Кныровіч: «Улады ведаюць, што іх падтрымлівае меншасць»

Чаму рэжым катуе палітвязняў і што не так з 80% падтрымкі ўладаў, пра якую яны кажуць?

— Я спадзяваўся на тое, што ад людзей, якія акажуцца ўжо ў калоніі, адчэпяцца, — адзначае фінансіст Аляксандр Кныровіч ў інтэрв’ю «Еўрар*дыё», каментуючы сітуацыю з вядомымі палітвязнямі. — Спадзяваўся, што яны будуць у калоніі такія ж, як астатнія вязні. Вядома, нічога добрага ў калоніі няма, але ж жыць можна. Так, 15 гадоў — гэта бяда, але, думалася, гэта будзе жыццё звычайнага вязня. Але не. Чаму? Таму што гэта помста. Гэта помста Лукашэнкі за страх, якога ён нацярпеўся ў жніўні 2020 года.

Аляксандр Кныровіч

Эканаміст лічыць, што сёння Лукашэнка ўжо не спадзяецца нечага дамагчыся ад гэтых людзей.

— Я не бачу ў гэтым нейкага торгу. Кшталту, мы на іх яшчэ націснем, мы іх закінем у такія ўмовы, дзе жывёла жыць не можа, — і яны нешта зробяць. Няма нічога такога. Цяжка ўявіць, што выходзіць Маша Калеснікава і гаворыць: «Я ўсё зразумела, гэта ўсё было за грошы Захада, гэта ўсё была такая рэвалюцыя, за Лукашэнку прагаласавала 80%, прабачце мне». Ну ні адзін чалавек — ні я, ні вы, ні з таго боку — не паверыць.

Што тычыцца тых самых 80%, пра якія ўвесь час гаворыць правіцель, то гэта таксама толькі мантра.

— Улады ведаюць, што іх падтрымлівае меншаць, — упэўнены Кныровіч.

Інакш Лукашэнка б так не перажываў за ўваход у Беларусь Палка Кал*ноўскага, у якім, па яго словах, усяго некалькі дзясяткаў байцоў. Бо разумее, на чыім баку могуць аказацца беларусы.

— Калі за цябе 80%, чаго ты баішся? Ну нападаць на цябе 100 чалавек — і што? — іранізуе Кныровіч. — А мы Маларыту ўжо здалі. Вы ж ведаеце, што ў Жабінцы будуюцца акопы? А, між іншым, паміж Жабінкай і Украінай яшчэ ёсць Маларыта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(60)