Зразумела, што чалавек, які прыехаў з таго ж Данбаса, дзе грымяць выбухі і гінуць людзі, ці з бедных афрыканскіх краін, дзе таксама вельмі неспакойная абстаноўка, будзе трымацца за гэтае грамадзянства рукамі і нагамі, ня рыпацца, так бы мовіць. І за гэтым ужо стаіць чыста прагматычная задача для ўладаў — за кошт прытоку новых грамадзян сфармаваць лаяльны электарат.
Класкоўскі: «Здзек са здаровага сэнсу»
Палітычны аглядальнік — пра задачу, якую ўлады не могуць рашыць ні матэматычна, ні ідэалагічна.
Пакуль «нелаяльных» беларусаў усімі сіламі выціскаюць з Беларусі — з тэрыторыі краіны, грамадзянства, нават дакументаў — улады прымаюць у грамадзянства новых людзей. Так, днямі ў сталічнай ратушы прынеслі прысягу на вернасць новыя грамадзяне РБ: 24 чалавекі, сярод якіх выхадцы з Расіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Эфіопіі, Егіпту і Лівана.
Гэта, дарэчы, першая партыя прынятых у грамадзянства па абноўленым законе (ён дзейнічае ўсяго два месяцы і патрабуе якраз прынесці прысягу і здаць тэст на веданне дзяржаўнай мовы — беларускай ці рускай, прычым пытанні зацвярджае МУС).
Да таго за першае паўгоддзе 2023-га, паводле звестак МУС, грамадзянамі РБ сталі больш як 2,3 тысячы чалавек, а выйшлі з грамадзянства альбо страцілі яго крыху больш за 200 чалавек.
Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі у каментары Филину звяртае ўвагу на відавочны, нават падкрэслена прапагандысцкі сэнс мерапрыемства ў мінскай ратушы:
— Папаўненне працоўных рэсурсаў, вырашэнне дэмаграфічных пытанняў Беларусі — гэта важныя праблемы, але тут мэта была відавочна прапагандысцкая. Невыпадковы падбор людзей, якіх прымалі ў грамадзянства: Расія і Украіна, якія цяпер ваююць між сабой, Арменія і Азербайджан, у якіх таксама, як вядома, вельмі вострыя дачыненні, выхадцы з шэрагу афрыканскіх краін — то бок, самой імпрэзай убіваецца ў свядомасць тэза, што Беларусь — такі астравок міру, дзе могуць ладзіць нават прадстаўнікі тых этнасаў, якія не знаходзяць агульнай мовы.
Плюс я б адзначыў, што грамадзяне прыносілі прысягу, а чыноўнікі падкрэслівалі, што яны мусяць быць удзячнымі менавіта Аляксандру Лукашэнку за такую міласць і шырокі жэст. І ў гэтым вялікая розніца. Тыя сотні тысяч беларусаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі па нараджэнні, сталі беларусамі, так бы мовіць, ад пачатку, ніякіх прысяг Лукашэнку не прыносячы.
Звышзадачай імпрэзы ў ратушы, мяркуе аналітык, было адразу абазначыць чырвоныя рысы і надзець ярмо лаяльнасці на свежапрынятых грамадзян:
У гэтым плане працэсы насамрэч звязаныя, гаворыць аналітык: з аднаго боку, прыносяць прысягу новыя грамадзяне, а з другога, з краіны выкідаюць «нелаяльных», дэ-факта пазбаўляючы іх грамадзянства, бо для сістэмы гэта ўжо не людзі.
Таму і прапаганда ўсяляк расчалавечвае праціўнікаў рэжыму, называючы «фашыстамі» тых, хто стаіць пад бел-чырвона-белым сцягам, і прыняты свежы ўказ, які пазбаўляе магчымасці атрымаць пашпарты за мяжой ці прадаць нерухомасць у Беларусі без асабістага вяртання.
— На гэтым тле заявы, што Беларусь — краіна, дзе абаронены правы чалавека, гэта проста здзек са здаровага сэнсу.
Але беларуская прапаганда, мне здаецца, перасягнула ўжо оруэлаўскі ўзровень, дзе чорнае — гэта белае, і гэтак далей, — у Беларусі формула антыўтопіі ўжо стала явай.
Ці можна прагназаваць, што пераважыць у гэтым рознаскіраваным працэсе: прыём замежнікаў у грамадзянства РБ, каб кампенсаваць «вымыванне» свайго насельніцтва, ці набыццё беларусамі іншага грамадзянства, да якога падштурхоўвае у тым ліку ўказ Лукашэнкі?
— Што тычыцца арыфметыкі, цяпер вельмі цяжка сачыць за статыстыкай, яшчэ і таму, што Белстат за апошнія гады закрывае ўсё болей лічбаў — смяротнасць ад кавіду, экспартныя паказчыкі, тое ж самае тычыцца і дэмаграфіі, — зазначае Аляксандр Класкоўкі.— Калі ж проста разважаць без лічбаў альбо абапіраючыся на лічбы, якія падае МУС, то бачна, што прыток значна меншы.
Таму што пакінулі Беларусь пасля падзей 2020 года, паводле розных падлікаў, ад 200 да 500 тысяч чалавек (толькі ў Літве беларусаў каля 60 тысяч, у Польшчы, па звестках Цэнтра беларускай салідарнасці, не менш як 300 тысяч — Ф). А колькасць тых, каго прымаюць у грамадзянства, вымяраецца тысячамі, а не сотнямі тысяч.
Зрэшты, улады зацікаўленыя ў тым, каб павялічыць прыток, дадае аналітык. Меркаваць аб гэтым можна, напрыклад, па заявах, якія прагучалі падчас беларуска-узбекскага жаночага форуму з беларускага боку — аб тым, што Беларусь зацікаўленая ў прытоку працоўнай сілы ў лёгкую прамысловасць:
— Фактычна, Беларусь хоча ісці шляхам Расіі, у якой таксама вялікія дэмаграфічныя праблемы, — і за кошт гастарбайтэраў з Сярэдняй Азіі вырашаць праблемы на рынку працы, не выключана, што будуць запрашаць і ў грамадзянства.
Можа, большасць з іх будзе і някепскімі беларускімі грамадзінамі. Але само па сабе выглядае прыкра, што актыўную частку беларускага насельніцтва з краіны выкідаюць — бо людзі захацелі мець сумленныя выбары, захацелі, каб у краіне паважаліся правы чалавека, — а замест бяруць тых, хто, паводле ўладаў, будзе гатовы «цалаваць руку правадыру» і паводзіць сябе цішэй вады, ніжэй травы.
Рэжым, які пайшоў па шляху таталітарызацыі, спрабуе метадам замяшчэння сфармаваць лаяльны электарат — але, думаю, што і арыфметычна гэта не ўдасца, і ў самой Беларусі засталося нямала людзей, якія не скарыліся.
Проста цяпер не той момант, каб выказваць адкрыта свае погляды, але яны, сцяўшыся і закусіўшы губу, чакаюць нейкага акна магчымасцяў і застаюцца вернымі тым лозунгам, што вывелі іх на вуліцы ў 2020 годзе.
На жаль, сваімі дзеяннямі ўлады правакуюць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, набыць грамадзянства іншых краін. Цяпер працэс паскорыцца, бо ў многіх сышлі ці сыходзяць тэрміны дзеяння пашпартоў, а пашпарт новай Беларусі на першым этапе хутчэй будзе дакументам для падарожжаў — і ўсё адно не адкрые шлях у Беларусь.
— Гэты шлях адкрыюць толькі перамены, — падкрэслівае Аляксандр Класкоўскі. — Цяпер, як людзі прагматычныя, беларусы будуць легалізавацца ў новых краінах, атрымліваць від на жыхарства і, магчыма, грамадзянства, хоць працэс няхуткі і няпросты — бо трэба жыць, уладкоўваць сваё жыццё.
Але, хоць гэты ўказ — балючы ўдар, думаю, усё адно рэжыму Лукашэнкі не ўдасца адсекчы ўсіх гэтых людзей ад радзімы. Многім з іх баліць пра Беларусь. І тая частка з іх, хто застаецца палітычна актыўнымі, нераўнадушнымі, будуць працаваць на тое, каб у Беларусь прыйшлі змены і яны змаглі вярнуцца ў сваю, ужо свабодную, краіну.
Читайте еще
Избранное