Кнігу «Асвечаныя Беларушчынай» унеслі ў пералік рэчаў, якім забаронены ўвоз у Беларусь .
Рашэнне прынята на падставе пункта 1.3 Адзінага пераліку тавараў, да якіх ужываюцца забароны альбо абмежаванні на ўвоз альбо вываз . Праўда, само заключэнне праваабаронца Таццяна Равяка не атрымала.
Цягам 10 дзён Равяка павінна прыехаць на Ашмянскую мытню з мэтай рээкспарту кнігі Бяляцкага ў Літву.
Па словах Таццяны, экспертызу зноў праводзіла Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Але гэты орган не ўпаўнаважаны праводзіць такія эспертызы.
Цяпер яна будзе абскарджваць парадак прызначэння экспертызы ў судовым парадку. І звернецца ў Ашмянскую мытню, каб там прыпынілі дзеянне іх рашэння на час судовага разгляду.
Таццяна Равяка звяртае ўвагу, што ў выпадку прызнання незаконнай экспертызы па кнізе Бяляцкага, паўстане пытанне з пераглядам справы па фотаальбоме «Прэс-фота Беларусі — 2011», які прызналі экстрэмісцкім.
40 асобнікаў выдання «Асвечаныя Беларушчынай» былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Равяка на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску «Каменны Лог» 3 ліпеня. «Асвечаныя Беларушчынай» — гэта зборнік літаратуразнаўчых эсэ і нарысаў, якая выйшла, калі Бяляцкі ўжо знаходзіўся за кратамі.
«Я раблю захады, каб рэабілітаваць гэтую кнігу. Не хочацца пакідаць яе з такім кляймом», — кажа Равяка.