Общество
Алесь Бондар, ”Наша нiва”

Кніжкі для дзядзькі Рыгора

Журналіст Глеб Лабадзенка зладзіў дабрачынную акцыю, каб дапамагчы знакамітаму паэту Рыгору Барадуліну.

-- Распавядзіце падрабязьней пра гэтую акцыю.

-- Калі я дазнаўся, што ў дзядзькі Рыгора такое становішча, то пачаў думаць, як дапамагчы. Тут жа справа такая далікатная, трэба зрабіць так, каб чалавека не пакрыўдзіць, каб яму не было няёмка.

Я быў у яго ў гасьцях шмат разоў, і бачыў у ягоным кабінэце стосы кніжак, пачынаючы ад 60-х — 70-х гадоў. Сёньня выдавецтвы зь ім таксама разьлічваюцца не грашыма, а асобнікамі кнігаў. Вось, напрыклад, апошняй кніжкі «Дажыць да зялёнай травы» дома ў дзядзькі Рыгора 200 ці 300 асобнікаў ляжыць.

Я яму прапанаваў, умоўна кажучы, «разгрузіць кабінэт» — давайце, кажу, дзядзька Рыгор, выставім гэтыя асобнікі на дабрачынны распродаж. Я вывесіў у сябе ў блогу гэтую абвестку, і ўжо за першыя суткі адгукнулася каля сотні чалавек.

Зараз я якраз еду ў лякарню да дзядзькі Рыгора падпісваць гэтыя кніжкі, 120 замоваў ў мяне з сабой ёсьць. Сваю машыну цяпер называю «бібліёбус».

-- Наколькі актыўна людзі замаўляюць кніжкі?

-- Тэлефанавалі нядаўна з радыё, пытаюцца: а як у вас замовы паступаюць? Я абнавіў электронную пошту ды кажу: «Пакуль мы з вамі размаўлялі, яшчэ чатыры чалавекі кніжкі замовілі».

Я адразу напісаў, што сабекошт гэтай кнігі 12 тысячаў, але калі хто жадае ахвяраваць больш, то калі ласка. Мы не кніжкі прадаем, мы падтрымліваем Рыгора Барадуліна.

Народ гэта вельмі добра зразумеў. Даюць 100 тысячаў рублёў, 200 тысячаў, вось сто эўра чалавек дае. Але ёсьць і тыя, хто ахвяруе і 10 тысячаў, і 12 тысячаў. Сэнс жа ня ў тым, каб апошнюю капейку дастаць ды аддаць, каб ня было чаго есьці, а ў тым, каб падтрымаць народнага паэта.

Я ўвесь час тэлефаную дзядзьку Рыгору ды расказваю, як гэтая акцыя ідзе. Дык я заўважыў, што ў яго нават настрой падняўся. Нават голас у яго весялейшы стаў. Яму весялей зрабілася ад таго, што чытачы любяць яго ня толькі на словах.

Тут быў яшчэ такі момант: наколькі гэта этычна, зьбіраць грошы, ці ня сорамна гэта. Я хачу сказаць, што гэта не яму павінна быць сорамна, а нашай дзяржаве, нашым чыноўнікам, што народны паэт Беларусі, лепшы паэт у Беларусі на сёньняшні дзень, апынуўся ў такой сітуацыі.

А нашая справа, яго прыхільнікаў, чытачоў, не казаць «вой як шкада Барадуліна, што грошай няма». Нашая справа проста падтрымаць яго, гэтыя кніжкі распаўсюдзіць, хто колькі можа, скінуцца разам, перадаць яму грошы. Гэта вялікае шчасьце, калі мы ведаем, што можам ахвяраваць маленькую капейчыну, і ад гэтага народнаму паэту зробіцца лягчэй.

-- Якую суму грошай ужо сабралі?

-- Колькі грошай зьбярэцца, сказаць цяжка, бо я іх у руках не трымаў. Пакуль што я проста сабраў замовы, прывязу кніжкі Рыгору Барадуліну на подпіс, а пасьля, калі ўжо раздам кніжкі, тады ўжо можна будзе казаць, колькі грошай сабралі.

Я, відаць, прызначу неўзабаве спатканьне ў цэнтры Менску, і буду гэтыя кніжкі раздаваць. Я не чакаў, што будзе такі ажыятаж. Я думаў, што 5-10 чалавек пазвоніць, і я гэтыя кніжкі завязу ім асабіста. Але я не магу фізічна 150 кніжак кожнаму па адрасе завезці ды раздаць.

Замаўляюць кніжкі людзі з самых розных гарадоў, і ўжо адгукаюцца людзі, якія перададуць асобнікі ў Берасьце, у Магілёў. Вельмі прыемна, што людзі не абыякавыя.

-- Вам самому прыйшла ў галаву гэтая ідэя, ці нехта падказаў?

-- Я скажу шчыра, што тры месяцы таму ўжо была сітуацыя, калі я даведаўся, што ў дзядзькі Рыгора такая складанасьць. Я пачаў ціснуцца ва ўсе дзьверы, да нашых актывістаў незалежных зьвяртацца. Ну і атрымалася, што ніхто не захацеў ніяк дапамагчы. «Так-так, дапаможам», - казалі, і ніхто ні халеры не дапамог.

Я торкаўся-торкаўся, скончылася тым, што са сваіх ашчаджэньняў дапамог дзядзьку Рыгору. Барадуліна ўсе хваляць ды любяць, а як дайшло да справы, дык ніхто нават 10 даляраў ня даў.

Ды нават і ў гэты раз — я ж бачу, хто дасылае замовы: абсалютна простыя звычайныя людзі. Піша адна пэнсіянэрка: «у мяне маленькая пэнсія, але я 100 тысячаў ахвярую».

А дзе нашыя дэмакратычныя актывісты, дзе апазіцыя? Няма ад іх лістоў, нічога. Простыя, звычайныя людзі ахвяруюць. Прыемна, што сапраўдныя беларусы любяць Барадуліна ня толькі на словах.

Добра, што беларусы, нягледзячы на ўсю гэтую шматгадовую мазгачыстку, усё-такі застаюцца беларусамі.

Увага: раздаваць кніжкі з аўтографамі тым, хто іх замаўляў, Глеб Лабадзенка будзе ў суботу, 1 лістапада, у 19.00 перад помнікам Якубу Коласу.

Больш пра акцыю і пра тое, як вы можаце дапамагчы, можна прачытаць у блогу Глеба Лабадзенкі.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)