Филин

Міхаіл Мішкін

Класкоўскі: На Лукашэнку будуць болей уздзейнічаць не заявы Вярхоўнай Рады, а поспехі Узброеных сіл Украіны

Аналітык — пра тое, ці паўплывае палітычная метафара на статус беларускага рэжыму.

Група ўкраінскіх дэпутатаў унесла ў Вярхоўную Раду праект заявы аб прызнанні Беларусі тэрыторыяй, якая часова акупаваная Расіяй. Сярод іншага прапануецца зварот з аналагічнай просьбай да міжнароднай супольнасці, каб пазбавіць беларускія ўлады міжнароднай правасуб’ектнасці, заклік сінхранізаваць санкцыі датычна РФ і Беларусі і закрыць магчымасці для іх абыходу, спыніць удзел Беларусі ва ўплывовых міжнародных арганізацыях.

Наколькі рэальна, што парламент ухваліць такую заяву, ці адмовіцца Кіеў ад realpolitik у дачыненні да Беларусі і ці нешта істотна зменіцца для рэжыму Лукашэнкі і яго апанентаў, Филин абмеркаваў з палітычным аналітыкам тэлеграм-канала Позірк Аляксандрам Класкоўскім.

— Я не перавялічваў бы значэнне гэтай ініцыятывы, — зазначае суразмоўца. — Па-першае, яшчэ няма ніякай заявы Вярхоўнай Рады, толькі прапанова шэрагу дэпутатаў. Па-другое, нават калі ўявіць сабе, што ўкраінскі парламент прымае такі дакумент, на сітуацыю ў міжнародным маштабе гэта ўсё адно наўрад ці паўплывае.

Эксперт звяртае ўвагу на тое, што адзін з лідараў дэмакратычных сіл Павел Латушка, а потым і Святлана Ціханоўская яшчэ з сакавіка пачалі прасоўваць аналагічную ідэю — каб Беларусь была прызнаная часова акупаванай тэрыторыяй.

— У беларускай апазіцыі ёсць свая матывацыя, аб якой можна разважаць асобна, але звышздача, як я разумею — «памножыць на нуль» Лукашэнку ў міжнародна-прававым сэнсе, — гаворыць Аляксандр Класкоўскі. — Адпаведна, тады, калі з Лукашэнкам ужо ніхто не будзе мець справы, падвышаецца суб’ектнасць апазіцыі, можна казаць ужо не пра апазіцыйны, а пра нацыянальна-вызвольны рух, і г.д.

Але што хачу падкрэсліць: прайшло болей чым паўгода, але ніводная краіна, ніводная міжнародная арганізацыя гэтую ініцыятыву не падхапіла.

Гучалі адзінкавыя галасы палітыкаў, напрыклад кіраўніка МЗС Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса, ды і той толькі дапусціў, што Беларусь можна назваць «часткова акупаванай краінай». Увогуле гэта болей падобна на палітычную метафару, чым на прававое азначэнне. І, напэўна, на тое ёсць прычыны.

Згадваю, што асобныя апазіцыйныя лідары злаваліся на аналітыкаў і экспертаў, якія сумняваліся, ці можна прызнаваць Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй,— але ў такім разе болей лагічна адрасаваць прэтэнзіі міжнародным структурам, якія не спяшаюцца адгукнуцца.

Мяркую, з гледзішча міжнароднага права ў такім азначэнні ёсць пэўныя сумневы. Бо класіка жанру датычна акупацыі — гэта не проста прысутнасць замежнага войска на тэрыторыі пэўнай краіны (амерыканскія войскі, напрыклад, знаходзяцца ў дзяржавах Балтыі, у Польшчы, але пра акупацыю казаць не выпадае), а калі войскі іншай краіны фактычна скідаюць існую ўладу і замяняюць на сваю адміністрацыю.

У Беларусі гэтага няма. Так, відавочна, беларускія ўлады здалі вялікія кавалкі суверэнітэту, амаль што страчаны вайсковы суверэнітэт (хаця і тут усё не так проста, мы бачым, што Лукашэнка дасюль не паслаў свае войскі ва ўкраінскую мясарубку). Але што да ўнутранай палітыкі, то Лукашэнка сам аддае загады сваёй вертыкалі: спыніць цэны, лепей шукаць «экстрэмістаў» — усім гэтым кіруе не Крэмль, а тутэйшы рэжым.

Таму, падкрэслівае аналітык, хоць фармулёўка пра Беларусь акупаваную і зручная выціснутым за мяжу апанентам Лукашэнкі, у ёй, хутчэй за ўсё, маюцца істотныя нестыкоўкі з міжнародным правам.

Да таго ж, на думку эксперта, няхай не цалкам «калектыўны Захад», але пэўныя сілы і асобныя палітычныя дзеячы ўсё ж спадзяюцца ўбіць клін паміж рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна, а таму не ставяць іх на адну роўніцу і не заганяюць правадыра беларускага рэжыму канчаткова ў кут.

І гэта, мабыць, не самая важкая, але яшчэ адна перашкода да таго, каб міжнародная дэмакратычная супольнасць прызнала Беларусь часова акупаванай краінай.

— Украінскія ж палітыкі найперш пераследуюць свае нацыянальныя інтарэсы, — працягвае эксперт. — Рознымі сродкамі яны вырашаюць пытанні барацьбы супраць расійскай агрэсіі. Напрыклад, паказальны пункт, які тлумачыць матывацыю, чаму трэба прыняць такое рашэнне: маўляў, гэта дазволіць сінхранізаваць санкцыі ў дачыненні да Расіі і Беларусі.

То бок для Украіны, якая ваюе супраць Расіі, задача — максімальна націснуць на яе хаўрусніка, аслабіць яго. Хоць і тут няма паслядоўнасці — кладучы руку на сэрца, прасочваюцца элементы той жа realpolitik. Калі вы кажаце, што Беларусь акупаваная Расеяй і афіцыйныя беларускія структуры для вас не маюць ніякага значэння, то чаму трымаеце ў Мінску, сярод акупантаў, свайго амбасадара? Значыць, усё не так проста.

У гэтым сэнсе, гаворыць Аляксандр Класкоўскі, не трэба пераацэньваць і значэнне сустрэчы групы ўкраінскіх дэпутатаў з прадстаўнікамі палка імя Каліноўскага:

— Цяпер, калі пена трошкі сышла, відавочна, што быў нейкі момант эйфарыі з боку менавіта прадстаўнікоў палка Каліноўскага, якія сталі педаляваць аспект прызнання іхняй легітымнасці. У спалучэнні з тым, што некаторыя прадстаўнікі палка заяўлялі недавер да пэўных асоб з каманды Святланы Ціханоўскай, да таго ж Валерыя Сахашчыка, у часткі палітызаванай публікі склалася ўражанне, што Украіна цалкам паставіла на полк Каліноўскага.

Але пачалі тлумачыць сітуацыю самі ўкраінскія дэпутаты. У прыватнасці, Аляксей Ганчарэнка, кіраўнік парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», якая і ладзіла тую сустрэчу, адзначыў, што лічыць легітымнымі і полк Каліноўскага, і Аб'яднаны пераходны кабінет Святланы Ціханоўскай, і іншыя беларускія апазіцыйныя структуры — маўляў, гэта ўсё прадстаўнікі вольнай Беларусі.

І па вялікім рахунку, не варта думаць, быццам супярэчнасці ў беларускай апазіцыі назіраюцца з-за нейкіх дзеянняў украінскага боку — гэта, хутчэй, унутраныя «цёркі».

Наогул, трэба спакайней успрымаць заявы тых ці іншых украінскіх спікераў (часам відавочна суб'ектыўныя, недальнабачныя). Беларусы, у тым ліку і тыя, хто знаходзіцца ў апазіцыі да рэжыму Лукашэнкі, прывыклі, што ёсць адна палітычная лінія ў краіне.

У Беларусі як гаворыць Лукашэнка, так будзе гаварыць і Качанава, і Вальфовіч, у якіх свайго голасу і свайго меркавання няма.

Але ва Украіне зусім не так, і мы бачым, што ў той ж Вярхоўнай Радзе ёсць дэпутаты з самымі рознымі пазіцыямі. Некаторыя дасюль згадваюць Ціханоўскай яе колішнія няўпэўненыя выказванні пра Крым, хоць яна даўно ўжо скарэктавала іх і цяпер займае цвёрдую пазіцыю, а некаторыя цалкам станоўча кажуць пра перспектывы супрацы з камандай Ціханоўскай. І гэта нармальная паліфанія галасоў у дэмакратычнай краіне.

Так што пытанне расколу альбо аб’яднання беларускага дэмакратычнага руху залежыць не ад украінскіх палітыкаў, а ад мудрасці саміх удзельнікаў і плыняў гэтага руху — ім самім трэба шукаць паразуменне і развязваць вузлы гэтых супярэчнасцяў.

Што да Лукашэнкі і ягонага рэжыму, то імаверная заява аб прызнанні Беларусі акупаванай тэрыторыяй дэ-факта мала што зменіць, гаворыць аналітык:

— Дзейнічаць у пэўным рэчышчы яго прымушаюць не якія-небудзь дакументы, прынятыя за мяжой, а іншыя чыннікі: фактычная залежнасць ад Крамля, з аднаго боку, і з другога — жаданне не ўлазіць па вушы ў гэтую вайну і нейкім чынам ад яе адкруціцца.

Заява Вярхоўнай Рады наўрад ці істотна паўплывае на сюжэт гэтай вайны і паводзіны беларускай улады. Але многае залежыць ад таго, наколькі паспяхова будуць дзейнічаць Узброеныя сілы Украіны супраць Расіі.

Чым болей выразнай будзе перспектыва паразы Пуціна, тым болей Лукашэнка стане лавіраваць і старацца неяк адкараскацца ад прамога ўдзелу ў агрэсіі.