Филин

Ірына Марозава

Класкоўскі: Улады хочуць перацягнуць на свой бок «нейтралаў»

Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам, як рэжым змяняе стратэгію дзеянняў на інфармацыйным фронце.

Ілюстрацыя Пётр Саруханаў, Новая газета

Паводле свежай справаздачы ад Baltic Internet Policy Initiative, якая прааналізавала колькасць праглядаў беларускіх ютуб-каналаў у чэрвені, у тройку лідараў увайшлі каналы, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, якое заняло чацвёрты радок у рэйтынгу, саступіла ім шматкроць.

Заўважым, агулам у статыстыку ўвайшлі каля 150 каналаў, выбранных з амаль 900 найбольш уплывовых і афіляваных з Беларуссю. Агульная колькасць іх праглядаў за чэрвень перавысіла 89,5 млн.

У справаздачы прасочваюцца некалькі выразных тэндэнцый. З аднаго боку, «экстрэмісцкія» каналы, хоць падпіска на іх ці рэпост пагражаюць пераследам, захоўваюць лідарства, а колькасць праглядаў дзяржСМІ падае. З іншага ж боку, самым прагляданым стала відэа выступлення Лукашэнкі на «Белшыне» (з пагрозамі на адрас Украіны: маўляў, калі ўдараць па Мазыры, мы ўдарым па Кіеве), а ўвогуле на дзяржаўных і кантраляваных дзяржавай каналах найбольшую папулярнасць мелі відэа з фэйкавым і маніпуляцыйным зместам.

Ці варта рабіць выснову, што прапаганда страчвае пазіцыі на інфармацыйным фронце? Пра гэта «Филин» пагутарыў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.

— Цалкам рэжым не можа даць рады новым беларускім медыям, але пэўны плён ягоныя апантаныя высілкі даюць, — адзначае эксперт.— І калі паглядзець незалежную сацыялогію, то мы бачым, што пакрысе ўсё ж уплыў дзяржаўных медыяў на аўдыторыю пашыраецца. Бо даволі папулярным застаецца тэлебачанне, а людзі, якія яго глядзяць, не ведаюць папулярных ютубераў, амаль што не заходзяць у сацсеткі і жывуць у сваім інфармацыйным пухіры.

Таму казаць, што беларуская дзяржаўная прапаганда зусім не эфектыўная, не выпадае. Тым больш, што каб пашырыць яе ўплыў, дзяржава працуе самымі брутальнымі метадамі— людзей хапаюць і караюць за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, і цяпер многім проста страшна глядзець незалежныя медыі, тым больш пашыраць іх кантэнт. І наадварот, на дзяржаўныя да прадзяржаўныя каналы прымушаюць падпісвацца розны залежны ад чыноўнікаў люд.

Эксперт звярнуў увагу на шэраг момантаў, якія спрыяюць захаванню ўплыву дзяржаўных медыяў.

Па-першае, няма пратэставага ўздыму, як у 2020-м, калі цікавасць да незалежных СМІ рэзка вырасла. Па-другое, іх проста разграмілі, выціснулі з краіны. Па-трэцяе, дае пра сябе ведаць слабая медыйная пісьменнасць дый лянота многіх беларусаў.

Усё ж значна прасцей «сесці з півасікам ды чыпсамі, націснуць на кнопку і атрымаць гатовую страву» ад тэлебачання, чым шукаць, знаходзіць і фільтраваць інфармацыю ў інтэрнэце. Прычым трэба яшчэ ўмець абыходзіць блакаванне многіх сайтаў.

Нарэшце, частку публікі, аматараў перчыку, прыцягвае скандальнасць, поўная «адвязанасць» прапаганды, якая «страціла берагі, канчаткова адкінула этычныя каноны прафесіі»:

— Калі згадваць сітуацыю да 2020 года, то тады дзяржаўныя медыі дапускалі хоць каліва плюралізму — былі, напрыклад, ток-шоу, на якія запрашалі і прадстаўнікоў незалежнай грамадскай думкі. Я сам хадзіў на АНТ, і звычайна 90% сказанага, уключна з крытыкай уладаў, трапляла ў эфір — сёння нават не верыцца, што гэта гучала па беларускім тэлебачанні. А пасля 2020-га прапагандыстам далі карт-бланш, і яны выкарыстоўваюць яго напоўніцу так, як разумеюць.

Пры тым прапаганда добра фінансуецца — па некаторых звестках, тут рэжыму дапамагла Расія, чые прапагандысцкія рэсурсы і каналы адключаныя ў многіх краінах, а таму прасоўваць наратывы даводзіцца праз беларускія афіцыйныя і праўладныя рэсурсы і блогі.

І яшчэ адзін важны штрых — інфармацыйная манаполія, якая склалася ў дзяржСМІ пасля знішчэння большасці незалежных медыяў. І колькасць праглядаў запісаў БелТА вялікая не таму, што там працуюць спрэс выдатныя журналісты, а проста таму, што цяпер няма і гаворкі, каб у парламент ці да Лукашэнкі на прэс-канферэнцыю трапілі незалежныя журналісты.

— Хочаш не хочаш, даводзіцца звяртацца да гэтай адзінай крыніцы, — заўважае Аляксандр Класкоўскі.

Да таго ж, адзначае ён, праз нізкі ўзровень медыйнай пісьменнасці значная частка аўдыторыі прымае гучныя фэйкі за чыстую манету — так беларуская прапаганда зрабіла сенсацыю з расповедаў польскага дэзерціра Эміля Чэчкі, які потым быў знойдзены павешаным (паводле афіцыйнай версіі — самагубства, але многія лічаць, што яго выкарысталі і «прыбралі»).

— Нядаўна МЗС Ірака распаўсюдзіла заяву з абвяржэннем фантазій нябожчыка Чэчкі, якія хацеў упарыць беларускі бок, — аб масавым забойстве іракскіх мігрантаў польскімі сілавікамі, — нагадвае Аляксандр Класкоўскі. — Але пра абвяржэнне іракцаў даведаецца толькі тая публіка, якая сядзіць на незалежных каналах, а тыя, хто глядзіць беларускае тэлебачанне, так і будуць верыць страшылцы.

І пратэставая, і праўладная частка беларускага грамадства жывуць у вельмі герметычных інфармацыйных пухірах. Адны чытаюць навіны на незалежных рэсурсах, глядзяць сваіх лідараў думак, а іншыя — «СБ» і Азаронка. У іх розная карціна свету, і ў гэтым вялікая праблема.

Тая ж незалежная сацыялогія паказвае, што наша грамадства надзвычай палярызаванае, прычым гэтыя полюсы ненавідзяць адзін аднаго, і сацыёлагі нават робяць выснову, што гэта можа дайсці да фазы гарачых сутыкненняў.

Акрамя таго, застаецца вялікае электаральнае балота, якое цяпер больш карэктна называюць нейтраламі, і яшчэ вялікае пытанне, каму ўдасца перацягнуць гэтых людзей на свой бок. Як ядзернаму электарату Лукашэнкі, так і ягоным перакананым палітычным праціўнікам мазгі ўжо не пераробіш. А вось з «балотам» можна працаваць даволі эфектыўна.

Апошнім часам пэўныя высілкі на гэты конт робіць якраз улада, зазначае суразмоўца «Филина». Невыпадкова на нарадзе Лукашэнкі па працы з насельніцтвам на месцах гучалі ідэі аб тым, каб на базе раёнак выканкамы вялі тэлеграм-каналы, забяспечвалі зваротную сувязь і рэагавалі на сігналы людзей.

— То бок Лукашэнка разумее, што толькі дручком і афіцыёзам не пераробіш людзям мазгі. А вось калі ўлада будзе рэагаваць на жыццёвыя патрэбы, вырашаць побытавыя праблемы звычайных людзей, то да яе будуць прыслухоўвацца і больш давяраць. Гаворка аб тым, як перацягнуць «нейтралаў» на свой бок, ідзе ва ўладных кабінетах, і гэта таксама выклік для незалежных медыяў і штабоў дэмакратычных сіл.

Так, сёння, у адрозненне ад хвалі ўздыму ў 2020-м, назіраецца дэпалітызацыя, фрустрацыя ахапіла частку грамадства, і многім здаецца, што супраць лому няма прыёму. Думаю, калі палітычная сітуацыя будзе змяняцца і ўздымецца новая хваля актыўнасці беларусаў, то і ўвага да незалежных медыяў таксама павялічыцца. Але думаць над пашырэннем аўдыторыі трэба ўжо цяпер.

— Выступаючы на ўрачыстым сходзе да Дня незалежнасці, Лукашэнка ўпершыню за даволі доўгі час перайшоў на беларускую і нават згадаў ВКЛ. Гэта з таго ж рэчышча — паспрабаваць схіліць да сябе нейтральную частку аўдыторыі?

— У пэўнай ступені так. Хаця пра ВКЛ — гэта і каб укалоць літоўцаў: маўляў, мы вялі рэй у той дзяржаве і вас выцягнулі з першабытнай цемры. Што да беларускай мовы, дык тут, на маю думку, варта ўлічваць супярэчлівыя дачыненні Лукашэнкі з Крамлём. Правадыру рэжыму відавочна некамфортна ў псіхалагічным сэнсе ад таго, што яго лічаць пуцінскай марыянеткай, і гэта якраз прарывалася ў тым выступе на ўрачыстым сходзе.

Таму пасажы на беларускай мове — гэта яшчэ і спроба падкрэсліць, што «русский мир» пакуль што не заняў тут усе камандныя пазіцыі.

Хаця маскіроўка досыць няўклюдная, бо сам рэжым якраз шырока адчыніў браму гэтаму «русскому миру», як і рускім войскам.

Проста на афіцыйнае свята незалежнасці трэба было паказаць, што ў Беларусі яшчэ засталося трошкі незалежнасці ад Крамля.

Але сумняваюся, што кагосьці можна гэтым падкупіць.

У той час як трушчаць незалежнае беларускае мастацтва, закрываюць выставы, ствараюць чорныя спісы творцаў, наўпрост рэпрэсуюць дзеячаў культуры ці абвяшчаюць іх творы «экстрэмістскімі матэрыяламі», як раман Бахарэвіча, — на гэтым тле некалькі абзацаў на мове тытульнай нацыі нікога не пераканаюць, што правадыр рэжыму стаў шчырым прыхільнікам беларушчыны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(14)