Политика
Анастасія Зелянкова

Клічко супраць Лукашэнкі

17 лютага адбыліся суды над ўдзельнікамі акцыі салідарнасці, якая прайшла напярэдадні ў цэнтры сталіцы. Сярод іх — актывісты моладзевых рухаў Барыс Гарэцкі, Алег Корбан, Павел Фігурын і Алег Мяцеліца.

Паводле рашэння Партызанскага раённага суда, Алег Мяцеліца будзе адбываць 15 сутак арышту ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на вул.Акрэсціна. Варта адзначыць, што падчас судовага пасяджэння суддзя Ала Дземінская адмовіла адвакату ў хадайніцтвах аб увядзенні ў справу іншых сведкаў, акрамя супрацоўнікаў міліцыі, а таксама прыняць да разгляду відэазапіс затрымання Мяцеліцы. Трох іншых ўдзельнікаў акцыі — Алега Корбана, Паўла Фігурына і Барыса Гарэцкага — суд Цэнтральнага раёна пакараў 10 суткамі зняволення.

Нагадаем, што ўчора некалькі соцень чалавек выйшлі на вуліцы Мінска, Віцебска, Магілёва, каб выказаць сваю салідарнасць з сем’ямі палітвязняў і зніклых апазіцыйных палітыкаў і журналістаў. Усе акцыі былі жорстка разагнаныя супрацоўнікамі міліцыі. Паводле сведкаў, падчас разгону пікету ў Мінску міліцыянты дзейнічалі досыць груба: яны штурхалі людзей на лёд, білі ў спіны і па нагах, з вуснаў некаторых ахоўнікаў правапарадку здзекліва гучалі нямецкія словы: "Я-я, шнэль-шнэль".

Падчас пікету супрацоўнікі міліцыі затрымалі 24 чалавекі, сярод якіх былі і непаўнагадовыя. Некалькі гадзін затрыманыя правялі ў РУУС Цэнтральнага і Ленінскага раёнаў. Усе, акрамя Алега Мяцеліцы, Алега Корбана, Паўла Фігурына і Барыса Гарэцкага, якім было прад’яўлена абвінавачванне ў хуліганстве, былі адпушчаныя на волю.

Хваля салідарнасці з беларусамі пракацілася па ўсёй Еўропе. У Польшчы, Чэхіі, Украіны, Германіі, ЗША, Канады, Нідэрландах, Велікабрытаніі, Швецыі, Нарвегіі і іншых краінах свету людзі выходзілі да беларускіх амбасад, а таксама на плошчы гарадоў, каб выказаць сваю падтрымку з усімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю Беларусі.

Сваю падтрымку беларусам выказаў чэмпіён свету па боксе, лідэр Украінскага Грамадзянскага блока “ПОРА-ПРП” Віталь Клічко. 16 лютага ён выступіў з заявай салідарнасці з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а таксама выказаў пратэст супраць масавых арыштаў беларускай моладзі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. “Я далучаю свой голас да галасоў соцень і тысяч грамадзян ў многіх краінах свету, якія заклікаюць да свабоды і дэмакратыі ў вашай краіне, у брацкай Беларусі”, — гаворыцца ў заяве Віталя Клічко, якая прыйшла на адрас прэс-цэнтра Хартыі’97. “Я таксама заклікаю беларускія ўлады спыніць масавыя арышты моладзі з апазіцыйных рухаў, такіх жа грамадзян Беларусі, якія маюць права на ўласны пункт погляду, права на свой уласны выбар. Такія дзеянні не робяць гонару ўладам, бо перамога па-за правіламі каштуе няшмат”, — зазначыў ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)