Филин

Юлiя Кот

Кірылюк: «Затрыманых успрымаюць як ваеннапалонных»

Юрыст у гутарке з Филином – пра прысуд сыну экс-прэтэндэнта у прэзiдэнты, палiтвязня Вiктара Бабарыкi.

Міхаіл Кірылюк

— Працэс Эдуарда Бабарыкі выглядае квінтэсенцыяй неправавых дзеянняў: 3 гады ў СІЗА, перакваліфікаванне абвінавачання на хаду, невыкліканне Віктара Бабарыкі ў якасці сведкі ў суд, хоць гэта і абяцалі зрабіць, і ў фінале — вырак і незалік у агульны тэрмін 1,5 гадоў у СІЗА…

— Дэ-факта гэта значыць, што яму далі не 8 год, а 9,5, — заўважае Міхаіл Кірылюк, юрыст, які бы пазбаўлены беларускімі ўладамі адвакацкай ліцэнзіі. — Калі меркаваць, што ўсё збудзецца так, як яны жадаюць.

Чаму ў працэсе столькі парушэнняў? Таму што яны не лічаць іх парушэннямі, не разглядаюць як судовы працэс. У іхняй логіцы да законаў справы адносінаў не маюць, гэта толькі мы спрабуем размаўляць у катэгорыях закону і казаць пра парушэнні.

На мой погляд, людзі, замяшаныя ў палітычным пераследзе і прысудах, разглядаюць гэта як вайну, а затрыманых успрымаюць як ваеннапалонных.

Вось ёсць Віктар Бабарыка, патэнцыйны генерал — яго ізалююць, ёсць яго сын — бяруць у закладнікі, і шантажуюць абодвух лёсам адзін аднаго, і нас усіх — іх лёсам.

Гэта падтрымліваецца дадаткова адмысловымі мэседжамі, як ананімка да Святланы Ціханоўскай, што яе муж, магчыма, ужо загінуў.

То бок, яны вядуць вайну без правілаў, прычым спосаб чымсьці падобны да паводзінаў тэрарыстычнай групоўкі «Вагнер».

Чалавек, які выконвае ролю суддзі, насамрэч кіруецца толькі загадам, а не высвятляе, што ўчыніў асуджаны, пад які артыкул крымінальнага кодэксу гэта падпадае і якое пакаранне трэба прызначыць, каб той, магчыма, яшчэ і выправіўся. Ягоны майндсет, вобраз мыслення скіраваны інакш: далі загад, каб чалавек сядзеў у турме 10 год, і трэба «намаляваць», як гэта будзе выглядаць.

Але ў памкненні зрабіць з праціўнікаў рэжыму спрэс злачынцаў, заўважае Міхаіл Кірылюк, сістэма падстаўляе сама сябе. Скажам, калі б стаяла задача даказаць ухіленне ад выплаты падаткаў — то Бабарыку-старэйшага, як банкіра, паводле логікі, хутчэй палічылі б галоўным у «злачыннай звязцы» падатковага крыміналу: выклікалі ў суд, зладзілі вочную стаўку і г.д.

— І наогул, каб дыскрэдытаваць прэтэндэнта ў прэзідэнты, арышт якога ў тым ліку стварыў найбольш вялікі ў Беларусі палітычны крызіс за апошнія 30 год, варта было б развязаць гэты крызіс не закрытымі, а публічнымі справамі. Каб пад камеры зняць усе сумневы: вось, глядзіце, ніякай палітыкі няма, звычайныя злачыцы ў асабліва буйных памерах. Але гэтага зроблена не было, усё адбылося наадварот.

Відавочна, што гэта палітычны пераслед, спосаб паказаць усім: калі вы захочаце калі-небудзь паўдзельнічаць у фарміраванні ўлады ў РБ, вось які лёс вас будзе чакаць. І гэта, напэўна, адзіны сэнс, які трэба шукаць у судовым рашэнні.

У выніку не тое што ўнутраныя разважанні лукашэнкаўскіх «правазнаўцаў» не адпавядаюць праву, гэтыя разважанні не адпавядаюць самі сабе.

Нікога яны ў «злачынствах» Бабарыкі-малодшага і Бабарыкі-старэйшага не пераканалі ні справамі, ні вынесенымі прысудамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)