Кобец: Прапаганда, якая даказвае, што ўкраінцы, палякі ці літоўцы нам ворагі, не працуе

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра ISANS Уладзіслаў Кобец — аб тым, чаму не працуе прапаганда ў Беларусі.

Уладзіслаў Кобец

— Для Расіі найбольш важнае значэнне, як ад пачатку вайны, так і зараз, мае не беларускае войска, а беларускі ваенна-прамысловы комплекс, — выказаў меркаванне Уладзіслаў Кобец на Еўрарадыё. — Тое, што беларускія прадпрыемствы працуюць на расійскую ваенную машыну дзень і ноч, больш важна для Расіі.

Ім патрэбна спакойная тэрыторыя, дзе вырабляюць для расійскага войска амаль усё, пачынаючы ад оптыкі і да мундзіраў. Уцягнуць беларускую армію ў вайну — значыць мець рызыку атрымаць адказ ад Украіны па тэрыторыі Беларусі, па тых прадпрыемствах.

Але праца на ВПК Расіі, лічыць аналітык, мае іншыя рызыкі.

— У выніку, калі казаць пра эканамічную рэчаіснасць, вайсковая прамысловасць мае свае рамкі. Як толькі пачнецца сур'ёзны перамоўны працэс і вайна спыніцца, спыняцца і заказы.

Вайсковая эканоміка — часовая. Рабіць на яе стаўку бессэнсоўна. Мы памятаем, як многія беларускія прадпрыемствы да вайны, добра, калі працавалі ў адну змену. Зараз яны загружаныя, нават шмат дзе адбылося пераабсталяванне.

Але калі вайна скончыцца, што яны будуць рабіць?

Трэба разумець, што без сур'ёзных перамен у краіне, у эканоміцы ўвогуле, стаўка на вайсковую эканоміку пройгрышная, — папярэджвае Кобец.

У той жа час прапагандзе ў Беларусі, па словах аналітыка, не ўдаецца дасягнуць сваіх мэт.

— Наша сацыялагічная служба робіць замеры ўнутры краіны. Так, прапаганда працуе, але не так, як яны б хацелі.

Па нашых дадзеных, беларусаў, якія вераць у тое, што, напрыклад, НАТА нясе пагрозу, толькі 29%. Хачу сказаць, што ў некаторых краінах НАТА колькасць людзей, якім не падабаецца НАТА, вышэй.

Гэты пры тым, што ў Беларусі ніводнага дня пра НАТА нічога добрага не казалі.

А адсотак тых, хто верыць, што нам пагражаюць суседнія краіны, значна ніжэйшы. У тым ліку беларусы працягваюць добра ставіцца да ўкраінцаў. Адсотак тых, хто змяніў сваё стаўленне да іх, невялікі.

Асабліва калі ўзяць поўдзень Беларусі, дзе шмат памяшаных сем'яў, дзе пачатак вайны вызваў проста шок — Берасцейскі і Гомельскі рэгіён — там прапаганда пра ўкраінцаў не працуе.

Што тычыцца заходніх суседзяў, то я бы сказаў, беларусы не надта суадносяць, што Польшча, Літва і Латвія — гэта НАТА.

НАТА — гэта амерыканцы, а Вільнюс — гэта «Акропаліс», палякі — гэта «Бедронка» ў Беластоку і, канешне, сувязі сем'яў.

Таму тут таксама прапаганда, якая даказвае, што ўкраінцы, палякі ці літоўцы нам ворагі, не працуе.

На генным узроўні беларусы не ўспрымаюць вайну, не бачаць у гэтым ніякага экшэна і не хочуць удзельнічаць у вайне, — спасылаецца на апытанне Кобец.

Найбольш важным ён бачыць пытанне, якім чынам беларусы могуць сёння кантактаваць з Еўропай.

— Калі межы з краінамі Еўразвязу для беларусаў зачыняюцца, калі беларускія нумары становяцца забароненымі, вось гэта праблема.

Таму для нас усіх вельмі важнае рашэнне польскага ўрада аб тым, што беларусам не будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы на беларускіх нумарах. На жаль, іншае рашэнне прынялі краіны Балтыі.

І мы лічым яго памылковым. У першую чаргу, яно працуе на прапаганду, калі яна сцвярджае, што вас ніхто не чакае ў Еўропе.

З іншага боку, людзі едуць туды, дзе няма забароны. І наш маніторынг трэндаў у адукацыйнай сістэме Беларусі паказвае вельмі моцнае нарошчванне грантавых расійскіх праграм для беларускай моладзі.

Гэта канкрэтная праца ў адваротным кірунку. Калі вы не можаце трапіць у Еўразвяз, то будзе зроблена ўсё, каб вы былі больш звязаныя з Расіяй. І вось гэта небяспека.

Наша пазіцыя ў тым, што для беларусаў межы Еўразвязу павінны быць адчыненыя. Беларусы былі чэмпіёнамі па шэнгенскім візам да вайны і, на маю думку, гэта трэба вярнуць.

Усе аргументы пра бяспеку і шпіёнаў, калі казаць шчыра, не вытрымліваюць канкурэнцыі з тым стратэгічным памылковым рашэннем, якое адштурхоўвае беларусаў ад Еўразвязу і фактычна запіхвае іх у Расію.

Такім чынам Еўразвяз дапамагае Беларусі застацца ў рамках расійскай імперыі і, адпаведна, атрымае на сваіх межах гэты трыгер, а гэта і ёсць пытанне бяспекі, — перакананы Уладзіслаў Кобец.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)