Могуць па некаторых кірунках узмацніць: адключыць некаторыя беларускія банкі ад SWIFT, абрэзаць яшчэ болей экспарт у Беларусь нейкіх тавараў.
Класкоўскі: «Адна рэч — рваць кашулю на грудзях і крычаць «трымайце мяне сямёра», а іншая рэч, калі сапраўды краіна становіцца мішэнню для ўдару»
Ці можа паўплываць на размяшчэнне расійскай ядзернай зброі папярэджанне новымі санкцыямі ЕС у дачыненні да Беларусі — Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.
ЕС гатовы адказаць новымі санкцыямі на анансаванае Уладзімірам Пуціным размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Пра гэта заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.
«Размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі будзе азначаць безадказную эскалацыю і пагрозу еўрапейскай бяспецы. Беларусь усё яшчэ можа гэта спыніць, гэта іх выбар. ЕС гатовы адказаць далейшымі санкцыямі», — напісаў у Twitter кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.
Ці можа гэтае папярэджанне падзейнічаць на беларускія ўлады?
— Думаю, што наўрад ці напалохаў Лукашэнку кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі, — мяркуе палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. — Некалі Сталін з’едліва пытаўся, колькі дывізіяў у папы рымскага, дык вось калі б ён ведаў класіку, напэўна, сказаў бы: колькі дывізіяў у кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі. Зразумела, што нуль.
Што тычыцца санкцый, напэўна, яны будуць узмоцненыя, але магчыма, толькі сімвалічна ў выпадку размяшчэння расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, бо як кажуць адмыслоўцы, ужо фактычна Еўропа дасягнула мяжы санкцый.
Але выкручваюцца неяк беларускія ўлады. Як вядома, яны лагістыку продажаў перабудавалі плюс імпартазамяшчэнне — болей тут, канешне, помпы, але нешта робіцца і ў гэтым кірунку. Мы бачым, што за год з лішнім вайны санкцыі не абвалілі ні расійскую эканоміку, ні беларускую. І паколькі Пуцін цяпер добра падсілкоўвае Лукашэнку, то нейкі рэзерв трываласці яшчэ ў беларускага рэжыму будзе.
Што можа спыніць — гэта Лукашэнка не вырашае як раз. Відавочна, што ў яго ёсць свае ядзерныя амбіцыі. Ён шмат разоў шкадаваў, што вось за Шушкевічам вывелі з Беларусі ядзерную зброю і з намі іначай размаўлялі б — гэта ягоная крылатая фраза. То бок, гэта такая мара ўсіх дыктатараў мець гэты дручок, каб баяліся зачапіць.
Мне здаецца, невыпадковая цяпер гэтая паўза — маўчанне Лукашэнкі, таму што ён можа да канца і не верыў, што Пуцін пойдзе на гэты крок і, магчыма, Пуцін яго нават і не папярэдзіў аб гэтым.
Таму што адна рэч — рваць кашулю на грудзях і крычаць «трымайце мяне сямёра», а іншая рэч, калі сапраўды краіна становіцца мішэнню для ўдару у адказ, а можа, нават і для прэвентыўнага ўдару ў выпадку, калі сапраўды свет апынецца ў сітуацыі ядзернага канфлікту.
Напэўна, Лукашэнка разгубіўся. Сёння ён у пасланні нешта скажа, але наколькі гэта будзе аргументавана, цяжка сказаць. І тут цяжка падабраць аргументы, таму што, як вядома, паводле леташняга жнівеньскага апытання Chatham House, 82 адсоткі беларусаў супраць размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў нашай краіне.
Шчыруюць прапагандысты, спрабуюць даказаць, што гэта крута, ніхто на нас не нападзе, наша бяспека ўзрастае, але ўсё гэта вельмі кволыя аргументы, таму што ў беларусаў сядзіць глыбока ў свядомасці «абы не было вайны», а тут зразумела, што рызыка патрапіць пад раздачу, ды так, што толькі застанецца радыёактыўны попел, вельмі ўзрастае.
Гэта нават страшней, чым было за савецкімі часамі, калі прапагандысты таксама ўзгадвалі, што вось была нашпігаваная Беларусь ядзернай зброяй і нічога страшнага не адбылося. Але тады, падаецца, у Крамлі былі разумнейшыя кіраўнікі — там было калектыўнае кіраўніцтва.
Нават, наколькі вядома, у пытанні ўводу войск ў Афганістан былі агарчыя спрэчкі, не тое, што Брэжнеў загадаў і пайшлі туды салдаты. А цяперашняе крамлёўскае кіраўніцтва, канкрэтна Пуцін, ужо многі аглядальнікі кажуць, што чалавек адарваўся ад рэальнасці, мякка кажучы, і ягоная авантоўнасць можа давесці свет да ядзернага апакаліпсісу.
Тым больш, што ідзе вайна ва Украіне, і паколькі там Расія прайграе, то апошнім аргументам можа стаць ужыванне тактычнай ядзернай зброі. А дзе тактычная, там можа быць ужытая і стратэгічная, то бок, гэта вялікая рызыка з улікам вайны ва Украіне і авантурнасці крамлёўскага кіраўніка.
Так што Лукашэнка трапіў ў вельмі цяжкую сітуацыю, але адкруціць ён нічога не можа, і таму што сам шмат разоў казаў, што адказаць трэба праклятым імперыялістам, і таму што вырашае Пуцін. А для Пуціна гэта момант гульні, гэта момант падвышэння ставак у ягоным шантажы Украіны і Захаду.
Пуцін невыпадкова адсечкі зрабіў храналагічныя, ён сказаў, што да 1 ліпеня будзе гэтае сховішча для ядзерных боезарадаў пабудавана ў Беларусі, з 3 красавіка навучанне пілотаў беларускіх пачынаецца. То бок ён дае Захаду час: падумайце, калі вы пойдзеце на нейкія саступкі, то можа я гэтага рабіць не буду. Падтэкст такі пуцінскай заявы.
Думаю, Вашынгтон адкручваць назад не будзе: Штаты ўжо раскусілі Пуціна з ягонымі пантамі ў стылі піцерскай шпаны. Тады Маскве прыйдзецца размяшчаць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі («пацан сказаў – пацан зрабіў»).
Лукашэнка тут будзе толькі статыстам, назіральнікам, Гаварыць ён будзе на гэтую тэму шмат, але фактычна сёння ступень залежнасці ад Крамля такая, што Лукашэнка выглядае марыянеткай, якая фактычна ўплыву на гэты сюжэт не мае.
— Як вы лічыце, ці можна чакаць нейкіх пратэстаў насельніцтва Беларусі супраць размяшчэння ядзернай зброі ў краіне?
— Малаімаверна. Можа, нейкія асобныя будуць акцыі, але такога кшталту падпольнага, партызанскага — не болей за тое. Таму што, па-першае, мы ведаем, які цяпер высокі ўзровень страху ў звязку з дзяржаўным тэрорам, які разгорнуты ў Беларусі, асабліва апошняя зачыстка пасля выбуху ў Мачулішчах, калі хапаюць усіх, хто трапляецца пад руку.
Па-другое, хаця адсотак тых, хто супраць размяшчэння расійскай ядзернай зброі, вельмі высокі, амаль што такі, як і супраць адпраўкі беларускіх салдат на Украіну, але ўсё ж такі гэта розныя пытанні па ступені чуллівасці.
Калі ўявіць сабе, што пайшлі труны з Украіны з поля бою — гэта трагедыя ў канкрэтных сем’ях, слёзы і гэта іншы эмацыйны напал. Ну а ядзерная зброя была шмат гадоў за савецкім часам, нікога надта не хвалявала. Цяпер болей трывожная сітуацыя, але гэта не тое, што пасля размяшчэння ў Беларусі заўтра нешта прынцыпова зменіцца тут.
Рызыка ўзрастае, але яна можа ніколі не рэалізаваца. То бок вастрыня ўспрымання гэтай сітуацыі не тая, якая была б, калі б паслалі беларускіх салдат на Украіну.
Читайте еще
Избранное