Ігар Карней, Радыё Свабода
Кітайцы завалодалі 120 гектарамі беларускай зямлі. На 100 гадоў

Беспрэцэдэнтныя льготы прадугледжаныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі для кампаній, якія будуць задзейнічаныя ў будаўніцтве заводу па вытворчасьці легкавых аўтамабіляў кітайскай маркі Geely ў Барысаўскім раёне.

Мясьціны, дзе разьмесьціцца кітайскі індустрыяльны парк

Гэтак, пры падрыхтоўцы праекту дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2014 год ураду даручана прадугледзець сродкі на фінансаваньне працаў на праектаваньне і будаўніцтва інжынэрнай і транспартнай інфрастуктуры. У сваю чаргу, Менскі аблвыканкам мусіць перадаць закрытаму акцыянэрнаму таварыству «БелДжы» ў арэнду на 99 гадоў зямельны надзел памерам амаль 120 гектараў у межах свабоднай эканамічнай зоны «Менск» для эксплюатацыі аб’ектаў прадпрыемства.

Згодна з указам, завод па вытворчасьці легкавых аўтамабіляў павінен быць збудаваны да 1 ліпеня 2019 году. Удакладняецца, што інвэстпраект рэалізуецца ў адпаведнасьці з мэмарандумам аб разьвіцьці супрацоўніцтва, падпісаным Міністэрствам прамысловасьці і кітайскай карпарацыяй «Джылі». Вызначаны заказчык у праектаваньні й будаўніцтве — сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства «БелДжы», зарэгістраванае на тэрыторыі СЭЗ «Менск». Яго заснавальнікі — прадпрыемства БелАЗ, карпарацыя «Джылі» і арганізацыя «Саюзаўтатэхналёгіі». Выніковая прадукцыя — легкавыя аўтамабілі маркі Geely.

Гаворыцца, што рэалізацыя ўказу дазволіць прыцягнуць інвэстыцыі ў стварэньне прадпрыемства магутнасьцю 120 тысяч аўтамабіляў на год. Пры гэтым 90% «канкурэнтаздольнай» прадукцыі плянуецца экспартаваць. Агульны кошт беларуска-кітайскага праекту ацэньваецца ў 650 мільёнаў даляраў, усе грошы — кітайскія.

Пры тым, што стаўленьне беларускіх спажыўцоў да кітайскіх аўто насьцярожанае, сам Аляксандар Лукашэнка перакананы: гэта якраз тое, што трэба беларускаму народу. Два дні таму, прымаючы прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча й кіраўніка Менскай вобюласьці Сямёна Шапіру, Лукашэнка заявіў, што вытворчасьць «айчыннага легкавога аўтамабіля» трэба паставіць у адзін шэраг з будаўніцтвам АЭС і рэалізацыяй праектаў у космасе:

«Тое, пра што марылі многія беларусы і, перш за ўсё, я — ажыцьцявілася. Беларускі аўтамабіль мы вырабілі разам з нашымі кітайскімі сябрамі і, паводле маіх дадзеных, прыкладна 2,5 тысячы прадалі ў мінулым годзе. Попыт на падобны тып аўто ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны».

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)