Политика
Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Колькасьць ахвотных дапамагаць апазыцыйным кандыдатам расьце

Дзясяткі актывістаў штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна знаходзяцца ў гэтыя дні за кратамі спэцпрымальнікаў і ізалятараў. Пік арыштаў прыпаў на апошні тыдзень. Нягледзячы на комплекс прэвэнтыўных захадаў, скіраваных на памяншэньне колькасьці патэнцыйных удзельнікаў сходу на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка, колькасьць ахвотных дапамагаць кандыдатам у выбарчай кампаніі хутка расьце.

За апошніх некалькі дзён супрацоўнікі міліцыі арыштавалі каля 70 чалавек, якія займаліся распаўсюджваньнем інфармацыйных матэрыялаў або бралі ўдзел у вулічных апазыцыйных акцыях. Большасьць арыштаваных — актывісты штабу Аляксандра Мілінкевіча. Апошнія падзеі, калі міліцыянты хапалі людзей на вуліцы і абвінавачвалі іх у дробным хуліганстве, а судзьдзі каралі затрыманых арыштамі, выклікалі, паводле прэс-службаў штабоў кандыдатаў, адваротную рэакцыю ў насельніцтва. Паводле іх, суды і міліцыя падрываюць давер грамадзтва да ўладаў.

На думку назіральнікаў, судовыя прысуды — сьведчаньне таго, што выконваецца задача ізаляваць актывістаў апазыцыі на дзень выбараў. Калі тыдзень таму людзей арыштоўвалі на 15 сутак, то з набліжэньнем даты выбараў тэрміны арыштаў скараціліся да 7 сутак.

У школах прайшлі бацькоўскія сходы, на якіх настаўнікі папярэджвалі бацькоў, каб тыя не пускалі дзяцей на плошчу. Дачка Тацяны Сьнітко вучыцца ў менскай школе №15.

(Сьнітко: ) “Дачка не адмовілася ад таго, што яна пойдзе. Яна сказала: “Я пабачу гэта хаця б здалёк. Ёй пагражалі, што выключаць са школы, і нават сказалі, каб прыйшла разам са мной, каб забраць дакумэнты”.

Дырэктарка школы Тацяна Язерская патлумачыла “Свабодзе”, што дзяўчынку хацелі толькі напалохаць, бо нарматыўныя акты не дазваляюць выключаць вучняў са школы.

(Язерская: ) “Мы просім дзяцей, каб туды не хадзілі. Усе пойдуць глядзець... Вучня выключыць са школы дырэктар ня мае права”.

Сябры ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча ўчорашнія пагрозы старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі ўспрынялі як сьведчаньне таго, што ўлады імкліва трацяць кантроль над сытуацыяй. Гаворыць кіраўнік прэс-службы штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Вазьняк:

(Вазьняк:) “Сёньня ўсе ўбачылі страх. Гэта стала яшчэ адным фактарам для мабілізацыі прыхільнікаў пераменаў, для мабілізацыі прыхільнікаў нашай каманды. Людзі прыходзяць у штаб, прыходзяць сем’ямі”.

Тое, што Андрэя Клімава пасадзілі на 8 сутак ў ізалятар, а да Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча ў пакоі інтэрнатаў пасялілі афіцэраў з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, на думку палітвязьняў, ёсьць яшчэ адным доказам няўпэўненасьці ўладаў. Мікола Статкевіч з гумарам расказаў, што разам зь ім увесь час у пакоі знаходзіцца капітан, прыехаў падпалкоўнік зь Берасьця, а сёньня будзе яшчэ палкоўнік зь Менску.

(Статкевіч:) “За што беднага капітана пакаралі? Перад гэтым у пакоі быў праведзены ператрус. Знайшлі два сьцізорыкі, якімі рэзалі сала і каўбасу. Яны не маглі іх канфіскаваць, дык узялі і абламілі кончыкі, а таксама канфіскавалі мае маленькія нажніцы. Так што захапіць вакзалы, тэлецэнтар, банкі і г.д. я ня здолею. Я абяззброены”.

Апазыцыянэры ўпэўненыя, што масавыя арышты не паўплывалі на жаданьне людзей прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 19 сакавіка, каб там, як гэта прынята ў іншых краінах, чакаць вынікаў галасаваньня.


Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)