Политика

Класкоўскі: «Лукашэнка мэнтальна пакуль не гатовы зьмірыцца, што давядзецца некаму перадаваць уладу»

Палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі адказвае на пытаньне, чаму ўладны праект новай Канстытуцыі зноў «недапрацаваны», тлумачыць, чаго баіцца Лукашэнка, і заяўляе, што той хоча даседзець у сваім крэсьле як мінімум да 2025 году, піша Радыё Свабода.

Аляксандар Класкоўскі

— Сёньня Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях канстытуцыйнай рэформы, якая нібыта павінна была паставіць канчатковую кропку ў вызначэньні праекту Канстытуцыі.

Але з тых словаў, якія прагучалі на нарадзе, выявілася, што на самой справе нічога яшчэ канчаткова не гатова і шмат чаго трэба дапрацаваць. Што гэта азначае?

— На мой погляд, Лукашэнка сёньня разыграў міні-спэктакль. Ён прадэманстраваў такое штучнае зьдзіўленьне — «маўляў, я не знаходжу пераходных палажэньняў у гэтым праекце».

Вядома, праблема ня ў тым, што Пётар Міклашэвіч, які ўзначальвае Канстытуцыйны Суд і канстытуцыйную камісію, ня ведае, што ў такіх праектах павінны быць пераходныя палажэньні.

Праблема ў тым, што Міклашэвіч і ўся кампанія ня ведаюць, што наконт гэтага думае сам Лукашэнка — а той канчаткова ня вызначыўся. Таму яны і не рызыкуюць вылучаць нейкія прапановы, каб ня трапіць пад раздачу.

І тая група неназваных юрыстаў, якая будзе дапрацоўваць праект, таксама ўпрэцца ў тую самую сьцяну — што думае галоўны палітычны суб’ект? А Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, яшчэ ня вызначыўся ў галоўным пытаньні — пра сваю ролю ў новай палітычнай сыстэме. Бо пераходныя палажэньні павінны вызначыць, калі новыя паўнамоцтвы атрымае парлямэнт і калі будуць выбары новага прэзыдэнта.

Мая думка — Лукашэнка мэнтальна пакуль не гатовы зьмірыцца з тым, што давядзецца некаму перадаваць гэтую ўладу. І ён хоча як мінімум да 2025 году, да канца цяперашняй кадэнцыі, праседзець у сваім цяперашнім крэсьле.

І яшчэ ёсьць момант, які тычыцца ўвядзеньня ў палітычную сыстэму Ўсебеларускага Сходу з новымі, я б сказаў, тэрмаядзернымі паўнамоцтвамі. Лукашэнка, відаць, небеспадстаўна баіцца, што можа ўзьнікнуць калізія, канфлікт паміж галінамі ўлады.

Ён ня ведае, як вырашыць гэтае пытаньне, знайсьці балянс паміж новымі паўнамоцтвамі гэтага Сходу і прэзыдэнцкай уладай.

— У чым, на вашу думку, першапрычына гэтай нявызначанасьці Лукашэнкі? Ці толькі пэўныя рысы ягонага характару і асаблівае стаўленьне да ўлады? Або тут найперш замежнапалітычныя і ўнутрыпалітычныя прычыны, якія прымушаюць яго ісьці на тыя зьмены, якія ён унутрана не гатовы прымаць?

— У прынцыпе, Лукашэнка не хацеў бы ніякіх пераменаў. Адна з ключавых фразаў сёньняшняй нарады была пра тое, што трэба ў новай Канстытуцыі ўлічыць досьвед 2020 году. Маўляў, людзі, якія хацелі разбурыць краіну, не павінны прыйсьці да ўлады.

На гэтым можна было б паставіць кропку ў дыскусіі пра перамены. Лукашэнка ня хоча мяняць сыстэму, мае на ўвазе, што рэжым застанецца той самы і што цяперашнія кіраўнікі будуць вырашаць, каго дапускаць да ўлады. І натуральна, што праз гэтае сіта, гэты фільтар будуць праходзіць толькі цьвёрдыя, адданыя прыхільнікі цяперашняй улады.

Летась была іншая сытуацыя. Калі ўзгадаць, як Лукашэнка круціўся як вуж на патэльні падчас выступу перад рабочымі МЗКЦ, — то, натуральна, у яго былі іншыя ноткі. Ён быў шакаваны размахам пратэстаў, размахам непрыманьня ягонай улады, і таму казаў — «я ўжо заседзеўся, давайце новую Канстытуцыю, новыя выбары».

Тады і Крэмль прапанаваў канстытуцыйную рэформу — сярод іншага, каб, скарыстаўшыся сытуацыяй, прасунуць уласныя інтарэсы. Мадэрнізаваць палітычную сыстэму Беларусі, каб ямчэй было гуляць на гэтым полі, працаваць з рознымі цэнтрамі прыняцьця рашэньняў. Відавочна, што тады Лукашэнка даў пэўныя абяцаньні Пуціну.

Але за год Лукашэнка здушыў пратэсты, зразумеў, што збольшага ўтрымлівае сытуацыю пад кантролем, і цяпер у яго пераважаюць думкі, што ня варта было б нічога і мяняць.

Але ён разумее, што ён ня вечны, што так ці іначай давядзецца ажыцьцяўляць транзыт улады, і хаця б з гэтых меркаваньняў нейкую пераробку палітычнай сыстэмы рабіць трэба. Але чыста індывідуальна ён гоніць гэтыя думкі ад сябе — адсюль мы бачым гэтую пракрастынацыю, бачым, што працэс завісае.

— Але многія аналітыкі і палітыкі лічаць, што ніякага рэальнага транзыту ўлады ня будзе. Рэфэрэндум ужо шмат разоў паабяцаны, ён пройдзе, будзе прынята новая Канстытуцыя. Аднак і пасьля гэтага дэ-факта кіраўнік дзяржавы застанецца той самы. Лукашэнка знойдзе шлях, каб застацца ва ўладзе і пры новай Канстытуцыі.

— Я думаю, сапраўды, Лукашэнка не хацеў бы саступаць сваё цяперашняе крэсла — яму там вельмі ўтульна.

Па-першае, ён не давярае ніякаму пераемніку. Нават калі зусім адданага чалавека паставіць — то ўзьнікае пытаньне, ці ўтрымае той сытуацыю. Пытаньне гарантыяў, бясьпекі для сябе і сям’і — тое, што замінае Лукашэнку пачаць транзыт улады.

Па-другое, псыхалягічны момант. Мы за гэтыя гады пераканаліся, што ўлада для Лукашэнкі — гэта ўсё. Мы назіраем, як ён хоча сам вырашаць усе пытаньні, хоча выглядаць найлепшым адмыслоўцам ва ўсіх сфэрах — ад ураджаю да культуры. Ён жа нават у інтэрвію прызнаваўся, што ня можа ўявіць сабе, як гэта прачнуцца і чым займацца, калі ня будзе прэзыдэнтам.

Таму, паўтару сваю думку, — Лукашэнка хоча даседзець у сваім цяперашнім крэсьле як мінімум да 2025 году. Таму ў пераходных палажэньнях могуць дапісаць, што паўнамоцтвы цяперашняга прэзыдэнта працягваюцца да канца ягонай кадэнцыі. А далей ён будзе глядзець па сытуацыі.

Я не выключаю, што ў яго па-ранейшаму сядзіць думка заставацца і надалей у гэтым крэсьле, каб потым перадаць у спадчыну прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.

— Як можа выглядаць стратэгія дэмакратычных сілаў, усіх апанэнтаў рэжыму ў стаўленьні да абвешчанага рэфэрэндуму? Ці ігнараваць яго, ці заклікаць прыйсьці і галасаваць супраць? Здаецца, ніводзін з варыянтаў не зьяўляецца адназначным.

— Я бачу, што на сёньня для апазыцыйных штабоў гэта вялікая праблема. Ёсьць альтэрнатыўны праект Канстытуцыі. Але як яго выкарыстаць у барацьбе супраць рэжыму — не зусім зразумела.

Байкот, я думаю, ня самая лепшая тактыка. 2020 год паказаў, што толькі актыўнасьць, толькі масавы ўдзел і выхад на вуліцы дае падставы для нейкіх пераменаў у грамадзтве. Байкот не пракочвае, тым больш што маляваць патрэбныя лічбы яўкі ўлада навучылася, і яна гэта зробіць, нават калі будуць цалкам пустыя ўчасткі.

Сцэнар, які можа быць дзейсным, — нейкім чынам зламаць задуму ўлады, сапсаваць іхны спэктакль. Якім чынам гэта будзе зроблена — магчымыя розныя варыянты. У кожным разе, апанэнтам улады ня ўдасца зрабіць нейкага цуду, калі ня будзе ўмоваў для актывізацыі і палітычнага пад’ёму ўнутры краіны.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(30)