Схема, у якой улада абвяшчае амністыю, выпускае ўсіх палітзняволеных, а апазіцыя апелюе да міжнароднай супольнасці, каб знялі санкцыі, гэтакі размен — тэарэтычна, на паперы, выглядае прыгожа. Аднак насамрэч усё ўпіраецца ў нежаданне рэжыму, канкрэтна Аляксандра Лукашэнкі, ісці на такія крокі, на вялікія, з яго гледзішча, саступкі.
Класкоўскі: «Рассекчы гордзіеў вузел так, як прапануе Сярэдзіч, на жаль, немагчыма»
Палітычны аналітык — пра патавую сітуацыю для беларускіх уладаў і іх апанентаў.
Адкрыты ліст галоўрэда «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча з ідэяй аб тым, што без дыялогу паміж уладай і яе апанентамі, без нацыянальнага прымірэння беларусы могуць канчаткова страціць суверэнітэт краіны, выклікаў неадназначную рэакцыю.
На думку публіцыста, экс-дэпутата Вярхоўнага Савета Сяргея Навумчыка, кіроўны рэжым пойдзе на дыялог толькі на ўмовах прызнання яго легітымнасці, масавага пакаяння і «перагортвання старонкі». Пра нацыянальнае аднаўленне, на ягу думку, у такой сітуацыі гаварыць не выпадае, бо давядзецца жыць пад дыктоўку Масквы.
Палітолаг Павел Усаў выказаўся яшчэ больш рэзка, назваўшы прапанову прымірэння, аб якім гаворыць толькі адзін бок палітычнага крызісу — «змірэннем».
На сёння, як ні чытай паміж радкоў заявы прадстаўнікоў рэжыму і закіды прапагандыстаў, аднак канкрэтыкі пра дыялог з грамадствам і апанентамі Лукашэнка і ягонае атачэнне не агучваюць, а «камісія па вяртанні» выглядае хутчэй імітацыяй, чым рэальнымі дзеяннямі. Ці патрэбна «калектыўнаму Захаду» альбо асобным заходнім краінам роля пасярэдніка ў пошуках вырашэння беларускага палітычнага крызісу — пытанне таксама адкрытае.
Аб тым, наколькі рэалістычны ў цяперашніх умовах сцэнар «нацыянальнага прымірэння», і хто мог бы пачаць такі дыялог у тых ці іншых умовах, Филин пагутарыў з палітычным аглядальнікам праекта @pozirkonline Аляксандрам Класкоўскім.
— Найперш, я б адзначыў, што адкрыты ліст Іосіфа Сярэдзіча — гэта вельмі мужны крок, — заўважае аналітык. — Таму што чалавек знаходзіцца ўнутры краіны, і разам з тым вельмі жорстка выказваецца і пра сілавікоў, і пра цяперашнюю «зачыстку», рэпрэсіўны шал, і пра прапагандыстаў і так званую камісію па вяртанні тых, каго ўлады называюць «збеглымі».
Але, калі казаць пра сутнасці, то прапановы, выказаныя ў гэтым лісце, проста ўтапічныя.
Сёння Лукашэнка пачуваецца занадта моцна і ўпэўнена, мае галоўнае апірышча — Крэмль, і нішто яго не падштурхоўвае да таго, каб сядаць за адзін стол са сваімі заклятымі палітычнымі ворагамі. Ён па-ранейшаму не лічыць іх роўнымі сабе.
І сапраўды, сённяшнія магчымасці апазіцыі ўплываць на сітуацыю ў Беларусі вельмі абмежаваныя. То-бок, яна не ёсць нейкай палітычнай сілай, параўнальнай на сённяшні момант з сілай рэжыму, і гэта трэба цвяроза асэнсоўваць.
На думку эксперта, Лукашэнка, магчыма, гатовы пайсці на нейкі абмежаваны торг — але непасрэдна з краінамі Захаду. Па некаторых сімптомах можна меркаваць, што рэжым закідаў і працягвае закідаць вуды ў той бок.
— Але тут ужо Захад не гатовы на такі размен, бо для іх Лукашэнка — таксічны дыктатар, і прынцыпы Еўразвязу, дэмакратычнай супольнасці не дазваляюць ісці на такі торг, — заўважае Аляксандр Класкоўскі. — Тым болей, напэўна, на Захадзе пераважае думка, што на сёння Лукашэнка ўжо не з’яўляецца самастойным гульцом, а цалкам ператварыўся ў марыянетку Пуціна, таму няма сэнсу весці з ім сепаратныя перамовы.
Магчыма, Лукашэнка згадзіўся б яшчэ на той варыянт «прымірэння», які бачны на прыкладзе «камісіі па вяртанні». Лейтматыў і пафас яе працы — вы, збеглыя, паўзіце на каленях, кайцеся, пішыце самі на сябе даносы (а мы паглядзім, можа, трохі меншы вам тэрмін дамо), і потым, як выйдзіце з турмы — вы павінны лізаць чаравікі рэжыму.
І тут ужо натуральна, што прынцыповыя, ідэйныя, цвёрдыя праціўнікі рэжыму не згодныя «мірыцца» на такіх умовах, фактычна здавацца. Бо гэта будзе не прымірэнне, а вяртанне ў канцлагер і далейшае жыццё па законах гэтага канцлагера.
Тут проста няма глебы для таго, каб бакі знайшлі нейкае зыходнае паразуменне і пачалі дыялог. І прапанова, каб усё гэта ідэалістычным чынам вырашылася да наступных выбараў — канешне, таксама цалкам нерэальная. Бо нашто Лукашэнку сваімі ж рукамі разбураць уласную сістэму?
2020 год паказаў, колькі людзей хоча змены ўлады. І хоць значная частка іх апынулася ў эміграцыі, але рэпрэсіі не дадалі любові да рэжыму. Таму любыя болей-меней вольныя выбары азначаюць крах цяперашняй сістэмы, бо народ прагаласуе за іншую ўладу. І Лукашэнка не будзе пілаваць той сук, на якім сядзіць, а будзе стаяць да апошняга.
Разлік апазіцыі на тое, каб здушыць рэжым санкцыямі, а той на нейкім этапе не вытрымаў і пайшоў на саступкі, на думку аналітыка, таксама выглядае не вельмі рэалістычным. З аднаго боку, сам Лукашэнка вельмі ўпарты чалавек, з другога — няма ніякай гарантыі, што ён палічыць за лепшае схіліцца перад апанентамі, чым здацца Маскве:
— Калі ўжо будзе такі выбар, то, магчыма, ён згодзіцца быць расійскім губернатарам, чым адчыняць шырока дзверы «пятай калоне» з самымі непрадказальнымі для сябе наступствамі. Мяркуючы па ягоных шматлікіх палкіх тырадах у абарону Кадафі, Садама Хусэйна, у думках ён праецыруе на сябе такі варыянт лёсу, што прымушае яшчэ мацней трымацца за ўладу — рукамі, зубамі, кіпцюрамі, усім, чым магчыма.
Да таго ж, пытанне накладвання і адмены санкцый таксама няпростае. Апазіцыя можа папрасіць іх зняць — а Захад развядзе рукамі: выбачайце, у нас свае прынцыпы, свае прычыны (у прыватнасці, санкцыі ўводзіліся і за гвалтоўную пасадку самалёту Ryanair, і за міграцыйны крызіс, і за саўдзел у вайне ва Украіне — усё гэта не тычыцца непасрэдна ўнутрыпалітычных беларускіх пытанняў).
Ці лёгка будзе Захаду адкруціць усё назад, пры ўмове, што гэтыя пытанні вырашаюцца кансенсусам? Калі ўмоўная Польшча, якая вельмі сур’ёзна «заелася» з афіцыйным Мінскам, упрэцца — то пытанне пра зняцце санкцый можа надоўга павіснуць у паветры…
Так рассекчы гэты гордзіеў вузел, як прапануе Сярэдзіч, на жаль, немагчыма. Сітуацыя на сёння шмат у чым выглядае тупіковай, і змяніцца яна можа, напэўна, толькі пры збегу форс-мажорных чыннікаў, прагназаваць якія мы не можам.
Калі ўявіць сабе, што абвальваецца эканоміка, пайшлі цынкавыя труны з Украіны, бо Беларусь наўпрост уступіла ў вайну (крый Божа, канешне, каб так разгортвалася), моцную паразу атрымаў Крэмль і Маскве стала не да Беларусі — магчыма, Лукашэнка альбо той, хто зменіць яго ва ўладзе, можа схамянуцца, праявіць гнуткасць і загаварыць пра «круглы стол» і нацыянальнае прымірэнне.
Але на сённяшні дзень гэта ўсё вельмі прывідная перспектыва. А паасобку адзін толькі чыннік наўрад ці спрацуе. Так, у пытанні санкцыйнага ціску, падаецца, Захад падышоў блізка да столі — у некаторых еўрапейскіх краінах электарат ужо выяўляе незадаволенасць, бо санкцыі б’юць бумерангам, разганяючы інфляцыю, і г.д.
Ад сюжэту вайны ва Украіне шмат што залежыць, але не факт, што ў агляднай перспектыве будзе відавочная, сакрушальная перамога Украіны — магчымая замарозка канфлікту на няпэўны тэрмін і ўтрыманне Пуціна ва ўладзе…
Сітуацыя шмат у чым выглядае патавай, і ніхто не можа прапанаваць нейкі цудадзейны сцэнар яе вырашэння. Гэта не азначае, што апазіцыі не трэба над гэтымі сцэнарамі, варыянтамі сваёй стратэгіі думаць — але чакаць дзівосаў наўрад ці варта.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное