 пазіцыю ў сусветным рэйтынгу (на пачатку года – 107). Асноўным карыстальнікам сацыяльнай сеткі па-ранейшаму з’яўляецца моладзь – каля 80%, паведамляе www.socialbakers.com.

Цяпер 300 тысяч, а будзе 600!

Дакладная колькасць беларусаў на Facebook складае крыху больш за 308 тысяч. Сярод карыстальнікаў пераважаюць жанчыны – 54%. А дынаміка росту пакуль станоўчая.

Па словах Івана Праўдзіна, эксперта ў галіне новых медыя і кіраўніка кампаніі «Адкрытыя сацыяльныя медыя», колькасць карыстальнікаў дадзенай сацыяльнай сеткі ў Беларусі будзе расці і праз некаторы час можа павялічыцца ўдвая.

«Яна (колькасць карыстальнікаў – АМП) ў прынцыпе будзе павялічвацца. Я не думаю, што цяпер на гэтулькі дынамічна, як раней, але стабілізуецца на прыблізна 550-600 тысячах. А далей ужо са стандартнай хібнасцю «выпаду»/рэгістрацыі будзе трымацца на гэтым узроўні».

Дадатковы рост базы карыстальнікаў можа быць пры дзвюх умовах: альбо падвышэнні інтэрнэт-пісьменнасці беларусаў альбо увядзенні платы за рэгістрацыю ў сацыяльных сетках, з іроніяй кажа эксперт.

«За базар ответишь»

Раней сацыяльных сетак не існавала і моладзь па большай частцы «адграбала» па фэйсу на вуліцы. Аднак цяпер можна пацярпець і за допісы ў сацыяльных сетках. На пачатку жніўня 2011 года жыхару Гомеля прысудзілі трое сутак адміністрацыйнага арышту за допіс у сацыяльнай сетцы. Не выратавала і тое, што гамельчук карыстаўся не сваімі імем і прозвішчам, а т.зв. «фэйкам» – профілем неіснуючай ў рэальным жыцці асобы.

Эксперт лічыць, што за любое дзеянне трэба быць гатовым несці адказнасць. Гэта тычыцца і інфармацыі ў сацыяльных сетках.

«Адна справа мець план падпалу Пентагона ў сябе ў нататнічку, іншае – выкласці яго ў сацыяльныя сеткі, – з гумарам кажа Іван. Калі ты зрабіў якое-небудзь дзеянне, будзь гатовы несці адказнасць, бо гэта твой выбар. Бо ты разумееш, як цяпер ідуць справы, і ведаеш, што і дзе пішаш».

Некалькі парад па бяспецы ў сацыяльных сетках

Самыя простыя парады па бяспечнай працы ў сацыяльных сетках і інтэрнэце застаюцца аднымі і тымі ж.

Трэба карыстацца карыстацца складанымі паролямі, а лепш праграмамі, якія дазваляюць ствараць і захоўваць паролі. Грунтоўна вывучыць наладкі самой сацыяльнай сеткі ў плане канфідэнцыйнасці і карыстацца імі. Не разгалошваць інфармацыю пра трэціх асоб (блізкіх людзей, сяброў, калег, суседзяў і г.д.). І, самае галоўнае: думаць што і каму ты пішаш, падсумоўвае эксперт.

Польшча ў лідарах па колькасці карыстальнікаў Facebook сярод суседзяў

Па колькасці зарэгістраваных акаўнтаў сярод нашых суседзяў найбольшы вынік у агульным рэйтынгу мае Польшча: 24 месца і 6 560 440 карыстальнікаў, Расія на 28 месцы (4 308 720 карыстальнікаў), Украіна – 65 (1 440 500), Літва – 79 (944 860), Латвія – 106 (284 760). Усе нашы суседзі за выключэннем Польшчы паказваюць адмоўную дынаміку росту колькасці карыстальнікаў.

Найбольшая ў свеце колькасць карыстальнікаў зарэгістравана ў ЗША: 153 167 600 чалавек. Другое месца займае Інданэзія (39 204 200 чалавек), а трэцяе – Індыя (32 669 120). Апошняя паказвае і найбольшы прырост карыстальнікаў за месяц: больш за 3 мільёны новых акаўнтаў.

Агульная колькасць карыстальнікаў facebook у свеце складае каля 730 мільёнаў.

Нагадаем, мяжа ў 200 тысяч акаўнтаў, зарэгістраваных беларусамі, была пяройдзена на пачатку 2011 года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)