Общество
Радыё Свабода

Кніга пра адчай, боль і горыч часоў “раскулачваньня” выйшла ў Горадні

Гарадзенцу Мікалаю Мельнікаву 82 гады, ён напісаў успаміны, якія толькі што выйшлі абмежаваным накладам. Аўтар піша пра тое, як у 30-я гады “раскулачылі” іх сям’ю, і яго разам з бацькамі саслалі ў лягер у Валагодзкую вобласьць. Сваю кнігу ён назваў “Адчай, боль і горыч”. У Горадні адбылася прэзэнтацыя кніжкі.

Мікалай Мельнікаў выкладаў у Гарадзенскім унівэрсытэце філялёгію. Пазьней ён стварыў дэмакратычную вэтэранскую арганізацыю і грамадзкі музэй Васіля Быкава. Сам спадар Мельнікаў паходзіць з Чавускага раёну на Магілёўшчыне. Ягоная кніжка “Адчай, боль і горыч” — пра гвалт у адносінах да вялікай працавітай сялянскай сям’і, пра рабаўніцтва ўладамі яе гаспадаркі. Мельнікавых вывозілі ў канцлягер таварным эшалёнам, куды сагналі людзей з усяго Чавускага раёну, чые хаты задарма забірала новая ўлада. Самае ўражлівае ў гэтым сэнсе месца ва ўспамінах, калі дыхтоўную хату аднаго з родных Мікалая Мельнікава рассыпалі, перавезьлі, ды так і не склалі назад, усё згніла.

На прэзэнтацыі сабраліся пажылыя людзі, якіх некалі называлі дзецьмі “ворагаў народу”, цяпер частка іх у таварыстве ахвяраў палітычных рэпрэсій, яны расказвалі свае гісторыі часоў сталінізму. Паслухаць пра кнігу Мікалая Мельнікава прыйшла таксама моладзь. Напрыклад, студэнтка Вольга Палуйчык. Яна лічыць, што ў Беларусі патрэбна мужнасьць, каб гаварыць праўду, а спробу спадара Мельнікава расказаць пра жахі калектывізацыі можна назваць грамадзянскім подзьвігам, бо цяперашняя ўлада не жадае праўды пра тыя падзеі. Дарэчы, саму Вольгу дапытвалі супрацоўнікі КДБ наконт прыналежнасьці да “Маладога Фронту”.

Мікалаю Мельнікаву дапамагаў працаваць над успамінамі Павал Мажэйка. Ён гаворыць, што яго найбольш уразілі моманты пра тое, як маці спадара Мельнікава, простая сялянка з Магілёўшчыны, чатыры разы ўцякала з турмы і з канцлягеру, каб быць на свабодзе. Спадар Мажэйка рэпрэсіі 30-х гадоў параўноўвае з сёньняшнім днём, з масавымі арыштамі моладзі.

(Мажэйка: ) “Тады дзяцей саджалі нібыта за нейкія правапарушэньні бацькоў, дзеці вымушаныя былі пакутаваць разам з бацькамі. Сёньня ў Беларусі судамі былі асуджаны дзеці, і іх бацькі былі вымушаныя фактычна пакутаваць зь дзецьмі, бо яны начамі стаялі каля Акрэсьціна, каб аддаць перадачы. Сёньня ўжо вядомыя факты, калі бацькоў звальняюць з працы за тое, што іх дзеці былі на Кастрычніцкай плошчы, удзельнічалі ў акцыях пратэсту. Сытуацыя нейкім чынам зьмянілася, аднак застаецца так, што цэлыя сем’і вымушаныя змагацца за сваё права адстойваць сваю думку і ў той жа час пакутаваць разам, гэта характэрная прыкмета Беларусі”.

Тыя, хто пазнаёміўся з кнігай Мікалая Мельнікава зазначаюць, што такіх кніг у Беларусі ўсё яшчэ вельмі мала. Большасьць успамінаў па-ранейшаму цалкам адпавядаюць поглядам уладаў на савецкую гісторыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)