Филин

Сяргей Васілеўскі

Класкоўскі: « Думаю, натыкнуўшыся на ўпартую пазіцыю Лукашэнкі, Пуцiн вырашыў не ламаць яго праз калена»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі расказаў Филину, чым ваенныя паўгода сталі для Беларусі.

— У першыя дні пасля ўварвання сярод расійскіх экспертаў гучалі меркаванні, што нават у атачэнні Пуціна не ўсе маглі ведаць пра непазбежнасць вайны. Калі азірнуцца назад і прыгадаць выказванні Лукашэнкі пра тое, што «мы вернем Украіну ў лона нашага славянства», пра кароткі шлях да Ла-Манша, ці можна сёння сказаць, што для яго вайна таксама стала сюрпрызам?

— Мы не можам ведаць канфідэнцыйную інфармацыю, што казаў Пуцін Лукашэнку перад нападам. Але ў мяне асабіста складваецца ўражанне, што цалкам планы Крамля Лукашэнка не ведаў. І наўрадці расійскі кіраўнік стаў бы дзяліцца тымі планамі, што вось менавіта 24 лютага мы ўдарым па Украіне, пойдзем на Кіеў.

Хаця бы таму, што Лукашэнка, як сведчыць доўгі досвед, можа сказаць лішняга падчас прыліву шчырасці, ці проста не кантралюючы свае словы ў нейкім інтэрв’ю, ці ў часе публічнага выступлення.

Магчыма, і сам Пуцін вагаўся, і да апошняга спадзяваўся, што Захад неяк адступіць перад ягонай гульнёй мускуламі. Мне здаецца, што і Лукашэнка таксама спадзяваўся, што гэтым усё і абыдзецца. Ён разумеў, што справа не толькі ва Украіне, а можа і не столькі нават.

Колькі ў тым, што Пуцін хоча змяніць сусветны парадак, дамагчыся новых, болей справядлівых на яго думку для Расіі правілаў і ўмоваў. Вярнуць кантроль над былымі савецкімі тэрыторыямі, якія Крэмль лічыць рускімі землямі. І ўвогуле, каб НАТА спалохалася, адступілася да сваіх пазіцыяў да 1997 года.

Беларускі правіцель спадзяваўся, што ўсё абыдзецца гульнёй мускуламі. Прынамсі, у межах вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022». Да апошняга ён усё ж найхутчэй не ведаў у поўнай меры гэтых планаў нападу на Украіну.

І калі 24 лютага ён сабраў нараду з людзей у пагонах, думаю, у яго шчыра прагучала, што ён і сам з медыя даведаўся пра тое, што тут адбываецца, пра ўдары па Украіне з беларускай тэрыторыі.

Думаю, Крэмль, зважаючы на вялікую залежнасць Лукашэнкі ад Расіі, проста цынічна скарыстаўся ім, як васалам. У выніку беларуская тэрыторыя ў вялікай ступені была скарыстаная як плацдарм для ўдару па Кіеве.

Беларускі правіцель апынуўся тут у такой дурнаватай сітуацыі, бо было зразумела, што не ён прымаў гэтае рашэнне. Але паколькі вось гэты статус марыянеткі, канечне, балюча закранае яго, то ён цяпер усяляк падкрэслівае, што гэта ўсё было непазбежна. Мемам стала гісторыя з мапамі, на якіх ён паказваў, адкуль рыхтаваўся напад на Беларусь.

Ягоны лейтматыў палягае ў тым, што ўкраінцы самі вінаватыя. Што яны самі наклікалі на сябе гэтую вайну, і ў яго не было іншага выйсця, як падтрымаць свайго саюзніка.

Што яшчэ варта падкрэсліць. Пасля таго, як стала зразумела, што ніякага бліцкрыга не атрымалася, ён стараецца надта глыбока не ўлазіць у гэтую катавасію. Ва ўсякім разе, не пасылаць свае войскі ва ўкраінскую мясарубку. І гэтая ягоная ўпартасць відавочная, бо ён разумее, што гэта было б ужо зусім самазабойчым палітычным крокам.

— І ўсё ж, чыя заслуга ў тым, што беларускія войскі не ўдзельнічаюць у вайне наўпрост, больш істотная — гэтай ягонай упартасці, ці тут гаворка пра збег абставінаў: і нежаданне Лукашэнкі, і адсутнасць ваеннай неабходнасці, нейкія іншыя чыннікі?

— Можна з вялікай імавернасцю меркаваць, што Пуцін спрабаваў празандаваць настрой свайго хаўрусніка наконт таго, што можа варта і беларускія войскі кінуць на гэтую вайну. І я думаю, што натыкнуўшыся на такую ўпартую пазіцыю Лукашэнкі, ён вырашыў не ламаць яго праз калена. Бо не тая сітуацыя.

Беларускі правіцель неаднойчы публічна, а я думаю, што і тэт-а-тэт з Пуціным, даводзіў, што «падступныя натаўцы ў любы момант могуць ударыць у спіну нашым рускім братам». А таму нам трэба свае войскі найперш трымаць на заходняй мяжы.

Зразумела, што гэта міф, мыльная бурбалка. Але на Пуціна, паколькі ён чалавек, таксама схільны да антызаходніх фобіяў, якому паўсюль бачацца змовы, агрэсія і гібрыдная вайна, гэты аргумент у пэўнай ступені падзейнічаў.

Ну і потым, чыста арыфметычна. У Маскве Шайгу ды іншыя стратэгі бачаць, што беларускае войска, пры тым што Лукашэнка любіць надзімаць шчокі, гаворачы, што нашая армія ледзь не самая моцная ў Еўропе, насамрэч налічвае усяго 45 тысяч чалавек у пагонах.

З іх, я думаю, большая частка салдатаў часцей у руках трымае рыдлёўку ці мятлу, чым аўтамат. А па-сапраўднаму баяздольных — некалькі тысяч. Найперш, гэта сілы спецыяльных аперацый. Дый тыя не маюць баявога досведу адрозна ад украінскіх войскаў.

Таму, ці варта кідаць у самую топку гэтыя некалькі тысяч, якія адразу ж будуць ці знішчаныя, ці вельмі моцна патрапаныя?

Гэта, па-першае, Лукашэнку моцна палохае, бо, як вядома, сілавікі — ягоная асноўная апора. Ён не саромеўся і вайсковыя падраздзяленні накіроўваць на здушэнне пратэстаў. Па-другое, і для Пуціна гэта не тая крытычная сітуацыя, калі беларускае войска можа вырашыць лёс так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі.

— Сёння ізноў успыхваюць спрэчкі паміж беларусамі і ўкраінцамі. З боку апошніх нярэдка гучаць папрокі ў тым, што мы і рэвалюцыю не так, як трэба, ладзілі, не дадушылі свой рэжым. І нашага супраціву расійскім акупантам нібыта амаль не відно.

Як вы лічыце, ці маглі беларусы ў лютым і ў наступныя месяцы вайны скочыць вышэй галавы?

— Адразу хачу падкрэсліць, што не ўсе беларусы сядзелі, як мыш пад мятлой. Мы ж памятаем, што ў дзень рэферэндуму 27 лютага каля тысячы чалавек толькі затрыманых было за антываенныя пратэсты. Ва ўмовах такога дзяржаўнага тэрору, іншага слова тут не падбярэш, калі ўвогуле страшна падняць галаву, выхад на вуліцы — гэта сапраўдны подзвіг. 

Некалі супраць уварвання СССР у Чэхаславакію ў Маскве на Красную плошчу выйшла восем чалавек. У Беларусі выйшлі сотні, а можа і тысячы людзей, пры тым, што тэрор цяпер страшней, чым у Савецкім Саюзе. Гэта ўжо варта падкрэсліць і адзначыць, такі акт грамадзянскай мужнасці. 

Па-другое, мы ведаем, што рэйкавыя партызаны актыўна дзейнічалі і ўлада асабліва жорстка з імі распраўлялася. Людзям стралялі па каленях, ужо пасля затрымання. І, як можна меркаваць, іх можна падвесці пад вышэйшую меру пакарання ў выніку суда.

Гэта таксама была прыкметная з’ява. І ў сённяшніх беларускіх умовах гэта, ізноў жа, подзвіг. Гэта акт, на які не многія здольныя. І ў прынцыпе, калі казаць шчыра, то такіх герояў-тэрмінатараў не вельмі шмат у любым грамадстве.

Не хацеў бы ўдавацца ў палеміку з украінцамі, але ў постсавецкі час яны не ведалі сапраўднай дыктатуры. У іх усё ж былі большыя магчымасці для таго, каб ладзіць свае майданы і мяняць уладу. А там, куды зайшлі расейцы, сёння таксама няма ніякіях маніфестацый. Таму што разумеюць, што можна атрымаць альбо засценак, або кулю ў лоб. 

А беларусы жывуць фактычна ў такіх умовах з 2020 года. Таму тут трэба падумаць, перш чым кідаць у іх камень. Я думаю, што большага ў сённяшніх умовах татальнага дзяржаўнага тэрору беларусы не маглі зрабіць. Проста недарэчна патрабаваць рукамі лавіць ракеты, якія ляцяць адсюль ва Украіну.

А што тычыцца паразы мірнага паўстання 2020-га, то, па-першае, гэта не азначае аўтаматычна, што ўзброены шлях з’яўляецца панацэяй. Ва ўсякім разе, маральны складнік мірнага супраціву вельмі моцны, ён будзе дапамагаць беларусам у будучыні.

Таму што спіраль гвалту — вельмі небяспечная рэч. Калі гвалтам скідаць старую ўладу, ёсць вялікая рызыка таго, што новы гвалт будзе спараджаць супраціў і гэтае супрацьстаянне можа расцягнуцца надоўга.

Таму гэта неадназначная тэма — ці правільна рабілі беларусы, што здымалі абутак, перш чым залезці з нагамі на лаўку. Хоць з гэтага многія і здзекуюцца. Маральная вышыня гэтага пратэсту, я лічу, заслугоўвае іншай ацэнкі.

Паўтаруся, не факт, што ўзброены супраціў прывядзе да зменаў у Беларусі. Тут можна шмат розных «але» выказаць супраць магчымасці такога сцэнару. Пабачым, як будуць развівацца падзеі.

У кожным разе, я перакананы, што лёс пераменаў будзе вырашацца ўнутры Беларусі, а не за кошт таго, што на белым кані ўедзе нейкі ваенначальнік і прывядзе сюды вызвольнае войска.

На сённяшні дзень гэта амаль нерэалістычны сцэнар, хоць ён і прывабны, і пасля паразы мірнага паўстання многія за яго ўхапіліся, як за палачку-выручалачку. Але гэта хутчэй палітычная наіўнасць, чым нешта іншае.

Прасунутая частка нацыі, якая хоча перамен, і ў 2020-м, і цяпер паказала сябе дастаткова моцна, а большага яна ў сённяшніх умовах наўрадці магла дамагчыся.

І, калі на тое пайшло, Кіеў і сёння ходзіць вакол Лукашэнкі, як каля хворай скулы, баіцца яго раздражняць, не кажучы ўжо пра 2020-ы. Тады не было вялікай падтрымкі беларускага пратэсту ва ўкраінскіх уладаў. І практычна да 24 лютага Кіеў падтрымліваў дачыненні, у прыватнасці вёў вялікі гандаль з Лукашэнкам. І тады іх не бянтэжыла, што на чале гэтай краіны, як яны цяпер кажуць, стаіць крывавы дыктатар.

Можна тут розныя контраргументы высоўваць, але я б не стаў гэтую тэму развіваць, бо гэта неканструктыўна. Можна зразумець эмоцыі ўкраінцаў, калі на твой дом падаюць бомбы, калі гінуць твае родныя.

— Калі коратка, на вашу думку, чым гэтыя паўгода сталі для нашай краіны?

— Ніхто ў Беларусі не выйграў ад гэтай вайны, пачынаючы ад самаго Лукашэнкі. Як бы ён не храбыўся, не паказваў сябе верным саюзнікам. Як бы не ганіў украінцаў, якія нібыта самі вінаватыя, у тым што наклікалі на сябе гэтую «спецыяльную ваенную аперацыю», як кажуць рускія.

Ён апынуўся ў ролі марыянеткі Пуціна. На думку многіх, і на Захадзе, і ўнутры Беларусі, ён канчаткова страціў сваю палітычную суб’ектнасць, страціў самастойнасць. І цяпер мы бачым, што і эканоміка прасядае пад уплывам узмоцненых заходніх санкцый усё мацней і мацней. Вось ужо і пра дэвальвацыю загаварылі.

Мы бачым таксама, што і ў плане перспектывы аднаўлення кантактаў з Захадам вельмі пагоршыліся пазіцыі Лукашэнкі. Таму што з ім не лічаць патрэбным размаўляць, паколькі мяркуюць, што ён выключна выконвае волю Пуціна.

Дый беларускае грамадства — натапырыліся нават многія прыхільнікі ўладаў. Бо ім не хочацца, каб яны самі ці іхнія сыны гінулі ва ўкраінскім пекле. Усе ходзяць у крамы і бачаць, як цэны лятуць уверх. І гэта ж яшчэ толькі кветачкі.

Таму і ў плане электаральнай падтрымкі, якая і так не была высокай, Лукашэнка дадаткова страціў. З любога пункту гледжання, ягоная пазіцыя стала горшай.

І для ўсяго беларускага грамадства сітуацыя пагоршылася. Еўропа ўводзіць візавыя абмежаванні, ёсць праблемы з навучаннем моладзі ў ВНУ краінаў Еўразвязу. З легалізацыяй тых, хто выехаў туды акурат ратуючыся ад рэпрэсій беларускага рэжыму.

Бо некаторыя еўрапейскія палітыкі іншым разам, мякка кажучы, не надта разумна дзейнічаюць і з пляча сякуць акурат па тых, хто ад гэтай дыктатуры ратаваўся. 

Ніхто не выйграў. Можна сказаць, што вось цяпер болей папулярным стаў гэты сілавы сцэнар. Мы ведаем, што нават Святлана Ціханоўская ўвяла ў свой кабінет умоўнага міністра абароны. Але мне здаецца, што гэтая стаўка на сілавы сцэнар таксама шмат у чым ідзе ад адчаю. Менавіта таму, што пацярпеў паразу мірны пратэст.

Але гэта не азначае, што можна стварыць, як кажа той жа Вадзім Пракоп’еў, нейкую армію Андэрса, якая пераможна ўвойдзе ў Беларусь. Факт у тым, што і штабы праціўнікаў Лукашэнкі сёння знаходзяцца ў канцэптуальным крызісе. Лёс перамен у Беларусі пад вялікім пытаннем.

У прыватнасці таму, што ў Масквы застаецца дастаткова сіл, каб падтрымліваць рэжым Лукашэнкі. І таму трэба разглядаць праблему ў звязцы. Не толькі, як усталяваць дэмакратыю ў краіне, але і як абараніць магчымую новую беларускую рэвалюцыю ад імперыі. І пакуль адаказу на гэта пытанне я не чую ад апазыцыйных стратэгаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(21)