Общество

Кныровіч: «Яны ведаюць, што пераважная большасьць беларусаў жыве зь фігай у кішэні і чакае, як яе паказаць»

Госьць Радыё Свабода — прадпрымальнік, мэнтар і інвэстар Аляксандар Кныровіч, які пасьля чатырох з паловай гадоў зьняволеньня становіцца адной з найбольш яркіх беларускіх публічных фігураў.

Нядаўна Аляксандар узначаліў напрамак міжнароднага бізнэсу стартап-хабу «Імагуру». У інтэрвію бізнэсовец расказвае пра турму, невінаватых людзей за кратамі, тлумачыць стаўленьне да нацыянальнай сымболікі і спрабуе гаварыць па-беларуску.

Фото DW

Пра кампэтэнцыю сьледчых КДБ

— Дзіўна, што пасьля гучнага загаду «саджаць» маю справу вёў чалавек, у якога не было ніякага досьведу расьсьледаваньня крымінальных артыкулаў, зьвязаных з падаткамі. Яшчэ двое сьледчых, якія складалі сьледчую групу, па сутнасьці, былі стажорамі, у якіх не было ніякага досьведу. Пры ўсёй вонкавай сур’ёзнасьці карцінкі быў вельмі дылетанцкі падыход да справы.

Сёньня ў структуры гэтай арганізацыі, на жаль, імкненьне проста выканаць нейкі загад прэвалюе над прафэсіяналізмам. Думаю, гэта агульная сытуацыя як унутры КДБ, так і ўнутры вельмі многіх іншых структураў.

Пра выбар большасьці ў 1994 годзе

— Шчыры выбар беларускага народу ў 1994 годзе і палягаў у тым, каб захаваць традыцыі БССР. Гэта зрабілі не іншаплянэтнікі, якія з Марсу прыляцелі, гэта зрабіў беларускі народ, і беларускі народ за гэта плаціць. Я б не хацеў, каб мы глядзелі на сытуацыю, заплюшчыўшы вочы.

Гэта прывяло да таго, што і КДБ захаваўся, і вуліцы нашых гарадоў носяць імёны Кірава і Сьвярдлова, іншых дзеячоў, якія ня маюць ніякага дачыненьня да Беларусі і вызнавалі чалавеканенавісьніцкую ідэалёгію. Усё гэта засталося ўнутры Беларусі, як застаўся і КДБ. Толькі што працэнты зьмяніліся, і прыхільнікаў гэтага шляху разьвіцьця стала заўважна менш за палову.

Пра прычыны зьняволеньня

— Прыйшла наша чарга. Гэта была чарговая кампанейшчына, чарговая гісторыя, дайшла справа да нашага сэктару, і мы былі проста першымі на гэтай раздачы. А калі дадаўся грамадзкі рэзананс, справа стала гучнай і каляпалітычнай, калі можна ўжыць такое слова.

Пра асяродзьдзе за кратамі

— Цяперашнія турмы — гэта не санаторый, але і ня тыя руднікі, ня тыя турмы, якія былі 20–25 гадоў таму. Гэта зьвязана з тым, што 20–25% людзей, якіх пасадзілі, — гэта інтэлігентныя, разумныя, адукаваныя людзі, якім ня месца ў калёніі і турме. Яны ў многім вызначаюць узровень стасункаў, які ёсьць у калёніі.

Я добра разьбіраўся ў сваёй крымінальнай справе, прачытаў вельмі шмат юрыдычнай літаратуры, і таму да мяне шмат зьвярталіся за кратамі людзі з нагоды сваіх крымінальных справаў.

Я глядзеў іх і магу сьцьвярджаць, што не было ніводнай чыстай крымінальнай справы. Вельмі часта не было альбо самога факту злачынства, альбо доказаў злачынства, альбо працэсуальна справа праведзеная такім чынам, што яна не магла быць прынятая судом да разгляду.

Пра незаконныя і непатрэбныя зьняволеньні

— Якасьць працы сьледчых органаў настолькі нізкая, што вельмі цяжка гаварыць пра тое, што ў нас ёсьць нейкая маса людзей, якія сядзяць законна. У Крымінальным кодэксе ў адным зь першых артыкулаў напісана, што пазбаўленьне волі ўжываецца ў выключных выпадках, калі ніякія іншыя меры ўзьдзеяньня на падсуднага ня могуць прывесьці да яго выпраўленьня.

Калі мы будзем выконваць гэты артыкул, то 80% людзей, якія сёньня знаходзяцца ў калёніі, не павінны там знаходзіцца. Сэнсу ў гэтым няма, ніякага выпраўленьня не адбываецца, проста расходуюцца дзяржаўныя грошы, пакутуюць людзі і іх блізкія.

Каму было выгадна зьняволеньне і разбурэньне бізнэсу Кныровіча

— Нехта атрымаў зорачкі на пагоны і дадатковае фінансаваньне свайго аддзелу, а бюджэт Беларусі страціў. Мы штогод сплачвалі суму падаткаў, якая вымяралася мільёнамі. Было крыху больш за мільён прамых падаткаў, адпаведна, гэтых грошай цяпер няма ў бюджэце.

На момант майго арышту на прадпрыемстве ў Смалявічах (ня кажучы пра іншыя прадпрыемствы) было 140 працоўных месцаў, якіх цяпер няма. Пачыналася ўсё са сьцьвярджэньня, што дзякуючы маёй дзейнасьці падаражэла ЖКГ. Мяне пасадзілі, і ЖКГ зноў падаражэла.

Пра непрыманьне прапаганды зь любым знакам

— Спадзявацца на рост эканомікі не выпадае, але я б і не прадказваў рэзкага падзеньня эканомікі. Не прымаю прапаганду ні зь якім знакам, ні з плюсам, ні зь мінусам, ні калі БТ сьпявае салодкія песьні пра тое, як у нас усё выдатна, ні калі апазыцыйныя каналы расказваюць пра тое, што заўтра эканоміка сыдзе ў піке і засталося пачакаць месяц-другі, каб пабачыць натоўпы галодных людзей на вуліцы. Ні таго, ні другога не адбываецца, і ў бліжэйшай пэрспэктыве гэтага ня бачна.

Пра фігу ў кішэні

— Цяпер у грамадзтве зусім іншы ўзровень страху, калі параўноўваць са жніўнем 2020-га. Я не ўяўляю, якая павінна быць пасьлядоўнасьць падзеяў, калі б гэтыя масавыя вулічныя падзеі 2020-га паўтарыліся. Магчыма, я ня маю рацыі. Улада спрабуе вярнуць кантроль над сытуацыяй.

Ім патрэбная яшчэ адна электаральная кампанія, на якой яны пакажуць, што яны кантралююць сытуацыю, што яны зноў вярнулі сабе рычагі кіраваньня краінай. Думаю, што яны разумеюць, што сёньня пераважная частка беларусаў жыве зь фігай у кішэні і чакае, якім чынам зможа тую фігу паказаць.

Думаю, што трэба пачакаць наступнай электаральнай кампаніі, каб паглядзець, як канкрэтна ўсё гэта будзе рэалізоўвацца.​

Пра турэмны тэатар і ролю хабарніка

— Напэўна, самае цікавае з таго, чым я займаўся ў турме, гэта былі тэатральныя пастаноўкі. З чатырох пастановак адна пʼеса сапраўды была вартая таго, каб на яе паглядзець з пункту гледжаньня мастацкай каштоўнасьці. У адной я браў удзел як актор. Прыйшоў рэжысэр і сказаў, што мае для мяне цудоўную ролю. Калі я прыйшоў на рэпэтыцыю, аказалася, што гэта роля хабарніка. А тры іншыя пастаноўкі рабілі разам з маім калегам — сурэжысэрам і сусцэнарыстам.

Такім чынам я творча рэалізоўваўся за кратамі праз тэатар. Цяпер у вялікай колькасьці людзей, якая аказаліся за кратамі, будзе вельмі шмат часу для ўсьведамленьня сябе, для рэфлексіі, для напісаньня вялікай колькасьці тэкстаў, і дакладна гэта можна будзе друкаваць асобнымі зборнікамі.

Пра мэты і амбіцыі

— Мне 48 гадоў, я думаю, што я рэалізаваў свой патэнцыял працэнтаў на 48. У мяне ёсьць бізнэс-мэты, зьвязаныя з маёй працай у «Імагуру». Мне вельмі хацелася б зноў рэалізавацца як прадпрымальніку і як мэнэджару. Ад гэтага вельмі шмат залежыць і ў маім жыцьці, і ў жыцьці людзей, для якіх мы працуем. «Імагуру» — гэта стартап-хаб, які працуе для айцішнікаў і мае на мэце навучаньне, разьвіцьцё і ўцягваньне нашых стартапаў у сусьветную інфраструктуру.

А з пункту гледжаньня грамадзкага жыцьця для мяне — вялікі выклік і каштоўнасьць у тым, каб беларусы ў сваім імкненьні да свабоды абапіраліся не на простае, па-чалавечы зразумелае «Сыходзь».

Гэта нэгатыўны, адмоўны пасыл. Я б вельмі хацеў, каб быў пазытыў, каб людзі ў дэталях ведалі, якую Беларусь мы хочам пабудаваць, каб нашая ўласная беларуская ідэнтычнасьць не была такая размытая, як цяпер. Я б вельмі хацеў, каб у беларусаў зьявілася ўсьвядомленая і зразумелая ўсім нацыянальная ідэя, і тады незалежна ад маіх ці іншых пэсымістычных прагнозаў у гэтым будзе нашмат болей сэнсу, і мы зможам хутчэй рухацца па часе.

Тады зьявіцца вера, значна больш абгрунтаваная, чым эмацыйны, нэгатыўны пасыл «Сыходзь». Я б хацеў неяк садзейнічаць гэтаму працэсу, і каб гадоў празь дзесяць я сказаў бы, што ў мяне нешта атрымалася, я быў бы вельмі шчасьлівы.

Чым замяніць «Сыходзь»

Я маю свае ўнутраныя адказы, але мне пакуль рана пра гэта гаварыць. Няма нічога супярэчлівага ў тым, што людзі нарэшце адчулі сябе нацыяй, але пры гэтым няма нацыянальнай ідэі.

Кацёл доўга грэўся, ускіпеў, і энэргія вырвалася вонкі. Акіян шчасьлівых твараў, творчых людзей, людзей з усьмешкамі, свабодных людзей. Немагчыма выказаць, наколькі гэта важна. Але цяпер прыйшоў час для рэфлексіі, усьведамленьня, апісаньня і стварэньня нечага больш абгрунтаванага, чым прыгожы і бясконцы эмацыйны пасыл.​

Пра сымболіку

— Да падзеяў 2020 году я ставіўся да сымболікі вельмі лёгка, разумеючы, наколькі мы няцьвёрда стаім на нагах і ў выпадку чырвона-зялёнай сымболікі, і ў выпадку бел-чырвона-белай сымболікі.

Але цяпер я не магу ставіцца да гэтай сымболікі ніяк інакш, акрамя як зь вялікай павагай і разуменьнем, што цяпер гэта наша сымболіка, таму што так многа людзей за яе пацярпелі, трапілі ў турмы, памерлі. 2020 год зьмяніў стаўленьне ня толькі ў мяне. Цяпер я лічу, што гэта адназначна сьвятое і бясконцае.

Пра беларускую мову

— Я саромеюся размаўляць на беларускай мове. Як дзіця Савецкага Саюзу не валодаю беларускай мовай у дастатковай ступені. Згадваю, што ў школе стаўленьне да беларускай мовы было жахлівае, колькасьць урокаў беларускай мовы і літаратуры была ўтрая меншая, чым урокаў расейскай мовы і літаратуры.

Аднак сытуацыя мяняецца, і цяпер у маім атачэньні такая вялікая колькасьць беларускамоўных, прыемных мне людзей, што я паступова ўцягваюся і пачынаю адказваць на паведамленьні па-беларуску, пачынаю ўступаць у размову і сам заўважаю, што раптам гавару па-беларуску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(46)