Класкоўскі: «Могуць яшчэ раз перапісаць Канстытуцыю і ўвогуле скасаваць усе выбары»

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі — пра заяву Аляксандра Лукашэнка адносна прэзідэнцкіх выбараў і ці змогуць беларусы перамагчы рэжым, калі рэпрэсіі будуць працягвацца.

Нядаўна кіраўнік дзяржавы прызнаў, што ўпусціў шанец прапісаць у новай Канстытуцыі механізм, каб прэзідэнта абіралі Усебеларускім народным сходам.

— Ён казаў пра ўсе выбары і асабліва пра выбары прэзідэнта. То бок ён саспеў да таго, каб увогуле электаральныя механізмы, якія і так працавалі з вялікім скрыпам, цалкам спыніліся. Каб толькі гэты вышэйшы слой бюракратыі, наменклатуры ў выглядзе так званага Усебеларускага сходу ў сваім кокане сам выбіраў прэзідэнта.

То бок прэзідэнт прызначае тых, хто будзе на сходзе, а яны будуць выбіраць яго. Проста ідэал аўтарытарзма, які ўжо ператвараецца ў таталітарызм! — кажа Аляксандр Класкоўскі ў інтэрв’ю «Sens». – Гэта азначае, што могуць яшчэ раз перапісаць Канстытуцыю і ўвогуле скасаваць пад нейкім соўсам усе выбары.

Па-другое, калі глядзець эвалюцыю, то ўсе не так проста. Таму што ў 1994 годзе не было імітацыі, былі адносна дэмакратычныя выбары і Лукашэнка тады сапраўды перамог, чым ён шчыра ганарыўся. І калі ён ламаў хрэбет Вярхоўнаму савету, калі заціскаў прэсу, ён гэта апрадваў тым, што ўсенародна абраны.

Шчыра кажужы, ні ў 2001, ні ў 2006 не маглі апазіцыйныя кандыдаты перамагчы. Таму даволі доўгі час у Лукашэнка была шырокая электаральная падтрымка за кошт таго, як ён сам казаў «не делал грабительских реформ», а проста прысмактаўся да Расіі.

Але ж 2020 год паказаў, што нацыя вырасла. Прасунутая і адукаваная частка нацыі перарасла гэты рэжым, а чалавек, які хоць і клянецца, што не хоча трымацца пасінелымі пальцамі за ўладу, не знайшоў у сабе духу, маралі і палітычнай дальнабачнасці, каб своечасова сыйці і пачаў усіх душыць.

Зараз Лукашэнка разумее, што ні адны сумленныя выбары ён не выйграе, і нават імітацыйныя могуць ператварыцца ў новае народнае паўстанне. І таму гэта заява сімптаматычная, праграмная і гістарычная ў пэўным плане, бо паказвае эвалюцыю ці дэградацыю гэтага рэжыму.

Таксама аналітык адказаў на пытанне, ці не дэградуюць беларусы, калі ў краіне працягнуцца рэпрэсіі ў тым жа духу, як цяпер.

— Сапраўды, гэта вельмі небяспечныя працэсы. Сотні тысяч самых адкрытых праціўнікаў рэжыму мусілі з'ехаць. Унутры Беларусі, як бы людзі не хацелі пераменаў, зараз яны проста баяцца. Але крызіс не вырашыўся і тая супярэчнасць, і тая палярызацыя ў грамадстве нікуды не падзеліся. Наколькі доўга гэта можа існаваць і наколькі вялікі запас трываласці ў рэжымаў Лукашэнка і Пуціна — вялікае пытанне. Але я аптыміст, звяртаюся да гісторыіі і бачу, што беларусаў не аднойчы хацелі знішчыць, але гэтага не адбылося: беларусы зноў адраджаліся і новае пакаленне зноў паўставала. Я думаю, што запас жыццёвых сілаў у нацыі паспрыяе таму, што Беларусь вытрывае і гэтыя выпрабаванні. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)