Филин

Валерыя Перапёлкiна

Класкоўскі: «Занадта далёка зайшло супрацьстаянне»

Аналітык — пра трыумф талібаў і беларускі рэжым, які «пішчом лезе ў сусветны парадак дня».

Амаль ва ўсе буйныя гарады Афганістана сцякаюцца ўцекачы. Фота Getty Images

У Афганістане набірае сілу супрацьстаянне дзяржаўных сіл і талібаў, якія захапілі значныя тэрыторыі ў сельскіх раёнах і разгарнулі наступ на буйныя гарады. Сотні афганскіх сілавікоў ужо здаліся баевікам.

Філін абмеркаваў з палітычным аглядальнiкам Аляксандрам Класкоўскім, наколькі верагодна, што крызіс у Цэнтральнай Азіі адцягне ўвагу ад Беларусі і выцісне яе з сусветнай інфапавесткі.

— Сапраўды, афганскі крызіс, трыумф талібаў ствараюць новую рэальнасць. І не толькі ў рэгіёне Цэнтральнай Азіі, але і ў сусветным маштабе.

Гэта будзе галаўны боль найперш для Злучаных Штатаў, таму што гэта глабальная дзяржава, якая вывела адтуль войскі і ў пэўнай ступені нясе нейкую і маральную адказнасць за тое, што там адбываецца. Рэхам гэты канфлікт будзе адбівацца і на Еўропе, Старым Свеце: у прыватнасці, можна чакаць плыняў мігрантаў. Зброя, тэрарызм — усе гэтыя пытанні, безумоўна, абвострацца.

Дарэчы, хачу зазначыць, што экспансія талібаў стварае праблемы і для Расіі. Магчыма, у пэўнай ступені ёй будзе не да Беларусі, таму што гаворка ідзе пра небяспеку для расійскай мяккай падбрушыны — Цэнтральнай Азіі, дзе знаходзяцца дзяржавы, якія ўваходзяць у АДКБ. Таму часткова ўвага Расеі будзе адцягнута туды.

Верагодна, гэта будзе неяк стрымліваць вялікадзяржаўныя памкненні Расіі на беларускім кірунку. Хоць рэжым Лукашэнкі зараз сам робіць усё, каб патрапіць у яшчэ большую залежнасць ад Масквы і развязаць рукі ў вырашэнні яе экспансіянісцкіх мэтаў.

А ці будзе беларускае пытанне ў кантэксце гэтага трыумфу талібану сыходзіць на другі ці трэці план у сусветным парадку дня?

Хачу зазначыць, што беларускі рэжым сёння сам пішчом лезе ў гэты парадак дня, сам пра сябе нагадвае. Калі б гаворка ішла толькі пра ўнутраныя рэпрэсіі, то, цынічна кажучы, Еўропе і Вашынгтону гэта было б не так блізка і не так іх кранала: ёсць шмат дэспатычных рэжымаў, якія таўкуць сваіх грамадзян.

Усё ж такі Захад можа выказваць сваю заклапочанасць, але ўлазіць ва ўнутраныя справы часта не хоча, бо ёсць нейкія геапалітычная, эканамічныя інтарэсы. Калі ўводзіць санкцыі супраць усіх недэмакратычных рэжымаў, дык не застанецца, з кім гандляваць. Кітай таксама недэмакратычны, але ж Захаду з ім даводзіцца мець справы, і ў вялікіх маштабах.

Беларускае кіраўніцтва ўзяло на ўзбраенне такія метады, што з донара стабільнасці, як некалі Макей казыраў, ды і сам Лукашэнка, цяперашні рэжым стаў якраз крыніцай рэгіянальнай нестабільнасці, непасрэдных пагроз у тым ліку і для ЕЗ.

У гэтым кантэксце варта ўзгадаць найперш скандальны інцыдэнт з пасадкай самалёта Ryanair, калі пад пагрозай апынуліся пералёты ў межах Еўразвязу і іхныя грамадзяне. І, канешне, красамоўны прыклад — мігранцкі крызіс на мяжы з Літвой. А цяпер не толькі з Літвой, але з Польшчай і Латвіяй, тамтэйшыя ўлады ўжо таксама б'юць у званы.

Калі ўзгадаць «вялікую размову» з кіраўніком рэжыму, то Лукашэнка працягваў пагражаць, маўляў, літоўцы могуць і па пысе атрымаць, калі будуць сябе кепска весці. Таксама намякаў, што акрамя мігрантаў, могуць і радыёактыўныя матэрыялы хлынуць у Еўропу, і ўзброеныя мусульманскія радыкалы там могуць з'явіцца.

Эксперт лічыць, што такія гібрыдныя метады на ўзбраенні беларускага рэжыму ствараюць непасрэдную небяспеку менавіта для краін Еўразвязу.

— І, мяркуючы па танальнасці дзяржаўнага кіраўніцтва, гэтых метадаў яно пазбаўляцца не хоча, а наадварот, бачыць у гэтым «наш адказ Чэмберлену» — так бы мовіць, адказ на санкцыі.

Таму афіцыйны Мінск сам будзе пра сябе нагадваць. І калі ён будзе ствараць новыя пагрозы Еўропе, то, натуральна, будзе і ўзмацненне санкцый, а беларускае пытанне па-ранейшаму будзе фігураваць на першых палосах сусветнай і еўрапейскай прэсы.

Зноў жа, калі вяртацца да расійскага чынніка, Лукашэнка і падчас гэтай «размовы» пачуваўся ўпэўнена, неаднойчы казыраў, маўляў, за мной Масква і Пуцін. Сапраўды, трэба прызнаць, што падтрымка Расіі сёння дапамагае рэжыму адчуваць пэўную беcпакаранасць і натхняе яго праводзіць такую палітыку. Якая, канешне, нічога добрага не абяцае ні Беларусі, ні суседнім краінам.

Але пакуль што іншых метадаў беларускае кіраўніцтва не бачыць, мяркуючы, што пайсці на нейкія саступкі — гэта недапушчальна, таму трэба падвышаць стаўкі, каб старая гнілая Еўропа рана ці позна зламалася і пагадзілася «перагарнуць старонку» на ўмовах беларускага рэжыму.

Але супрацьстаянне зайшло занадта далёка, таму вельмі праблематычна, што на ўмовах рэжыму Лукашэнкі можа адбыцца нейкае замірэнне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(58)